Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску крэміруюць больш за палову нябожчыкаў. Як да гэтага ставяцца асноўныя канфэсіі


Фота ©Shutterstock
Фота ©Shutterstock

Днямі ў Ватыкане абвясьцілі, што прах крэміраваных нябожчыкаў нельга разьвейваць, дзяліць, захоўваць у хаце. Прах трэба пахаваць.

Новыя правілы, зацьверджаныя сёлета папам Францішкам, былі апублікаваныя адмыслова перад Дзядамі, паведамляе New York Times.

Свабода высьвятляла, як успрынялі гэты заклік у Беларусі.

У Беларусі толькі адзін крэматорый — у Менску

Менскі крэматорый
Менскі крэматорый

У беларусаў ніколі не было традыцыі разьвейваць альбо захоўваць у хаце прах сваякоў, у адрозьненьне ад Індыі, дзе прах нябожчыка разьвейваюць над Гангам. Калі ў нас так робяць, то звычайна выконваючы запавет памерлых.

Тым ня меней у Беларусі з кожным годам усё больш нябожчыкаў крэміруюць. У Менску, дзе з 1986 году дзейнічае адзіны ў краіне крэматорый, летась было крэміравана больш за 50% памерлых.

Расцэнкі менскага крэматорыя: крэмацыя без цырымоніі разьвітаньня каштуе 140 рублёў, з разьвітаньнем — 223 рублі. Цэны ніжэйшыя, чым у суседзяў. Таму ў Менск прывозяць крэміраваць нябожчыкаў зь Літвы, Расеі. Для замежнікаў тарыфы вышэйшыя.

Лідэр па колькасьці крэмацыяў — Японія, дзе 98% пахаваньняў адбываецца менавіта праз спальваньне нябожчыка. Немалую ролю адыгрывае прагматычны фактар — у невялікай краіне хранічна не хапае вольных тэрыторыяў.

У Беларусі крэміруюць больш, каб прах нябожчыка падзахаваць да сваякоў. І хоць жыхары абласных гарадоў — да прыкладу, Віцебску, Берасьця — таксама ўздымалі пытаньне, каб збудаваць там крэматорыі, пакуль што гэтага ня будзе. З чатырох сучасных печаў чэскай вытворчасьці ў менскім крэматорыі задзейнічаныя пакуль дзьве, кажа Сяргей Тур, намесьнік начальніка менскага «Спэцкамбінату КБА».

Калюмбарыі (сьцены для захоўваньня урнаў з прахам) ёсьць пры крэматорыі, на Ўсходніх, Паўночных, Чыжоўскіх, Заходніх могілках. Але часьцей за ўсё беларусы падзахоўваюць урны з прахам у магілы сваякоў.

Іслам і юдаізм забараняюць крэмацыю

Асноўныя канфэсіі ставяцца да крэмацыі цела пасьля сьмерці па-рознаму.

Будызм, індуізм, джайнізм, розныя адгалінаваньні пратэстанцтва і паганства дазваляюць крэміраваць і разьвейваць прах. А іслам і юдаізм — забараняюць.

Праваслаўе і каталіцызм адмоўна ставяцца да разьвейваньня праху, але крэмацыю дапускаюць.

Касьцёл дазваляе крэмацыю ў асобных выпадках

Ксёндз Вячаслаў Барок у інтэрвію Свабодзе кажа, што каталіцкі касьцёл у Беларусі цалкам падтрымлівае парады Ватыкану:

«Мы зыходзім з таго, што цела — гэта таксама справа Божая, што стварыў Бог ня толькі душу, але і цела чалавека. Мы верым, што чалавек зь мёртвых паўстане, і таму да цела мы ставімся зь вялікай павагай, нават пасьля таго, як цела памірае. І таму хрысьціянскія пахаваньні праходзяць так урачыста, так велічна, з малітвамі. Бо мы верым, што некалі адбудзецца ўваскрасеньне цела зь мёртвых.

Хаця, у прынцыпе, у асобных выпадках касьцёл дае дазвол на крэмацыю, бо мы верым, што Бог будзе ў стане ўваскрасіць цела і пасьля крэмацыі. Але каталіцкі касьцёл навучае, што да цела памерлага трэба адносіцца з павагай, і таму забараняецца прах продкаў захоўваць дома, разьвейваць яго, таму што парушаецца сакрум чалавечага цела, бо пакуль што памерлыя ня могуць быць з жывымі, а жывыя з памерлымі. І таму ёсьць вызначаныя месцы — могілкі, дзе цела памерлага чалавека павінна знаходзіцца. І гэта не канец усяго, бо на могілках мы ставім крыж — сымбаль перамогі Хрыста над сьмерцю. Мы верым у тое, што цела таксама ўваскрэсьне».

Царква таксама не забараняе крэмацыю, але...

Старшыня інфармацыйнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы протаярэй Сергій Лепін кажа, што крэмацыя — гэта не хрысьціянская традыцыя, яна прыйшла з Усходу ці ад паганства. Праваслаўе заўсёды выступае за традыцыйны спосаб пахаваньня памерлага — адданьне цела зямлі:

Сергій Лепін
Сергій Лепін

«Толькі ў выключных выпадках — калі чалавек памёр, да прыкладу, ад чумы, ці калі далёка ў акіяне немагчыма пахаваць нябожчыка ў зямлі, царква дапускае крэмацыю ці пахаваньне ў вадзе. Да цела чалавечага трэба ставіцца годна, з павагай. Гэта ня сьмецьце, каб цела спальваць у агні. Беларусь, дзякуй Богу, не Японія, у нас хапае тэрыторыі, каб хаваць памерлых у зямлі. І ня так ужо далёка могілкі разьмешчаныя, што да іх не дабрацца.

Часьцяком крэмацыя — гэта нават ня воля, не жаданьне, не тэстамэнт памерлага, проста родныя паступаюць, як ім зручней ці таньней, не задумваючыся ні пра душу, ні пра цела нябожчыка.

Так што праваслаўная царква выступае за традыцыйнае пахаваньне. Хоць мы чакаем уваскрасеньня незалежна ад таго, як пахавалі чалавека — у зямлі, вадзе ці крэміравалі».

Сьвятар Беларускай праваслаўнай царквы Аляксандар Шрамко кажа, што царква выступае за пахаваньне памерлага ў зямлі, але катэгарычнай забароны на крэмацыю няма:

Аляксандар Шрамко
Аляксандар Шрамко

«Традыцыйна праваслаўная царква лічыць больш адпаведным хрысьціянскаму сьветапогляду пахаваньне нябожчыка ў зямлі, бо гэта адлюстроўвае і падкрэсьлівае тое, што мы верым ва ўваскрасеньне: калі прыйдзе Ісус Хрыстос, паўстануць усе мёртвыя. Менавіта ў целе паўстануць, бо цела не разбураецца адмыслова.

Але ж мы ведаем, зь іншага боку, што некаторыя людзі гінуць у пажарах, аварыях, страчваюць цэласнасьць цела, і мы ня кажам, што гэтыя людзі не ўваскрэснуць. Але для выхаваўчай функцыі мы падкрэсьліваем, што пахаваньне ў зямлі дае большую магчымасьць уявіць гэтае ўваскрасеньне. Але катэгарычна казаць, што калі чалавека крэміруюць, то пазбаўляюць магчымасьці ўваскрасеньня, няправільна.

Крэмацыя ва ўсім сьвеце пашыраецца, і нічога тут непрымальнага няма. Яшчэ раз паўтаруся, лепш пахаваць чалавека традыцыйна, цела аддаць зямлі, гэта больш адпавядае хрысьціянскай традыцыі. Але калі сам чалавек завяшчае сябе крэміраваць, альбо родныя прымаюць такое рашэньне, відаць, яны маюць сваю рацыю, і нельга адмаўляць ці не дазваляць. Розныя ёсьць прычыны: пахаваць у зямлі дорага, ці далёка дабірацца да могілак. Я лічу, што забараняць крэмацыю ня варта».

Пратэстанты: хрысьціяне заўсёды хавалі ў зямлю

Пастар пратэстанцкай царквы «Ян Хрысьціцель» Антоні Бокун кажа, што крэмацыя — гэта не хрысьціянскі спосаб разьвітаньня з памерлым:

Антоні Бокун
Антоні Бокун

«Пратэстанцкая царква адмоўна ставіцца да крэмацыі. Увогуле на працягу многіх стагодзьдзяў адрозьненьне хрысьціянскіх пахаваньняў ад нехрысьціянскіх менавіта ў тым, што хрысьціяне не ажыцьцяўлялі спальваньне нябожчыка. Такі спосаб пахаваньня не вітаецца цэрквамі хрысьціян веры эвангельскай.

Калі глядзець з пункту гледжаньня гісторыі, сама ідэя крэмацыі на Захадзе пашырылася разам з распаўсюдам атэізму ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў. Акурат тыя людзі, якія не прызнавалі Хрыста і абвяшчалі сябе атэістамі, карысталіся крэмацыяй, зьвяртаючыся ці то да ўсходніх рэлігій, ці то да паганскай спадчыны. А хрысьціяне заўсёды хавалі ў зямлю. Гэта такі пэўны знак, што адбудзецца ўваскрасеньне мёртвых, мы ўваскрэсьнем у нашых целах. Як знак таго, што мы верым ва ўваскрасеньне цела, мы хаваем памерлых, а ня спальваем іх і не раскідаем іх попел.

Гэтае пытаньне зьвязанае ня столькі зь нейкім вызнаньнем веры, колькі са знакам таго, што Бог клапоціцца ня толькі пра нашы душы, але і пра наша цела таксама. Калі Ісус прыйдзе зноў, усе мёртвыя ўваскрэснуць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG