Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уся праўда пра Плошчу-2010: казаць ці не казаць


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

У асобе Ўладзімера Кондруся сама сабою ў полі публічнага абмеркаваньня ўзьнікла тэма Плошчы 2010 году – што гэта было насамрэч?

Абазначыўся водападзел грамадзкае думкі – кожны, хто спрабуе даць ацэнку пагрому ў Доме ўраду – той як бы за Лукашэнку, таму любая крытыка для дэмакратычнай публікі – табу. Нехта пасьпяшаўся назваць пагром на ўкраінскі манер Рэвалюцыяй Годнасьці, дарма што безь нябеснае сотні, якая адразу руйнуе недарэчную паралель, паказваючы розныя матывы народнага паўстаньня на майдане і нашага «штурму». Розныя як неба і зямля.

Паход на Дом ураду, пад завязку набіты амонам, быў клясычнай правакацыяй – безь ніякае рэалістычнае мэты. Дагэтуль ня вызначыліся – хто заклікаў ахоплены эўфарыяй натоўп ісьці з Кастрычніцкай на Незалежнасьці – у падрыхтаваную па поўнай праграме пастку. Дагэтуль не растлумачана – навошта? Дагэтуль ня выслаўлена, што стала дэтанатарам біцьця шкла, хто заклікаў і хто пачаў першы.

На кіеўскім майдане народны пратэст меў самую высокую цану – жыцьцё. Нават калі ты шматкроць слабейшы, але гатовы загінуць за ўласную і ўсіхную мэту, ты маеш шанец перамагчы. Ня варта гэтую цану параўноўваць з нашай ні ўва што не аформленай эўфарыяй, якая і кошту ня мела ніякага – не сфармавалася да такога ўзроўню. Людзі на Плошчы прыйшлі пратэставаць супраць вынікаў выбараў, а не здабываць свабоду, мяняць гісторыю, аддаць за гэта жыцьцё. І колькасна і якасна гэта была зусім ня тая «армія», якая магла распачынаць вайсковыя дзеяньні з хоць бы якім шанцам на посьпех.

Ці лідэры, якія прывялі народ да Дому ўраду, ня ведалі і ня бачылі гэтага? Ці яны ня бачылі пасткі? Калі ня ведалі і ня бачылі – трэба аддаць належнае іхнаму інфантылізму – як, зрэшты, і інфантылізму Кондруся, які штурмаваў амонаўскія шыхты. Калі ж ведалі і бачылі – тады ўвесь гэты паход трэба прызнаць адной вялікай правакацыяй, у якой Кондрусь і іншыя выканаўцы супрацьпраўных дзеяньняў сыгралі ролю правакатараў. Вынік быў цалкам прагназаваны – паводле сцэнару таго Лукашэнкі, супраць якога нібыта прывялі пратэставаць людзей камандзіры.

Інфантылізм або правакацыя – вось і ўся дылема таго, што адбылося 19 сьнежня 2010 году каля Дому ўраду. Праўда, ці так ужо істотна, ці была правакацыя вольнай ці міжвольнай, што і азначае інфантылізм.

Асобна трэба сказаць пра папрокі на адрас незалежных мэдыяў, якія, маўляў, ня мусяць расказваць пра падзеі ўсёй праўды, бо ўся праўда можа нашкодзіць удзельнікам правакацыі – што, магчыма, і адбылося з Уладзімерам Кондрусем. Але незалежная прэса – ня орган апазыцыі. А ўся праўда – гэта тое, што складае галоўную сілу незалежнага грамадзтва і галоўную яго надзею на перамены ў кірунку свабоды.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG