Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі каштуе школьнік


Школьны базары ў Горадні
Школьны базары ў Горадні

Гарадзенскі гарвыканкам падлічыў, што поўны камплект для дзяўчынкі малодшага школьнага ўзросту можа вагацца ад 250 да 550 рублёў. Для хлопчыка — ад 200 да 500. А насамрэч?

Пры цяперашніх цэнах на гарадзенскім школьным базары дзіця можна сабраць у школу ў сярэднім за тры з паловай мільёны.

Можна таньней, а можна і даражэй, але гэта толькі самыя неабходныя рэчы і толькі на аднаго школьніка.

Гарадзенскі школьны базар традыцыйна ладзіцца на Савецкай плошчы ў цэнтры гораду з паловы ліпеня і да пятага верасьня. Пакуль гандаль, як кажуць самі прадаўцы, ня надта ажыўлены, але ўсё роўна ўвесь час бацькі разам зь дзецьмі нешта прымяраюць і набываюць.

Больш людзей каля шапікаў, дзе прадаюць адзеньне і абутак, а менш — там, дзе канцылярскія рэчы. Спадарыня Тамара, якая разам з дачкой-пяціклясьніцай прымерваюць спаднічку і камізэльку, тлумачыць гэта тым, што найбольш затратна дзіця адзець і абуць, а вось канцылярскія рэчы набыць прасьцей, бо яны таньнейшыя.

Першае, на што зьвяртае ўвагу мая суразмоўніца: выбар ёсьць, але ўсё вельмі дорага. Яна падкрэсьлівае, што адзець і абуць пяціклясьніцу — гэта такія самыя выдаткі, што і на дарослага чалавека:

«Ну вось купілі дзяўчынцы штаны — 300 тысяч, блюзку — 350 тысяч, туфлі сьціплыя — 450 тысяч. А больш пакуль нічога не набылі. Паглядзела заплечнік для дзяўчынкі, таксама сьціплы — 350 тысяч, а той, які падабаецца, — 500 тысяч. Зьменны абутак дадайце, красоўкі, сукенку. Я нават ня ўлічваю канцылярскія прадметы — прыкладна каля трох з паловай мільёнаў набіраецца».

Жанчына цяжка ўздыхае і кажа, што выхоўвае дзяўчынку сама. Цэны не адпавядаюць заробкам, бо працуе няпоўны тыдзень, плацяць два з паловай мільёны.

Дапамагаюць ейныя бацькі з свае пэнсіі, а інакш ня ведала б, як адправіць дзіця ў школу. Яшчэ ўзгадвае, што затраты пачнуцца, калі дзяўчынка пойдзе вучыцца, бо тады кожны тыдзень на нешта трэба здаваць грошы, і так амаль цэлы год.

А вось ужо мама і тата выбіраюць адзеньне з двума сынамі. Адзін зь іх, Алесь, ідзе ў чацьвертую клясу, а Антон — першаклясьнік. Алесю дапамагае прымерваць кашулю мама, а тата Алеся і Антона распавядае, што да школы пачынаюць рыхтавацца зь зімы, бо так адразу купіць усё неабходнае для дваіх хлопцаў — дорага:

«Мы наколькі тут бачым, то хлопцам яшчэ складаней усё купіць, чым дзяўчаткам. Усё вельмі дарагое. Гарнітур для першаклясьніка — мільён, вось толькі што прымервалі», — без настрою кажа бацька.

Ягоная жонка падае старэйшаму сыну прымераць кашулю:

«Паглядзіце, вось гэтая кашуля, звычайная, для дзіцяці каштуе 284 тысячы. Гэта тое самае, што і даросламу купляць. Вунь яшчэ адна — 360 тысяч. Тое самае і з абуткам: туфлі ня менш як 600 тысяч, а яшчэ ж хочацца, каб скураныя былі, каб дзіця трохі панасіла».

Бацька кажа, што як ні круці, а на аднаго хлопца, каб яго цалкам укамплектаваць у школу, каля чатырох мільёнаў трэба рыхтаваць:

«Таму мы і пачынаем рыхтавацца зь зімы. Цяпер толькі адзеньне бяром, бо дзеці ўвесь час растуць, а астатнія рэчы ўсе куплялі ўзімку. Нам, вядома, нявыгадна тут усё купляць, бо на дваіх зарабляем пяць з паловай мільёнаў. Раней хоць у Польшчу езьдзілі, маглі большасьць адзеньня там на ўсю сям'ю набыць. А цяпер такой магчымасьці няма».

Прадавачка Аліна, якая дапамагала выбіраць кашульку, кажа, што на школьным базары цэны найніжэйшыя ў горадзе. На рынку ўсё даражэйшае:

«Ведаеце, у гэтым годзе заўважаю, што людзі пытаюцца пра тое, што таньнейшае. Вельмі адчуваецца, што няма грошай. Дый наплыву да нас вялікага няма. Зразумела, што пойдуць бліжэй да школы. Але што народ зьбяднеў, тое вельмі адчувальна».

Канцылярскія прылады Наста выбірае з мамай, у яе ў руках сьпіс з 28 найменьняў. Выбар, паводле Насты і мамы, вялікі, праўда, і цэны розьняцца. Дзяўчынка, як высьветлілася, ня вельмі патрабавальная і кажа маме, што будзем ашчаджаць грошы. І вось Наста падлічвае, колькі будуць каштаваць ейныя патрэбы:

«Ну вось пад рукой альбомы для маляваньня ад 16 тысяч, каляровая папера — 25 тысяч, плястылін 25 тысяч, а ёсьць і даражэйшы, фарбы — 25 і вышэй, алоўкі каляровыя — 35 тысяч, дзёньнік — 16 тысяч 800 рублёў, сшытак звычайны — 1 тысяча 200… Сьпіс з 28 канцылярскіх рэчаў, практычна самых танных, абыходзіцца амаль у 300 тысяч. Палітычную карту сьвету купляць ня буду, ёсьць старая, а ў сьвеце, здаецца, нічога не зьмянілася. Вось я маміны грошы трошкі зэканоміла».

Маладая прадавачка Ірына кажа, што ня ўсе дзеці выбіраюць танныя рэчы. Ейная суседка, якая ідзе ў 10 кляс, падлічыла, што падрыхтоўка да школы ёй абышлася ў восем з паловай мільёнаў, і гэтым яна засталася незадаволеная:

«Калі хто грошы мае, то купляюць усё замежнае. А яно, як правіла, нятаннае, праўда, і якасьць іншая. Адзін спартовы гарнітур і фірмовыя красоўкі каштуюць каля двухсот даляраў. Але гэта як хто можа, у каго наколькі кішэня дазваляе».

Адмыслоўцы ўпраўленьня гандлю гарадзенскага гарвыканкаму, у сваю чаргу, падлічылі, што поўны камплект для дзяўчынкі малодшага школьнага ўзросту можа вагацца ў цане ад двух з паловай да пяці з паловай мільёнаў недэнамінаваных рублёў. Для хлопчыка — ад 2 да 5 мільёнаў. У старэйшым школьным узросьце — ад трох да пяці з паловай мільёнаў для дзяўчынкі і ад двух з паловай да пяці з паловай для хлопчыка.

Аднак нават школьны базар паказвае, што ў гэты разьлік уваходзяць толькі самыя неабходныя рэчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG