Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія дзеці павінны вучыцца ў беларускай школе


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Як бы і рэзкаваты лёзунг, але і лёгіка ў ім безумоўная. Толькі не прыпомню, каб нешта падобнае ў Беларусі гучала шырока. І сам лёзунг я ўзяў у іншай нацыі – пра чэскіх дзяцей і чэскую школу.

Як гэта выглядала на практыцы? Прага, пачатак 20-га стагодзьдзя, успамінае Гуга Бэргман (аднаклясьнік Кафкі): «У непасрэднай блізкасьці ад Нямецкай пачатковай школы знаходзілася чэская школа-канкурэнт, каля ўваходу ў якую ўзвышаўся бюст чэскага пэдагога Яна Амоса Каменскага і былі напісаныя праграмныя словы: «Чэскае дзіця павінна вучыцца ў чэскай школе!» То былі гады зацятае барацьбы за кожнага вучня паміж нямецкай Школьнай радай і Маціцай чэскай».

У беларускім руху за школу агітавалі таксама, але не сказаць, каб зацята, за кожнага вучня, дый праграмы такой яснай не было. Што наводзіць на думку пра глыбіню нацыянальнага адраджэньня і ягоныя вынікі. Мне нават уявілася, што і адраджэньня як такога ў нас не было, была пэўная прыстрэлка, рэпэтыцыя.

Помню размову з Барысом Сачанкам, які казаў, што школа можа быць любой, галоўнае, на якой мове дзіця гадуецца дома. І я яго разумеў, бо беларускіх школ у беларускіх гарадах да перабудовы не было ўвогуле. Толькі расейскія. Адсюль і такі настрой у пісьменьнікаў-паэтаў – «Ах, як далёка нам яшчэ да Беларусі». Думаю, герой «Чужой бацькаўшчыны» не зразумеў бы Ніла Гілевіча, бо проста сказаў польскаму паліцыянту: «А што яе шукаць, яна ж пад нагамі». Як тая ўлада ў Лукашэнкі, якая «валялася пад нагамі». Ён і падняў.

Глыбіня адраджэньня залежыць ад ясна пастаўленых задач. Зразумела, што школа тут на першым месцы. У нас таксама нібыта ёсьць Маціца беларуская – ТБШ, толькі не відаць яго і не чуваць. Не хачу нікога пакрыўдзіць, але што гэта не галоўная арганізацыя ў беларускім руху – факт.

На маю думку, усё пачынаецца з цэнтральнага пасылу – Беларусь перад усім. Гадоў дваццаць пяць таму ў беларускім руху на гэты конт быў кансэнсус – Беларусь, а потым усё астатняе.

І неяк каталікі, праваслаўныя, пратэстанты, гамафобы, крывічы і літвіны, дэпутаты, камуністы і антыкамуністы мелі гэта на ўвазе. Пасьля гэты рух распаўся менавіта па тых падзелах, якія датуль лічыліся другаснымі, прыватнымі. Плюс дадаліся асабістыя несумяшчальнасьці, нежаданьне мяняцца, прызнаваць памылкі і мноства ўсякіх іншых прычын ня быць разам. Бо не маглі ўсе стаць пяцідзясятнікамі ці геямі ці камуністамі ці дэпутатамі. Як, дарэчы, і ўладай ці апазыцыяй.

Магчыма, той кансэнсус беларускага руху быў найвялікшым яго дасягненьнем і стаў найвялікшай ягонай стратай. Цяпер, здаецца, палец пакажы, і адразу знойдуцца тыя, хто з табой у разьведку ня пойдзе. Выглядае, што новага кансэнсусу мы ўжо не дасягнем, бо ня маем адзінай на ўсіх рэлігіі, адзінага на ўсіх лібэралізму ці кансэрватызму, і мовы адзінай на ўсіх у нас няма. А гэта значыць, што вырашаць нейкія задачы «ўсёй нацыяй» немагчыма. Хоць, калі задумацца, тваё веравызнаньне ці твой атэізм, твая полавая арыентацыя, як, дарэчы, і твая праўладнасьць ці апазыцыйнасьць – твая прыватная справа і да беларушчыны ня мае ніякага дачыненьня.

Магчыма, самая кансэнсусная сёньня сфэра – якраз школа. І гэтыя простыя і ясныя праграмныя словы: Беларускае дзіця павінна вучыцца ў беларускай школе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG