Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У цэнтры Беларусі ствараецца адзін з самых прывабных у сьвеце афшораў»


Удзельнічаюць: Валер Каліноўскі, Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч.

Карбалевіч: З 25 траўня, то бок з моманту публікацыі на прававым партале, пачынае дзейнічаць прэзыдэнцкі ўказ № 166 ад 12 траўня «Аб удасканаленьні спэцыяльнага прававога рэжыму Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень». Указ уводзіць для рэзыдэнтаў парку новыя льготы, якія былі ўзгодненыя з кітайскімі кампаніямі.

Хачу нагадаць, што ўжо з моманту стварэньня парку там былі прадугледжаныя значныя льготы. Аднак, паколькі інвэстыцыі не ішлі, то давялося ўводзіць новыя.

Указ прадугледжвае найперш больш спрыяльныя падатковыя ўмовы. Рэзыдэнты парку вызваленыя ад «увазнога» падатку на дабаўленую вартасьць, ад падатку на прыбытак на працягу 10 гадоў, ад выплаты падатку на нерухомасьць і зямельнага падатку ў поўным памеры на 50 гадоў. Таксама ўказ прадугледжвае зьніжэньне парогу ўваходжаньня ў парк: калі раней кошт інвэстпраекту павінен быў быць ня менш за 5 млн даляраў, то цяпер гэтая сума можа быць у 10 разоў ніжэйшая — 500 тысяч даляраў ЗША. Гэта адкрывае дарогу ў парк сярэдняму бізнэсу, кажуць экспэрты.

Існаваньне парку ў пэўным сэнсе супярэчыць правілам існаваньня Эўразійскага эканамічнага саюзу.

То бок, як канстатуюць спэцыялісты, у цэнтры Беларусі ствараецца адзін з самых прывабных у сьвеце афшораў. Калі б такія ўмовы стварылі для беларускіх гаспадарчых суб’ектаў, то сытуацыя ў эканоміцы была б значна лепшая. Але льготы даюцца не беларусам, а кітайцам.

Дарэчы, існаваньне парку ў пэўным сэнсе супярэчыць правілам існаваньня Эўразійскага эканамічнага саюзу, якія прадугледжваюць роўныя ўмовы для ўсіх суб’ектаў гаспадараньня. І пакуль невядома, як адрэагуюць на гэта іншыя чальцы саюзу.

Але зусім ня факт, што гэтыя льготы моцна прывабяць замежных, найперш кітайскіх, інвэстараў. Пакуль што зарэгістравана 13 рэзыдэнтаў — і гэта за пяць гадоў. Надта мала. Прычым калі парк толькі ствараўся, то меркавалася, што там будуць выпускаць інавацыйную прадукцыю на падставе высокіх тэхналёгій. А цяпер гатовыя рэгістраваць любога інвэстара. Бо ў рэальнасьці там рэалізуецца толькі адзін праект — лягістычны цэнтар. І яшчэ пачалі будаваць завод кандэнсатараў. Гэта зусім не высокія тэхналёгіі.

Глод: Пра тыя вялікія льготы, якія дае Беларусь, даволі падрабязна расказаў Валер Карбалевіч. Але я хачу згадаць яшчэ дзьве. Я зьвярнуў увагу на тое, што патэнцыйныя інвэстары і рэзыдэнты Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень» змогуць знаходзіцца ў Беларусі бязь візы на працягу 180 сутак у каляндарным годзе. Гэта прадугледжана тым жа ўказам № 166. А тлумачыцца такая мера тым, што спэцыфіка праекту, ягоны міжнародны статус і навізна для Беларусі патрабуюць прыцягненьня на працу ў парк вялікай колькасьці замежных спэцыялістаў. Таму ўказам замацаваны бязьвізавы ўезд у Беларусь прадстаўнікоў патэнцыйных інвэстараў і рэзыдэнтаў.

«Вялікі камень» выглядае прывабным праектам не для беларускіх прадпрыемстваў, для беларускага бізнэсу, а для замежнага — найперш кітайскага.

Таксама прадугледжана магчымасьць найманьня замежнымі кампаніямі працоўных-імігрантаў. Гэтую норму ўвялі для замежных генпадрадчыкаў пры будоўлі аб’ектаў парку за кошт ільготных крэдытаў кітайскіх банкаў, якія патрабуюць, каб у будаўніцтве абавязкова прысутнічаў кітайскі складнік.

І тут я пагаджаюся з Валерам Карбалевічам, што «Вялікі камень» сапраўды выглядае прывабным праектам. Але прывабным не для беларускіх прадпрыемстваў, для беларускага бізнэсу, а для замежнага — найперш кітайскага.

Я зьвярнуў увагу на тое, што нават менскія ўлады ўжо разумеюць, што могуць апынуцца ў дрэнным становішчы, бо ўсё аддаецца замежнікам. Так, ёсьць задума перанесьці ў «Вялікі камень» мотавелазавод. Пра гэта сказаў кіраўнік раённай адміністрацыі Ленінскага раёну сталіцы Пётар Шостак. Як ён лічыць, такі перанос вытворчасьці ў кітайска-беларускі індустрыяльны парк дапаможа вырашыць шмат якія пытаньні і, самае галоўнае, захаваць айчынны брэнд.

Айчынны брэнд, айчынны бізнэс, як мне падаецца, — гэта тыя, хто можа пацярпець ад гэтага парку. Бо некаторыя экспэрты кажуць, што тэхналёгіі, якія прынясе «Вялікі камень», будуць не разьвіваць, а нішчыць мясцовых, беларускіх вытворцаў.

Карбалевіч: Справа ў тым, што правілы парку прадугледжваюць рэзыдэнцтва толькі замежных інвэстараў. Калі «Мотавела» належаў бізнэсоўцу Мураўёву, то завод лічыўся замежным прадпрыемствам. Цяпер Мураўёў у турме, завод нацыяналізавалі, і ён ня можа быць рэзыдэнтам парку.

Каліноўскі: Да апошняга часу ў індустрыяльным парку, на які так шмат спадзеваў ускладалася ў Менску, было няшмат кампаніяў — раней 9, цяпер 13. Самая вялікая — China merchants group, гэта буйная лягістычная кампанія, якая асабліва разьлічвае на праекты ў рамках Вялікага шаўковага шляху.

Пакуль інтарэс выяўляюць выключна кітайскія кампаніі. Учора генэральны дырэктар парку «Вялікі камень» Лі Хайсінь сказаў, што праз два гады парк выйдзе на эфэктыўную працу, там чакаюць і амэрыканскія кампаніі.

Указам Аляксандра Лукашэнкі з 26 траўня для рэзыдэнтаў Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень» будуць створаныя сапраўды беспрэцэдэнтныя льготы — выключны прававы рэжым вядзеньня камэрцыйнай дзейнасьці, нашмат больш спрыяльны, калі параўноўваць з умовамі для бізнэсу ў астатніх галінах гаспадараньня.

Апроч таго, прадугледжваецца стварэньне ў «Вялікім камені» зоны свабоднага гандлю, узгадненьне з адміністрацыяй графіку кантрольных праверак, паніжэньне мінімальнага парогу інвэстыцый і г.д.

З прычыны татальнага дзяржаўнага кантролю і адсутнасьці гарантыяў бясьпекі капіталу ад нацыяналізацыі Беларусь уваходзіць у лік краін з падвышанай рызыкай вядзеньня бізнэсу.

Адной з прычын падобнай палёгкі аналітыкі называюць падвышэньне канкурэнцыі з боку краін-суседзяў і партнэраў па Эўразійскім эканамічным саюзе. Аналягічныя зоны з прывабнымі прэфэрэнцыйнымі ўмовамі актыўна ствараюцца ў Расеі, Казахстане, Літве. Адпаведна, патэнцыйным інвэстарам трэба прапаноўваць нешта ня менш прывабнае.

А дзейнічаць, мяркуючы па ўсім, трэба неадкладна. Пагадненьне аб стварэньні Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку падпісалі пяць гадоў таму, але дагэтуль пад яго дахам усяго, паўтаруся, 13 рэзыдэнтаў — пры тым, што чацьвёра атрымалі такі статус на мінулым тыдні.

З прычыны татальнага дзяржаўнага кантролю і адсутнасьці гарантыяў бясьпекі капіталу ад нацыяналізацыі Беларусь уваходзіць у лік краін з падвышанай рызыкай вядзеньня бізнэсу. Але калі будуць такія беспрэцэдэнтныя льготныя ўмовы, то можа што і атрымаецца.

Выглядае, што ў Кітаі ўхвалілі палітычнае рашэньне разьвіваць гэты парк як вузлавы пункт Шаўковага шляху. Гэта было пацьверджана падчас апошняга візыту Лукашэнкі ў Пэкін. Індустрыяльны парк у Смалявіцкім раёне будзе адным з 50 інавацыйных кітайскіх цэнтраў на Шаўковым шляху. Для яго ўжо ёсьць пляцоўка, ільготы і палітычнае супрацоўніцтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG