Чарговы герой перадачы «Інтэрвію тыдня» — намесьнік старшыні Партыі БНФ, кандыдыт у прэзыдэнты на выбарах 2010 году Рыгор Кастусёў. Ён тлумачыць, чаму усё ж прыняў прапанову вылучацца на пасаду старшыні Партыі БНФ; заяўляе, што застаецца кансэрватарам, і заклікае да абʼяднаньня ўсіх нацыянальна-патрыятычных арганізацыяў.
— Давайце пачнем з самага галоўнага на сёньняшні момант — чаму вы пагадзіліся вылучацца на пасаду старшыні Партыі БНФ? Яшчэ да апошніх выходных сытуацыя была зусім іншая — у цяперашнім кіраўніцтве партыі быў кансэнсус наконт таго, каб падтрымаць на пасаду старшыні Вольгу Дамаскіну. Нават альтэрнатыўны кандыдат, Ільля Дабратвор, казаў мне ў «Інтэрвію тыдня», што ён вырашыў вылучацца, калі даведаўся, што не вылучаецца Рыгор Кастусёў. І вось у мінулую суботу зьяўляецца інфармацыя, што магілёўская суполка вылучыла вас на старшыню. Адкуль такая перамена, што здарылася?
— Ведаеце, за гэты час у мяне адбылося шмат сустрэч зь сябрамі партыі, з прадстаўнікамі розных рэгіёнаў, з маімі сябрамі па жыцьці. І ад усіх іх гучалі выказваньні, што мне неабходна вылучацца на пасаду старшыні партыі. Такія выказваньні гучалі на самым сурʼёзным узроўні, і я ў выніку пагадзіўся, што мне трэба выставіць сваю кандыдатуру. Я вельмі паважаю тых людзей, якія таксама зьбіраюцца вылучацца, вельмі паважаю Вольгу Дамаскіну, мы даўно зь ёй знаёмыя. Але калі ёсьць такое меркаваньне сярод маіх сяброў, я вымушаны ўлічваць думку людзей, да якіх я заўсёды прыслухоўваўся.
— Дык цяпер вы зьяўляецеся кандыдатам ад кіраўніцтва партыі і яно падтрымлівае на пасаду старшыні менавіта вас?
— Я не магу казаць за ўсё кіраўніцтва, гэта даволі шмат людзей — старшыня, намесьнікі, управа, Сойм. Я б не выказваўся са свайго боку, што ўсё кіраўніцтва падтрымлівае менавіта Кастусёва. Ёсьць розныя думкі, розныя падыходы.
— Ці вы прадбачыце, што на зьезьдзе будзе гарачая барацьба за старшыню? Ці, можа быць, тыя кандыдаты, яія раней заявілі пра сваё жаданьне ісьці на пасаду, цяпер, пасьля вашага вылучэньня, пад цяжарам вашага аўтарытэту могуць проста зьняць свае кандыдатуры?
— Магчымыя ўсялякія варыянты, і мне было б прыемна, каб яны падтрымалі маю кандыдатуру. Але я б не выказваў упэўненасьці, што яны абавязкова здымуцца. Мне нават здаецца, што зьявяцца новыя людзі, якія заявяць пра свой намер вылучацца на пасаду старшыні партыі БНФ.
— Давайце ўсё ж расставім кропкі над і. Чаму раптам вы ўсё ж вырашылі вылучацца? Відавочна ж, што і раней да вас прыходзілі, прапаноўвалі, але вы не пагаджаліся. А што здарылася, чаму вы зьмянілі сваю думку? Выкажу сваю вэрсію: можа быць, Вольга Дамаскіна нешта «ня так» сказала ці зрабіла, і ў выніку кіраўніцтва партыі вырашыла, што вы будзеце больш надзейным кандыдатам?
У той складанай сытуацыі, у якой цяпер знаходзіцца партыя, мой досьвед можа спатрэбіцца
— Я б не сказаў, што гэта рашэньне кіраўніцтва партыі — адставіць Дамаскіну, а вылучаць Кастусёва. Такога няма. Я думаю, Дамаскіна будзе вылучацца на зьезьдзе. Я вырашыў вылучацца з той прычыны, што ў мой бок пайшлі масавыя выказваньні тых сяброў, да якіх я прыслухоўваюся. І мне былі прыведзены такія факты і доказы аб неабходнасьці майго вылучэньня, што я вырашыў пагадзіцца.
І я думаю, што мой досьвед кіраўніцтва абласной арганізацыяй, праца намесьнікам старшыні партыі сьведчаць, што я маю навыкі высокага ўзроўню. І ў той складанай сытуацыі, у якой цяпер знаходзіцца партыя, мой досьвед можа спатрэбіцца.
— Якой будзе ваша праграма на зьезьдзе? Яна будзе больш накіраваная на захаваньне традыцыяў у БНФ ці на рэзкія перамены, якія, на вашу думку, сасьпелі?
— Я ўсё ж хутчэй кансэрватар. Таму лічу, што тыя традыцыі, якія ў партыі склаліся, трэба захаваць. Мяне найбольш хвалюе, што ў многіх рэгіёнах партыйныя структуры зьніклі. Маё асабістае веданьне тых людзей, якія былі ў партыі, дае шанец для аднаўленьня гэтых структураў. Бо як гэта так — людзі ёсьць, але няма структураў? Менавіта такі падыход я прымяню, каб аднавіць суполкі ў тых рэгіёнах, дзе яны разбурыліся.
Па-другое, я, як чалавек з пэўным жыцьцёвым досьведам, заўсёды імкнуся складаць пляны на больш далёкую пэрспэктыву. Гляджу наперад, і таму мяне хвалюе 2020 год, калі адбудуцца прэзыдэнцкія і, магчыма, у той жа год і парлямэнцкія выбары. Гэта той рубікон, дзе партыя павінна праявіць сябе па максымуме. Для гэтага трэба рыхтаваць людзей і структуры, для гэтага трэба працаваць ужо сёньня.
Чаму б да БНФ не далучыцца «Маладому Фронту»?
— Вы жывяце ў Шклове. Як вы зьбіраецеся адтуль кіраваць партыяй?
— Я ўжо займаюся гэтым пытаньнем, Відавочна, мне трэба будзе пераважна знаходзіцца ў Менску. У 2010 годзе, калі я быў кандыдатам у прэзыдэнты, я больш часу быў у Менску і рэгіёнах. Гэта невялікая праблема. Ёсьць сябры, якія дапамогуць у гэтым пляне.
— У сувязі з набліжэньнем зьезду у шэрагах актывістаў Партыі БНФ усё часьцей абмяркоўваецца ідэя абʼяднаньня Партыі БНФ і КХП БНФ. Як вы ставіцеся да гэтай ідэі?
— Ідэя такога абʼяднаньня ў маёй галаве існуе вельмі даўно. І ў Аляксея Янукевіча станоўчае стаўленьне да яе. Я гэтую ідэю выказваў і ў СМІ. Былі размовы пра збліжэньне і з прадстаўнікамі КХП БНФ, але, на жаль, такія нашы захады пакуль ня мелі вялікай станоўчай рэакцыі з боку КХП БНФ.
Я б увогуле разглядаў ідэю абʼяднаньня ў больш шырокім спэктры. Чаму б да БНФ не далучыцца «Маладому Фронту»? Прынамсі наладзіць больш цесныя кантакты і супрацоўніцтва. І ня толькі яны, але і многія нацыянальна-патрыятычныя арганізацыі. Усе тыя, у каго ў падмурку закладзеныя менавіта адраджэньне незалежнасьці Беларусі — эканамічнай, вайсковай, палітычнай; адраджэньне мовы, культуры.