Сьпявак Лявон Вольскі хацеў асабіста выступіць на менскім «Сьвяце Незалежнасьці» 25 сакавіка, але яму давядзецца выступаць праз тэлемост.
Лявон Вольскі тлумачыў, што яшчэ летам мінулага году пагадзіўся выступіць у польскім Беластоку на мерапрыемстве да 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Час выступу такі, што ён ніяк не пасьпеў бы даехаць зь Менску да Беластоку: выступ у Беластоку а 18-й паводле менскага часу (17 гадзін па Варшаве), а канцэрт ля менскага опэрнага пачынаецца а 14-й). Сьпявак сьцьвярджае, што разглядаўся нават варыянт палёту на гелікоптэры, ды ў Беластоку няма адпаведнага аэрапорту.
Як сьцьвярджае Вольскі, ён і арганізатары менскага канцэрту два тыдні спрабавалі дамовіцца з арганізатарамі беластоцкай імпрэзы, каб перанесьці выступ на іншы дзень ці прынамсі некалькі гадзінаў, але беластаччане казалі, гэта немагчыма.
Рашэньне беластоцкага аргкамітэту на старонках «Нашай Нівы» раскрытыкаваў шэф-рэдактар газэты Андрэй Дынько: маўляў, уразіла «парафіяльнасьць» мысьленьня.
Старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы і адзін з арганізатараў беластоцкага канцэрту Алег Латышонак пацьвердзіў Свабодзе: перанос выступу Вольскага ў Беластоку немагчымы.
«Мы ад чэрвеня [2017 году] з Вольскім дамовіліся, рыхтаваліся месяц, падрыхтавалі ўсю праграму, надрукавалі запрашэньні, нам ужо позна нешта мяняць, — кажа Латышонак. — Праграма падрыхтаваная на 500 чалавек, мы ня можам мяняць усё ў апошні момант.
Канцэрт у Менску для нас ня ёсьць такой падзеяй, дзеля якой можна мяняць шматмесячную падрыхтоўку мерапрыемства. На мой погляд і погляд іншых чальцоў аргкамітэту, гэта ня ёсьць такая ўжо вялікая падзея, каб мы практычна адмаўляліся ад сваёй. Мы таксама беларусы і маем права сьвяткаваць».
Ён абураецца: «людзі не разумеюць», як гэта — ладзіць такі канцэрт, ужо «каторы дзень пра верталёт расказваюць».
Паводле Латышонка, перанесьці выступ Вольскага немагчыма, «як ні глядзелі на той графік».
Хто выступіць на «Сьвяце незалежнасьці» ў Менску
На менскі канцэрт 25 сакавіка арганізатары плянуюць сабраць да 25 тысяч чалавек. У афішы гурты Akute, Dzieciuki, «Мутнаевока» і «Разьбітае сэрца пацана», сьпевакі Ігар Варашкевіч, Кася Камоцкая, Пятро Клюеў і Юры Стыльскі, музычная праграма «Сьпеўнага сходу» і выступ актораў «Свабоднага тэатру», бліжэй да сьвята будуць анансаваныя таксама іншыя выступоўцы. На плятформе Talaka.by арганізатарам менскага канцэрту сабралі на момант публікацыі 87% неабходных сродкаў (ёсьць таксама іншыя шляхі ахвяраваньняў).
Мітынгі-канцэрты 25 сакавіка ўжо таксама дазволеныя ў Берасьці (там маюць выступіць гурты :B:N:, Re1ikt і іншыя) і Горадні (туды запрасілі N.R.M., вядуць збор грошай на канцэрт), у Лідзе ўлады і мясцовыя актывісты зладзяць канцэрт у музэі, дазволаў чакаюць у яшчэ некалькіх гарадах.
Паплечнікі палітыка Міколы Статкевіча падалі ў Менгарвыканкам заяўку на шэсьце 25 сакавіка, а сам Статкевіч казаў, што правядзе шэсьце, нават калі яно ня будзе санкцыянаванае ўладамі. Кіраўніцтва аргкамітэту сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР адмежавалася ад ініцыятываў Статкевіча.