Калёніі № 22 пад Івацэвічамі і № 13 у Глыбокім стануць адзінымі ўстановамі, дзе будуць адбываць асуджаныя паводле артыкулаў, зьвязаных з наркотыкамі. Гэтак вырашылі ў Міністэрстве ўнутраных спраў, кіруючыся дэкрэтам Аляксандра Лукашэнкі № 6 «Аб неадкладных захадах па супрацьдзеяньні незаконнаму абароту наркотыкаў».
У калёніі № 22, якую часта называюць «Воўчыя норы», будуць зьмяшчацца тыя, хто ўпершыню асуджаны па «наркатычным» артыкуле, а ў калёнію ў Глыбокім накіруюць тых, хто раней адбываў пакараньне за падобнае злачынства, але ня стаў на шлях выпраўленьня. З гэтых калёніяў ужо пачалі пераводзіць у іншыя месцы адбыцьця пакараньня вязьняў з артыкуламі, не зьвязанымі з наркотыкамі, паведаміла ўстанова абароны правоў вязьняў «Плятформа інавэйшн».
Вызваленыя месцы запаўняюцца вязьнямі, якіх асудзілі па «наркатычных» артыкулах у 2015 годзе. Аднак вязьняў, якія ўжо адбываюць пакараньне па гэтых артыкулах у іншых калёніях, адмыслова звозіць у Глыбокае і «Воўчыя норы» ня будуць. Гэтак запэўніў міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч. Галоўны міліцыянт паведаміў таксама, што ў калёніях № 13 і 22 будуць створаныя адмысловыя ўмовы для вязьняў — былых наркаманаў ці распаўсюднікаў наркотыкаў.
Чым будуць адрозьнівацца гэтыя ўмовы ад умоваў у звычайных калёніях?
У адміністрацыі Глыбоцкай калёніі адмовіліся паведаміць, у чым гэтая розьніца, спаслаўшыся на загад кіраўніцтва дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. З супрацоўнікам жа калёніі «Воўчыя норы» ў рэжыме ананімнасьці адбылася наступная размова:
«У нас пакуль нічога не зьмянілася. Нас не зьбіралі і не даводзілі, што павінна мяняцца. Усё як звычайна. А этапы паводле дэкрэту № 6 ідуць і ідуць», — паведаміў супрацоўнік.
Чаму выбар быў зроблены на карысьць калёніяў у пасёлку Воўчыя Норы і ў Глыбокім?
Эдуард Лобаў адбыў у «Воўчых норах» амаль 4 гады. Паводле яго, калёнію № 22 маглі выбраць з прычыны пэўных асаблівасьцяў гэтай зоны.
«Там вялікая мэдычная частка. Памерам яна з барак, у якім цэлы атрад знаходзіцца. Адпачатку, як узяліся перарабіць былую вайсковую частку ў калёнію, там меліся зрабіць нейкую мэдычную ўстанову, але не набралі мэдычнага пэрсаналу, бо далёка пэрсаналу езьдзіць. Цяпер, магчыма, там нешта прыстасуюць для лячэньня вязьняў-наркаманаў».
Эдуард Лобаў згадаў, што ўтрыманьне вязьняў, якія раней былі зьвязаныя з наркотыкамі, у калёніі ніяк не адрозьнівалася ад утрыманьня іншых вязьняў.
«Гэта былі ў асноўным маладыя, якіх злавілі на распаўсюдзе наркотыкаў. Розныя часткі 328 артыкула, але часьцей — 3 частка. Гэта ад 5 да 10 гадоў. Такія звычайна кажуць, што больш ня будуць гэтым займацца, але калі выходзяць, то часта ўцягваюцца ў тыя ж справы. Чаму? Бо асяродзьдзе застаецца тое самае, а ў мазгах нічога не мяняецца».
Паводле Эдуарда Лобава, у калёніі «Воўчыя норы» слабая вытворчая база, каб забясьпечыць працай усіх вязьняў, таму на перавыхаваньне былых наркаманаў працай у калёніі Эдуард Лобаў не спадзяецца.
Рэцыдывісты наркатычнай злачыннасьці будуць зьмяшчацца ў калёнію № 13 у Глыбокім. Былы вязень гэтай калёніі Зьміцер Дашкевіч мяркуе, што яе абралі з-за асаблівасьцяў будынку. Гэта былы кляштар, у якім з 1939 году разьмясьцілася турма.
«Раней гэта была калёнія асаблівага рэжыму, там утрымлівалі нават тых, хто атрымаў пажыцьцёвае зьняволеньне. Там камэрная сыстэма. У адрозьненьне ад калёніяў, дзе баракі па сто ці больш-менш гэтулькі чалавек, або іх разьбіваюць на гэтак званыя кубрыкі на прыкладна 20 вязьняў, у Глыбокім камэры на 10 ці каля таго чалавек. Мяркую, у гэтай калёніі адміністрацыі будзе лягчэй кантраляваць гэтых злачынцаў».
Паводле Зьмітра Дашкевіча, цяпер у калёніях утрыманьне асуджаных за злачынствы, зьвязаныя з наркотыкамі, адрозьніваецца толькі адным: іх пошту, пасылкі, рэчы больш пільна аглядаюць, бо баяцца, каб ім не перадалі наркотыкі з волі. «Але там шмат наркаманаў, якія і ў зоне знаходзяць, чым сябе „парадаваць“: дыхаюць клей, вараць нейкія самагоны, труцяць сябе яшчэ нейкімі атрутамі», — дзеліцца ўспамінамі былы палітвязень Зьміцер Дашкевіч.
Але там шмат наркаманаў, якія і ў зоне знаходзяць, чым сябе «парадаваць»
5 гадоў таму Андрэй С. вызваліўся пасьля адбыцьця пакараньня за распаўсюд наркотыкаў. Андрэй даўно раскаяўся ў тым, што спакусіўся на лёгкі заробак і пагадзіўся стаць наркакур’ерам. Ці будзе карысьць у тым, каб злачынцаў за наркотыкі зьмяшчаць у асобныя зоны? Андрэй мяркуе, што гэта спрацуе, калі такіх людзей сапраўды ўдасца ўцягнуць у працэс перавыхаваньня.
«Калі я сядзеў у калёніі на Кальварыйскай, то наш артыкул нічым не вылучалі ад іншых, з намі ніяк асабліва не працавалі, не выхоўвалі. А ў такіх спэцыяльных калёніях, калі будзе іншы падыход, то вынік можа быць лепшы. Але патрэбна праца псыхолягаў, мэдыкаў, выхавацеляў, а ня толькі ізаляцыя ў нейкім канцэнтрацыйным лягеры. Інакш будзе проста абмен злачынным досьведам і наладжваньне новых сувязяў. Але галоўнае, трэба даходліва патлумачыць людзям, наколькі наркотыкі небясьпечныя і тым, хто іх ужывае, і тым, хто на іх зарабляе. Толькі тады карысьць ад такіх калёніяў будзе», — мяркуе былы асуджаны па 328 артыкуле Андрэй С.