Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канадцы ўчынілі разгром беларусам у Празе


Алег Гарошка супраць Тэйлага Гола
Алег Гарошка супраць Тэйлага Гола

Хакейная зборная Беларусі разгромна прайграла супэрнікам з Канады ў ¼ фіналу на чэмпіянаце сьвету ў Чэхіі.

Першую шайбу канадзкі брамнік беларусаў Кевін Лаланд прапусьціў ужо на 27-й сэкундзе матчу, а ўсяго за 60 хвілінаў канадцы забілі супэрнікам 9 галоў. Больш заакіянскія хакеісты «адгружалі» на ўсясьветным першынстве толькі немцам і аўстрыйцам — па 10. Беларусы адказаць галявымі момантамі так і ня здолелі.

Такім чынам, выхаванцы Дэйва Льюіса пакуюць чамаданы і вяртаюцца дадому. Спадзяваньні заўзятараў на цуд ня спраўдзіліся — спробы цягацца ў клясе з «кляновымі лістамі» пакуль бясплённыя.

Дзеля справядлівасьці, нямногія з аматараў хакею разьлічвалі, што беларусам увогуле ўдасца трапіць у стадыю плэй-оф, на што сьведчыць зусім нязначная беларуская прысутнасьць на трыбунах. Зрэшты, па такім выніку можна суцешыць сябе тым, што лепш заашчадзіць, чым плаціць немалыя грошы за карціну зьбіцьця слабога моцным.

Тым ня меней, агулам сёлетні чэмпіянат сьвету зборная Беларусі можа занесьці сабе ў актыў. На групавой стадыі выхаванцы канадзкага трэнэра Дэйва Льюіса прадэманстравалі клясны хакей, толькі аднойчы без варыянтаў капітуляваўшы перад расейцамі (0:7).

Дэйв Льюіс у часе матчу
Дэйв Льюіс у часе матчу

У астатніх сустрэчах барацьба вялася на роўных: чатыры перамогі над камандамі Славеніі (4:2), Даніі (5:1), ЗША (5:2) і Нарвэгіі (3:2), а паміж імі прыкрыя паразы пры роўнай гульні ад славакаў у авэртайме 1:2 і 2:3 па булітах у паядынку зь фінамі. У плэй-оф беларусы выйшлі з 4-га месца, маючы 14 ачкоў. Для параўнаньня, каманда Швайцарыі на аналягічнай пазыцыі мела толькі 10 выніковых пунктаў.

Аднак з супэрнікам у плэй-оф яўна не пашанцавала: зборная Канады — адзіная на турніры, якая выйграла ўсе матчы ў групе з фантастычнай розьніцай шайбаў +35. Пры такой гульні адаз на пытаньне чэмпіёнства праглядаецца дачасна.

Алег Івенка супраць Джэйсана Спэццы
Алег Івенка супраць Джэйсана Спэццы

Выглядае, што каманда Беларусі па выніках усясьветнага першынства фінішуе на 7-й пазыцыі, апярэдзіўшы швайцарцаў, якія сёньня саступілі 1:3 супэрнікам са Злучаных Штатаў Амэрыкі. Месца ў «васьмёрцы» выгоднае тым, што дазволіць прыняць алімпійскую кваліфікацыю да зімовых Гульняў-2018 на хатняй пляцоўцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG