Прызнаньне палітвязьнем заснавальніка сайту 1863.com, блогера Эдуарда Пальчыса (псэўданім у інтэрнэце — Джон Сільвер) можа паўплываць на тое, ці вызваляць яго, ці ён трапіць у турму сама меней на 5 гадоў. Такім быў ляйтматыў першага паседжаньня грамадзкага камітэту «Свабоду Эдуарду Пальчысу», якое адбылося 13 чэрвеня ў Менску ў офісе БНФ. Камітэт прыняў шэраг рашэньняў па правядзеньню кампаніі салідарнасьці з Эдуардам Пальчысам, сярод якіх асноўны пункт — прызнаньне яго палітвязьнем.
Блогер зь Ліды Эдуард Пальчыс, які на сваім сайце зьмяшчаў артыкулы супроць расейскай імпэрыі, быў у траўні экстрадзіраваны з Расеі ў Беларусь і цяпер знаходзіцца ў Жодзінскай турме. «Беларускія ўлады могуць спыніць перасьлед блогера да выбараў, калі ён будзе прызнаны праваабаронцамі палітвязьнем, на што, на нашу думку, цалкам мае права», — мяркуе вядомая праваабаронца, былы палітвязень Кацярына Садоўская.
Што вядома пра ўтрыманьне Эдуарда Пальчыса за кратамі?
«На мінулым тыдні Эдуард Пальчыс быў на „Валадарцы“, а пасьля акцыі салідарнасьці зь ім каля муроў СІЗА яго перавезьлі ў турму ў Жодзіна. Як вядома, там умовы горшыя за іншыя падобныя ўстановы, да таго ж у Жодзіна складаней дабірацца. Таму, мяркуем, такі пераезд — ня проста праз недастачу месцаў. На „Валадарцы“ да Пальчыса не пускалі адваката, хоць і прынялі для яго пасылку ад бацькоў. Што будзе ў Жодзіне, пакуль невядома — ад яго адтуль зьвестак няма.
Мы заклікаем працягваць кампанію салідарнасьці з Эдуардам Пальчысам, бо гэта знакавая фігура: калі зь ім расправяцца, дык ніякі беларускі блогер, змагар за незалежнасьць, ня зможа адчуваць сябе ў бясьпецы», — паведаміў сябра камітэту салідарнасьці, сустаршыня БХД Павал Севярынец.
Паводле Сьледчага камітэту, Эдуарду Пальчысу выстаўленыя абвінавачаньні па трох артыкулах крымінальнага кодэксу. Гэта распальваньне нацыянальнай варожасьць, распаўсюд матэрыялаў парнаграфічнага зьместу і парушэньне падпіскі аб нявыезьдзе падчас сьледзтва. Грамадзкі камітэт мяркуе, што расьсьледаваньне справы Эдуарда Пальчыса ўлады будуць цягнуць да парлямэнцкіх выбараў, каб не было пэўных падстаў для прызнаньня блогера палітвязьнем.
«Мяркуем, праваабаронцы выкажуцца наконт справы Пальчыса, але і грамадства мае права выказаць меркаваньне. Мы будзем рыхтаваць грамадзкую экспэртызу матэрыялаў, якія зьмяшчаў на сваім сайце Эдуард Пальчыс, далучым да экспэртызы вядомых у Беларусі гісторыкаў і грамадзкіх дзеячаў. Першае паседжаньне прызначана на 21 чэрвеня», — расказала сябра камітэту «Свабоду Эдуарду Пальчысу» рэжысэр дакумэнтальнага кіно Вольга Мікалайчык.
9 чэрвеня каля «Валадаркі» прайшла акцыя салідарнасьці з Эдуардам Пальчысам — пікет з патрабаваньнем свабоды блогеру. Але ў пікеце ўзялі ўдзел толькі 7 чалавек, дык ці варта працягваць акцыі салідарнасьці ў падобным фармаце?
Апазыцыйны палітык Зьміцер Дашкевіч нагадаў, што артыкулы з сайту 1863.com чыталі, ухвалялі і распаўсюджвалі праз сацыяльныя сеткі сотні наведнікаў інтэрнэту. Як далучыць да кампаніі салідарнасьці гэтых людзей, не асабліва схільных да вулічнай палітычнай актыўнасьці? Паводле Зьмітра Дашкевіча трэба шукаць такія формы акцый, якія б не адпужвалі, а прыцягвалі людзей. Сустаршыня «Маладога фронту» прапанаваў правесьці кампанію салідарнасьці праз паштоўкі з подпісамі за вызваленьне Эдуарда Пальчыса. Акрамя таго камітэт «Салідарнасьці» заклікаў дасылаць лісты падтрымкі Эдуарду Пальчысу наўпрост у Жодзінскую турму.
Таксама сябры камітэту вырашылі падрыхтаваць паручніцтва аб вызваленьні Эдуарда Пальчыса і сабраць пад ім подпісы вядомых грамадзкіх дзеячаў Беларусі.