Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Джон Сільвер адзін змагаўся як цэлы авіяносец, таму яму не даравалі ФСБ і КДБ», — Севярынец


Павал Севярынец на пікеце
Павал Севярынец на пікеце

У Менску каля СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага прайшоў пікет салідарнасьці з Эдуардам Пальчысам, стваральнікам сайту 1863x.com і блогерам, якога ФСБ арыштавала ў Расеі і выдала Беларусі.

Другі тыдзень Эдуарда Пальчыса, вядомага ў інтэрнэце пад імем Джон Сільвер, утрымліваюць на «Валадарцы». Блогера, які выступаў супроць акупацыі Расеяй часткі Ўкраіны і за незалежнасьць Беларусі, абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу. Яму інкрымінуюць распальваньне варожасьці, распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў і парушэньне падпіскі пра нявыезд.

«Свабоду Пальчысу!», «Незалежнасьць!», «Свабоду палітвязьням!», «Жыве Беларусь!» — гэтыя ды іншыя лёзунгі гучалі пад мурамі турмы на Валадарскага цягам гадзіны.

У пікеце ўзялі ўдзел болей за 7 актывістаў, у тым ліку Павал Севярынец, Максім Вінярскі, Павал Пракаповіч, Вольга Мікалайчык, Натальля Гарачка-Басалыга.

Міліцыянты склалі пратаколы на ўсіх удзельнікаў пікету, але нікога не затрымлівалі і не перашкаджалі праводзіць акцыю.

Паводле Паўла Севярынца, супраць Эдуарда Пальчыса аб’ядналі свае дзеяньні расейскі ФСБ і беларускі КДБ, паколькі блогер адзін праз свой сайт рабіў болей за шмат каго з апазыцыі дзеля незалежнасьці Беларусі. Таксама, паводле актывіста, Пальчыс стаў ахвярай перасьледу за сваю непрымірымую пазыцыю адносна акупацыі Расеяй Крыму і часткі ўсходняй Украіны.

«Джон Сільвер адзін змагаўся як цэлы авіяносец, таму яму не даравалі ФСБ і КДБ», — мяркуе Павал Севярынец.

Адносна абвінавачаньня Эдуарда Пальчыса ў распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў Севярынец мяркуе, што гэта правакацыя спэцслужбаў.

«Гэтак рабілася і ў савецкія часы — ім трэба ня толькі арыштаваць, але і запляміць таго, хто зь імі змагаецца», — сказаў Севярынец.

Палітык заклікаў выказваць салідарнасьць з Эдуардам Пальчысам, а ў выпадку, калі беларускі суд яго асудзіць, прызнаць Пальчыса палітвязьнем.

У панядзелак 13 чэрвеня а 18 гадзіне ў офісе БНФ мае адбыцца паседжаньне камітэту салідарнасьці з Эдуардам Пальчысам, сказаў Павал Севярынец.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG