«Паведамляем Вам, што з 27 ліпеня 2016 году камісія кампаніі Global Blue за выплату кампэнсацыі наяўнымі па чэку Tax Free, зварот па якім складае больш за 50 эўра, складзе 3 эўра», — гаворыцца на сайце Тэхнабанку.
Прычым заплаціць камісію давядзецца за кожны чэк, па якім сума выплаты большая за 50 эўра. Кол-цэнтар банку патлумачыў, што плаціць камісію давядзецца і па чэках, аформленых да 27 ліпеня.
З 1 ліпеня 2015 году кампанія Global Blue ўжо ўводзіла камісію за вяртаньне грошай па чэках Tax Free. Тады сума камісіі складала 1 эўра за кожны чэк, па якім сума для выплаты перавышала 10 эўра. Але крыху пазьней кампанія адмовілася ад гэтага. Камісію пакінулі толькі па чэках Global Blue, аформленых у Нямеччыне.
Вярнуць грошы па чэках Tax Free ў Беларусі праз кампанію Global Blue можна ў трох аддзяленьнях Тэхнабанку. Падатак на дададзеную вартасьць можна вяртаць яшчэ празь дзьве кампаніі — Tax Free Worldwide і Premier Tax Free, якія таксама бяруць камісію.
Камісію не давядзецца плаціць тым, хто купляе тавары ў літоўскіх крамах, якія працуюць з кампаніяй LITOFOLIJA.