Украінская сям’я Міхаіла і Лілі Чапліных уратавалася ад вайны ў спакойнай Беларусі. Тут яны атрымалі дах над галавою, працу, уладкавалі дзяцей і нават параілі пераехаць сюды бацькам і замужняй сястры.
«А нас не заб’юць?»
У Дэбальцаве жыцьцё ў Міхаіла складалася няблага. Скончыў чыгуначны тэхнікум, рабіў майстрам дыстанцыі пуці. Пайшоў па шляху бацькі, таксама чыгуначніка. Ажаніўся зь дзяўчынай, якая адвучылася ў тым жа тэхнікуме, была дзяжурнай на пераезьдзе. Пабудавалі дом у дэбальцаўскім пасёлку з рамантычнай назвай — 8 сакавіка. Гадавалі сына і дачку.
Сын Аляксандар таксама пайшоў у тэхнікум на чыгуначніка. І тут — вайна.
Зь вясны 2014 году Дэбальцава было пад кантролем сэпаратыстаў ДНР. У другой палове ліпеня таго ж году ўкраінскія войскі распачалі наступ на дэбальцаўскім напрамку і занялі горад. Утварыўся шырокі выступ паміж ДНР і ЛНР — дэбальцаўская дуга.
Пачаўся зацяжны канфлікт, ад якога цярпела мірнае насельніцтва. Міны і снарады пачалі залятаць на людзкія сядзібы. Сусед Чапліных раніцай выйшаў сабачку пакарміць — мінай разарвала.
«Дачцы Насьці восем гадоў было, — расказвае Міхаіл. — Сядзіць яна ў мяне на каленях, уся ў камячок сьціснулася. Пытаецца: „Тата, а нас не заб’юць?“»
Звычайна падчас абстрэлаў Чапліны, як і ўсе, хто толькі мог, хаваліся ў склепе.
«Выйшаў раз на вуліцу, чую сьвіст працяжны. Памкнуўся было бегчы назад, але нешта мяне стрымала. Упаў на зямлю, ляжу. Тут і бабахнула, акурат каля маёй брамкі міна прызямлілася. Каб пабег, сустрэліся б немінуча», — згадвае галава сямейства.
Украінскія вайскоўцы стаялі непадалёк ад пасёлку 8 сакавіка, дзе жылі Чапліны. Міны ды снарады, што выпускалі сэпаратысты па афіцыйных узброеных сілах, заляталі ў дэбальцаўскія мікрараёны — пасёлкі, як іх тут называюць.
«Не было б Эўрамайдану, не было б і вайны»
Міхаіл тлумачыць, што надзвычай многія ягоныя землякі схільны былі падтрымліваць цесныя стасункі з Расеяй. Лічылі, што гэта выгадна для эканомікі рэгіёну. Чый бізнэс выяўляў там найбольшы інтарэс, Міхаілу невядома. Кажа, што гэта ўжо палітыка, сфэра для яго закрытая, куды ён і сам лезьці ня надта ахвочы. Але была праца, былі ў людзей заробкі.
Украінец згадвае, што сам ён зарабляў на той час на чыгунцы тры з паловай тысячы грыўняў (430 даляраў ў канцы 2013-га, 220 даляраў — у канцы 2014-га — РС).
«Не было б Эўрамайдану, не было б і вайны. Людзі паверылі ў казку. Думалі, уступіць Украіна ў Эўразьвяз, будуць зарабляць усе па пяць тысяч эўра ў месяц. У Гішпанію будуць езьдзіць бясплатна ды мандарыны есьці. Але ж так не бывае», — разважае Міхаіл.
Пра тое, што гэта Расея распачала ўзброены канфлікт ва Ўкраіне ды акупавала частку яе тэрыторы, мужчына ня згадвае.
Перасяленец кажа, што некаторыя яго знаёмыя падаліся ў апалчэньне, каб абараняць ДНР.
«Сам я не хадзіў і не зьбіраўся. У мяне праца, дзеці. Дзяцей трэба было ратаваць. Думалі, параўноўвалі. Ну, і абралі Беларусь — краіна спакойная, суседняя. За ўрэгуляваньне канфлікту на Данбасе выступае», — кажа Міхаіл.
Плюсам на карысьць Беларусі было й тое, што бацька ў Лілі — беларус. Бабуля зь Беларусі. Гомель выбралі, бо ён найбліжэй да Ўкраіны. Навучальныя ўстановы ёсьць па профілі сына, цягнікі наўпрост у Харкаў, у Кіеў.
Ліля дадае, што канчаткова вырашылі зьяжджаць, калі сын наадрэз адмовіўся хавацца ў склепе. Надакучыла такое жыцьцё.
«Прынялі як чаканых гасьцей»
У Гомлі, па словах Міхаіла, ягоную сям’ю сустрэлі прыязна. Хутка паставілі на ўлік у службе па міграцыі і грамадзянстве, без маруджаньня выдалі від на жыхарства. Мэдычную камісію прайшлі задарма — улады вызвалілі ад платы.
Спыніліся на першым часе ў далёкіх сваякоў, зь якімі да гэтага, па сутнасьці, не стасаваліся.
«Наведаліся на біржу. Бачым, патрабуюцца жывёлаводы ў аграгарадку Вышамір у Рэчыцкім раёне. Дом сямейным даюць. Паехалі, паглядзелі — і перабраліся ў вёску. Фэрма, вядома, не чыгунка, але ж перабіраць не выпадала. Патрэбны быў свой кут і сталая праца», — кажа Міхаіл.
Абжыцца ўкраінскай сям’і дапамагалі вяскоўцы, дырэкцыя саўгасу «Фрунзе-Агра», таварыства Чырвонага Крыжа.
«Саўгас даў аўтамашыну, каб перавезьліся. Мы пакуль прыехалі, дом быў напалены. Паўкалідора было прадуктаў: бульба, сала, закаткі з гароднінай. Людзі і ложкі прынесьлі, і крэслы — усю мэблю. І пазьней прыносілі. Ня ўсіх нават імёны ведаю. Дзякую ўсім», — дадае ўкраінец.
Ён прыгадвае, што турбаваўся за сына. Аляксандар даздаў экзамэны ў чыгуначным тэхнікуме, і яго залічылі на трэці курс: «Мы Гомель пакідалі, а яму трэба было заставацца і жыць у інтэрнаце».
Статусу уцекачоў не прасілі
Міхаіл паклікаў і бацькоў сваіх ратавацца ў Беларусі, і замужнюю сястру, якая падалася была з мужам у Расею, а пасьля таксама пераехала ў Вышамір.
Два гады Чапліны даглядалі ў Вышаміры саўгасную жывёлу. Сын Аляксандар да тае пары скончыў тэхнікум і ўладкаваўся на працу ў лякаматыўнае дэпо.
Памеркавалі Чапліны, патлумачылі ў саўгасе сытуацыю — і вярнуліся ў Гомель. Міхаілу знайшлася праца на чыгуначнай станцыі Іпуць. Нанялі кватэру. Ліля ўладкавалася ў школу тэхнічкай.
Статус уцекачоў Чапліны не прасілі. Кажуць, беларусы іх і так добра прынялі. А што той статус уцекача дадасьць, украінец нават не цікавіўся.
«У будучыню асабліва не зазіраю, — шчыра прызнаецца Міхаіл. — Хачу сьпярша вывучыць дзяцей».
Дачка ў Чапліных ходзіць у восьмую клясу, сын вучыцца на завочным аддзяленьні Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту транспарту.
Тры гады Чапліны пражылі ў Беларусі, а яшчэ праз чатыры ім можна падаваць заяву на атрыманьне беларускага грамадзянства.
На беларускія парадкі ўкраінец асабліва не наракае. Заўважае толькі, што на працы патрабаваньні больш жорсткія, чым ва Ўкраіне. На радзіме — бестэрміновая дамова, у Беларусі — часовы кантракт. Людзі мацней заціснутыя.
Міхаіл кажа, што ягоны дом у Дэбальцаве, як высьветлілася, ацалеў. Праўда, налічылі пару дзірак у шыфэрным даху, ды шыбы з вокнаў павыляталі ад выбухаў.
«Бібліятэкі шкада. Я толькі Пікуля ды Дзюма прыхапіў з сабою, але ж багата кніжак засталося», — з жалем успамінае ўкраінец як пра нешта страчанае назаўсёды.
Пасьля жорсткіх баёў у лютым 2015 году ў горадзе гаспадараць сэпаратысты.
Бацькі Чапліна: «У маіх сватоў сын у ДНР»
Сяло Новагрыгораўка ўсяго за пяць кілямэтраў ад Дэбальцава. Тут, на ўскрайку сяла, і выгадавалі пяцёра дзяцей Ніна і Віктар Чапліны, бацькі Міхаіла. Кабета нейкі час была вясковым фэльчарам, а пасьля працавала ў дэбальцаўскім шпіталі мэдсястрою хірургічнага аддзяленьня. Муж, Віктар Міхайлавіч, рабіў на чыгунцы.
«У Дэбальцаве была царква, я туды ледзь не да самага ад’езду хадзіла. Іду, бывала, у царкву, а снарады з вогненнымі хвастамі ляцяць то ў адзін бок, то ў другі» — кажа 75-гадовая спадарыня Ніна.
Паводле перапісу, у Дэбальцаве 64 адсоткі — украінцаў, 32 — расейцаў, і менш за адзін адсотак — беларусаў і цыганоў. Але ўсе жылі дружна. Жанчына і цяпер ня можа зразумець, як гэта людзі падзяліліся.
«У мяне свацьця ёсьць. Дык сын у яе — у ДНР, — кажа Ніна Канстанцінаўна. — І яна таксама зразумець ня можа, чаму ён там апынуўся».
Пазыцыі ўкраінскіх войскаў на пачатку 2015 году былі паблізу дома Чапліных — на месцы колішняй фэрмы вайскоўцы зладзілі сабе бліндаж.
Снарады пачалі прылятаць у вёску з пазыцый прыхільнікаў ДНР. Не абыходзілася без ахвяраў.
Калі аднаго разу ў доме Чапліных павыляталі шыбы ад блізкіх выбухаў, вырашылі ўцякаць.
«Парэзалі трусоў, качак, — кажа Ніна Канстанцінаўна, — напакавалі дзьве сумкі, узялі дакумэнты, сёе-тое з адзеньня — і наўцёкі. Вывез нас на машыне хлапец, які прывозіў з Арцёмаўску хлеб у нашу вёску».
У Арцёмаўску (пасьля ўкраінскай дэкамунізацыі 2016 году — Бахмут. — РС) ў Чапліных жыве меншы сын Аляксей, але заставацца там не выпадала. Стралялі, вайна разгаралася.
Ніна і Віктар выехалі ў Палтаву да свайго сярэдняга сына Канстанціна. А ўжо адтуль — да іншага сына ў Беларусь.
«Цяпер у нас з мужам, — дадае Ніна Канстанцінаўна, — від на жыхарства ў Беларусі да 2057 году. Нявестка Ліля жартуе: „Як хочаце, але павінны дажыць, раз беларусы гасьцінна дазволілі“».
Украінская перасяленка кажа, што беларусы ў Вышаміры вельмі спагадліва паставіліся да яе з мужам. Мала таго, што дапамаглі з рэчамі, але і насеньне бульбы далі, расаду ўсякую — гуркі, памідоры.
«Конікам прыехалі, бульбу нам пасадзілі. Абагналі яе ўлетку — і нават капейкі не ўзялі.
Жыць Ніна зь Віктарам засталіся ў доме, які саўгас выдзеліў сыну.
«Цяпер я зь Беларусі — нікуды», — запэўнівае Ніна Канстанцінаўна, хоць ніхто з журналістаў, якія прыехалі ў Вышамір з ініцыятывы прыватнага Цэнтру падтрымкі ўцекачоў, такога адказу не вымагаў.
Сястра Чапліна: «Тут наша апошняе прыстаньне»
Родная сястра Міхаіла Чапліна Ірына (па мужу — Давыдзенка) таксама жыла ў Дэбальцаве. Працавала ў дзіцячым садку. Прыватная фірма, дзе рабіў муж Леанід, збанкрутавала, і той выправіўся на заробкі ў Падмаскоўе.
Увосень 2014 году артылерыйскія абстрэлы каля Дэбальцава сталі часьцейшымі. Данецкія сэпаратысты імкнуліся ўзяць пад свой кантроль горад зь ягоным буйным чыгуначным вузлом, дзе скрыжоўваліся шляхі Данецк — Луганск, Растоў — Харкаў.
«У садок дзяцей ужо ніхто не вадзіў. Мы прыходзілі два разы на тыдзень адзначацца, каб ведаць хоць, ці ўсе жывыя. На картку нам пералічвалі дзьве траціны заробку. Але каб грошы атрымаць, трэба было чаргу займаць у банкамат а 4 гадзіне раніцы», — кажа Ірына.
Паводле яе, жыцьцё складалася зь перабежак — у краму, у школу, у дзіцячы сад.
«Усё на нэрвах, на стрэсах. Муж Леанід прысылаў з Расеі грашовыя пераводы, дык па іх трэба было ехаць у Арцёмаўск, за паўсотні кілямэтраў. Гэта ўжо Луганская вобласьць. Адсылала цёплыя рэчы мужу на зіму таксама адтуль», — кажа Ірына.
Трываць надалей такое жыцьцё стала немагчыма. Ірына сабралася і паехала з сынам у Расею, у падмаскоўнае Какошкіна. Пры канцы траўня, калі ў сына скончыўся навучальны год, Ірына зь Леанідам прыехалі ў Рэчыцкі раён, у Вышамір.
«Брат клікаў. Вырашылі ўжо „кучкавацца“ ў Беларусі. І надзейней, і да Ўкраіны бліжэй. Бацькі ж таксама ў Вышамір пераехалі. Я ўжо тут і малодшага сына нарадзіла — Мікалаем назвалі», — кажа Ірына.
У Вышаміры сям’я Ірыны і Леаніда Давыдзенкаў атрымала асобны саўгасны дом — такі самы, як і ў брата Міхаіла. Леанід таксама ўладкаваўся жывёлаводам.
Сама Ірына пасьля нараджэньня сына толькі год пабыла ў дэкрэтным адпачынку. У дзіцячым садку спатрэбіўся музычны кіраўнік — пайшла працаваць. Грае на баяне. Музыку выкладае яшчэ і ў школе. І гурток там вядзе.
«Беларускую мову разумею, у клясны журнал запісваю тэмы па-беларуску. Ня ўсё яшчэ магу правільна вымавіць. Але ж хаджу ў клюб, там самадзейнасьцю займаемся, беларускія песьні сьпяваем. Запамінаю. І ў сына Андрэя асаблівых праблемаў з моваю няма. Нядаўна прыйшоў са школы і кажа, што настаўніца-„беларусіца“ пахваліла яго за беларускую мову», — радуецца Ірына.
Сям’я перасяленцаў вядзе звычайнае вясковае жыцьцё. Найперш завялі козы. А калі Леанід па выніках году атрымаў збожжа, набылі парсюкоў, курэй завялі. Узялі карову ў саўгасе, за якую бухгальтэрыя патроху вылічвала грошы з заробку галавы сям’і.
Цяпер гадуюць яшчэ і трусоў. Для поўнага камплекту завялі і сабачку, які больш лашчыцца, чым ахоўвае двор.
«Я так думаю, што тут наша апошняе прыстаньне. Ад дабра ж дабра не шукаюць», — кажа Ірына і з ахвотаю паказвае сваю моцную гаспадарку, якой не заўсёды пахваляцца нават карэнныя беларусы.