Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Яскевіч: «У адчаі ў чалавека два выйсьці: альбо самагубства, альбо сесьці на трактар і зьнесьці пару аграгарадкоў»


Ірына Яскевіч з прадпрымальнікамі каля Віцебскага аблвыканкаму 28 студзеня
Ірына Яскевіч з прадпрымальнікамі каля Віцебскага аблвыканкаму 28 студзеня

У судзе Маскоўскага раёну Менску сёньня распачынаецца суд над лідэрам індывідуальных прадпрымальнікаў зь Віцебску Ірынай Яскевіч.

Яе вінавацяць ва ўдзеле ў мітынгу прадпрымальнікаў на плошчы Незалежнасьці ў Менску 18 студзеня за адмену прэзыдэнцкага ўказу № 222. Ірына Яскевіч таксама ўваходзіць у працоўную групу пры Міністэрстве эканомікі «па пытаньнях дзейнасьці індывідуальных прадпрымальнікаў», то бок па ўрэгуляваньні спрэчных пытаньняў, зьвязаных з прэзыдэнцкім указам. Аднак бясплённасьць перамоваў пакідае гандлярам невялікі выбар, заявіла Свабодзе Ірына Яскевіч перад пачаткам суду:

«На паседжаньні працоўнай групы мы заявілі, што гатовыя яе распусьціць, калі яна нічога не вырашае. Бо падатковая інспэкцыя настойвае на сваіх патрабаваньнях, і ніякія прапановы аб зьменах не праходзяць. А бязь іх людзі нават ня здолеюць закрыць свой бізнэс без штрафных санкцыяў.

Мы толькі ўнесьлі ў пратакол сустрэчы свае прапановы. Але гэта толькі прапановы, і які іх лёс на сёньня, незразумела.

Калі б я набралася рашучасьці, то сказала б — сыдзіце вы, людзі, з прадпрымальніцтва. Хіба тады ўлады, магчыма, заўважылі б, што, акрамя падаткаў, мы плацім арэнду, камуналку, плацім у фонд сацыяльнай абароны. Але я так сказаць не магу, бо працоўных месцаў няма і сыходзіць людзям няма куды. Яны плачуць ад безвыходнасьці, бо кастынгі ёсьць ужо нават на тое, каб працаваць дворнікам.

Таму нашы праблемы — гэта ўжо ня гэтулькі пытаньні бізнэсу, колькі сацыяльныя праблемы. Бо разам з намі страцяць працу перавозчыкі, грузчыкі, якія працуюць разам з намі, гандлёвыя цэнтры.

Людзям ужо няма чым плаціць за садкі і кватэры, і насамрэч усё гэта вельмі страшна.

Няўжо ўлады не разумеюць, што людзі выходзяць на плошчы і вуліцы не пад уплывам і кіраўніцтвам кагосьці, а спрабуюць дагрукацца да ўладаў самастойна, каб сказаць, што яны губляюць сродкі да існаваньня? Цяжка сказаць, чым гэта скончыцца.

Я ўжо казала чыноўнікам: ня трэба баяцца тых людзей, якія арганізаваліся і чагосьці просяць ці патрабуюць, а трэба баяцца людзей, пакінутых сам-насам са сваім адчаем. У такога чалавека ёсьць два варыянты выйсьця: альбо самагубства, альбо сесьці на трактар і зьнесьці пару аграгарадкоў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG