Злучаныя Штаты і Іран пры пасярэдніцтве Пакістану дамовіліся пра двухтыднёвае спыненьне агню. Галоўная ўмова — адкрыцьцё Іранам Армускай пратокі.
Гэтая заява прагучала менш як за дзьве гадзіны да заканчэньня ўльтыматуму прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, які пагражаў пачаць маштабныя ўдары 8 красавіка а 3-й гадзіне ночы (у пераводзе на беларускі час).
Рынкі адрэагавалі ростам, нафта патаньнела, усясьветныя лідэры адрэагавалі з палёгкай. Аднак перамір’е ўжо цяпер выглядае крохкім: усяго празь некалькі гадзін пасьля яго абвяшчэньня прыйшлі паведамленьні пра іранскія ўдары па арабскіх краінах Пэрсыдзкай затокі. Ізраіль жа не спыніў атакі ў Лібане на пазыцыі «Хэзбалы» — праіранскай групоўкі, якую Вашынгтон прызнаў тэрарыстычнай арганізацыяй.
Перамовы ў Ісламабадзе аб заключэньні пастаяннага мірнага пагадненьня пачнуцца 10 красавіка. Абодва бакі падкрэсьліваюць: спыненьне агню часовае і не азначае канца вайны.
Вось тры галоўныя чыньнікі, што вызначаць, ці стане гэтае зацішша трывалым мірам, ці застанецца толькі кароткім перапынкам у баявых дзеяньнях.
Першы. Статус пратокі
Дзесяцігодзьдзямі Армуская пратока лічылася ўсіхным здабыткам — вузкі праход паміж Іранам і Аманам, церазь які бесьперашкодна і бязмытна праходзіла пятая частка ўсясьветнага экспарту нафты і звадкаванага газу. Гэтыя часы, падобна, скончыліся.
Паводле наяўных зьвестак, рамкавае пагадненьне аб перамір’і ўключае пункт, які дазваляе Ірану і Аману спаганяць плату за транзыт караблёў. Гэта беспрэцэдэнтны выпадак. Канвэнцыя ААН аб морскім праве наўпрост забараняе дзяржавам браць грошы за праход тэрытарыяльнымі водамі ў міжнародных пратоках.
Іранская сыстэма, якая ўжо фактычна працуе, выглядае больш складана за звычайную «білетную касу». Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) распрацаваў рэйтынг: «дружалюбныя» дзяржавы атрымліваюць лепшыя ўмовы. Пасьля аплаты КВІР выдае код-дазвол і інструкцыі наконт маршруту.
Але хто за гэта папраўдзе заплаціць? Можна падумаць, што спажыўцы, але Гунтрам Вольф, старшы навуковы супрацоўнік брусэльскага аналітычнага цэнтру Bruegel, лічыць інакш. Паколькі арабскія краіны Затокі забясьпечваюць каля 20 адсоткаў усясьветных паставак нафты, менавіта яны возьмуць на сябе асноўны цяжар новых пабораў.
«Паводле маіх падлікаў, краіны Затокі будуць аплачваць каля 80–85 адсоткаў кошту гэтага транзытнага збору, — кажа Вольф у камэнтары для Радыё Свабодная Эўропа /Радыё Свабода. — Звычайныя спажыўцы ўва ўсім сьвеце адчуюць толькі каля 20 адсоткаў гэтага цяжару».
Для шараговага пакупніка паліва падатак будзе амаль непрыкметным. Для ААЭ, Кувэйту і Саудаўскай Арабіі гэта будзе азначаць скарачэньне прыбыткаў. Фактычна арабскія манархіі будуць праз свае рэсурсы субсыдыяваць аднаўленьне Ірану пасьля вайны.
Іранскія чыноўнікі гэтага і не хаваюць. «Сытуацыя ў Армускай пратоцы ня вернецца ў даваенны стан», — напісаў у мінулым месяцы сьпікер іранскага парлямэнту Мухамад Багер Калібаф.
Другі. Узбагачаць ці не ўзбагачаць?
Абвяшчаючы перамір’е, Трамп назваў іранскую прапанову з 10 пунктаў «прыдатным грунтам для перамоваў». Але пазыцыі бакоў застаюцца дыямэтральна супрацьлеглымі, асабліва ў ядзерным пытаньні.
Паводле Associated Press, у пэрсыдзкамоўнай вэрсіі іранскага пляну была фраза аб «прызнаньні права на ўзбагачэньне» ўрану — пункт, які дзіўным чынам зьнік з ангельскамоўных копіяў, перададзеных журналістам. 8 красавіка Трамп яшчэ раз заявіў: ніякага ўзбагачэньня ў Іране ня будзе.
«Мы сочым за іхным уранам. Мы ведаем, што яны маюць. Яны яго аддадуць, і мы яго забяром. Забяром сілай, калі спатрэбіцца», — заявіў міністар абароны ЗША Піт Гэґсэт на брыфінгу ў Пэнтагоне.
Ідзецца пра значныя запасы: паводле МАГАТЭ, Іран мае 440 кіляграмаў урану, узбагачанага да 60 адсоткаў. Пасярэднікі пастанавілі, што пытаньне вывазу або разбаўленьня гэтага паліва будзе разьвязвацца толькі ў межах фінальнай дамовы. Тэгеран наўрад ці аддасьць свой галоўны козыр за ўсяго два тыдні без бамбаваньняў.
Такім чынам, «уранавае пытаньне» наўмысна адклалі да сустрэчы ў Ісламабадзе — менавіта там гэтая нестыкоўка ў перакладзе непазьбежна выплыве на паверхню.
Трэці. Пытаньне Лібану
Офіс прэм’ер-міністра Ізраілю Біньяміна Нэтаньягу заявіў, што мірнае пагадненьне не распаўсюджваецца на Лібан, дзе ізраільскія войскі вядуць наземную апэрацыю супраць «Хэзбалы». Аднак прэм’ер-міністар Пакістану Шагбаз Шарыф, галоўны пасярэднік угоды, сьцьвярджае адваротнае: цішыня павінна быць і ў Лібане.
Гэта ня проста юрыдычная спрэчка. Іран падтрымлівае «Хэзбалу», і калі Ізраіль працягне ўдары, Тэгеран апынецца пад моцным ціскам уласных радыкалаў, якія патрабуюць ваеннага адказу.
Стварэньне прэцэдэнту?
Гунтрам Вольф робіць выснову: Іран паказаў, што і дзяржава сярэдняга памеру можа чыніць балючы эканамічны ціск на ўвесь сьвет, нават безь перамогі ў канвэнцыйнай вайне.
«Мала якая краіна захоча перажыць тое, што перажыў за апошнія тыдні Іран, у тым ліку пагрозу поўнага зьнішчэньня цывілізацыі, — кажа экспэрт. — Але ў той жа час Іран стварыў прэцэдэнт: паказаў сьвету моц асымэтрычнай вайны. І гэта — стратэгічная параза Злучаных Штатаў. Усякі агрэсар цяпер бачыць: „вартаўнік усясьветнага парадку“ не заўсёды здольны даць рады такім мэтадам».