Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Герасіменя пра Гульні-2016: Калі ніхто не гарантуе спартоўцам бясьпеку, ня варта нават пачынаць


Аляксандра Герасіменя
Аляксандра Герасіменя

Плыўчыха Аляксандра Герасіменя, якая на Алімпіядзе ў Рыё-дэ-Жанэйра заваявала бронзавы мэдаль, сустрэлася з працоўным калектывам «Беларусбанку». Яна рэклямны твар гэтай фінансавай установы.

Перад пачаткам сустрэчы Аляксандра прадэманстравала важкую ўзнагароду, падзялілася ўражаньнямі пра сталіцу летніх Гульняў-2016 і расказала, на што зьбіраецца патраціць прэміяльныя за мэдаль — 50 тысяч даляраў.

Бразыльцам Алімпійскія гульні абсалютна непатрэбныя

— У мяне заўсёды была мара наведаць Рыё — нават ня ў якасьці ўдзельніцы Алімпійскіх гульняў, а як цікавую краіну ў Паўднёвай Амэрыцы (з улікам Алімпіяды, зразумела, гэта прыцягвала яшчэ больш турыстаў). Але як толькі мы туды прыехалі, то зразумелі, што самім бразыльцам гэтае сьвята спорту непатрэбнае — людзі, якія там жывуць, заклапочаныя зусім іншымі праблемамі. Прынамсі па тым, як яны да ўсяго ставіліся, было відаць, што яны да гэтай падзеі абсалютна абыякавыя.

Нам казалі, што ў пабудаванай Алімпійскай вёсцы потым будуць набываць кватэры багатыя людзі гораду. Ня ведаю, так гэта будзе ці не, але асабіста я не разумею, хто можа купіць кватэры ў тых дамах. Мне падаецца, што ў краіне, бальшыня жыхароў якой мяжуе проста зь нерэальнай беднасьцю, няшмат людзей, якія могуць дазволіць сабе такую прыемнасьць.

На самой справе я засталася ў прыгнечаным стане. Мы бачылі, калі праяжджалі на аўтобусе, гэтыя фавэлы — не пераказаць. Адна карцінка дагэтуль перад вачыма: у акне маленькага двухпавярховага доміка стаіць мужчына і голіцца, гледзячыся ў аскепак люстэрка. Літаральна за два крокі — закінутая звалка, могілкі, не разабраць, дзе сканчаецца адно і пачынаецца іншае. Гэтым жыхарам да Алімпіяды пэўна не было ніякай справы.

Як мне падалося, людзі фізычна гэтага не хацелі і проста не былі падрыхтаваныя. Мы бачылі ўсё тое, што адбывалася ў вёсцы, якая адпачатку не была прыстасаваная да такой колькасьці народу. Адчулі, як пэрсанал ставіўся: я не кажу, што была нейкая перадузятасьць, не, усе адкрытыя, дабрадушныя, калі бачылі спартоўца, адразу кідаліся фатаграфавацца — як фатаграфуюцца з малпачкай.

Але не абышлося бяз лыжкі дзёгцю. Здавалася б, такія спаборніцтвы, такі статус, а не было ніякіх гарантыяў бясьпекі ў самой вёсцы. Я сябе ў бясьпецы не адчувала ніводнага дня. Павінна была зачыняць усе шафкі на замкі, трымаць зачыненымі чамаданы, ніколі не пакідалі незамкнёнымі дзьверы ў пакоі. Мы нават баяліся і ня вельмі хацелі, каб да нас прыходзіў прыбіраць пэрсанал. Да такой ступені ўсё было некамфортна. Настрой быў адпаведны.

Я ўжо не кажу, што тварылася ў горадзе. Падыходзілі да турыстаў зь пісталетамі, рабавалі. Нават паліцыя хапала людзей, падвозілі да банкамата, і пакуль тыя не здымалі грошы, не адпускалі. Гэта проста жах.

Таму я лічу так: калі дзяржава можа арганізаваць спаборніцтвы такога ўзроўню, з усёй неабходнай інфраструктурай, і гарантаваць бясьпеку ўдзельнікаў і заўзятараў — я «за» дзьвюма рукамі. Але калі ўсё адбываецца на фоне пастаяннай трывогі, мне падаецца, пачынаць нават ня варта. Прынамсі, адчуваньня сьвята не было.

Прэміяльныя 50 000 даляраў пойдуць на будоўлю менскай кватэры

Нягледзячы на салідны па спартовых мерках узрост — летась ёй споўнілася 30 гадоў — Аляксандра Герасіменя пакуль не зьбіраецца завязваць зь вялікім спортам. У прыватнасьці, расказала, што пасьля нядоўгага перапынку пачне рыхтавацца да чэмпіянату сьвету ў Канадзе, і ад яго вынікаў будзе залежаць, на карысьць чаго зрабіць выбар — плаваньня ці сямʼі. Ужо не сакрэт, што ў агляднай будучыні Аляксандра зьбіраецца пабрацца шлюбам з партнэрам па камандзе беларускіх плыўцоў, Яўгенам Цуркіным з Гомеля.

Дарэчы, Яўген высокім вынікам у Рыё-дэ-Жанэйра не адзначыўся, таму кватэрныя выдаткі Герасіменя напачатку возьме на сябе. Спартоўка расказала, што будуе кватэру ў менскім мікрараёне Ўручча, і прэміяльныя за бронзавы посьпех будуць ня лішнія. Грошай, праўда, яшчэ няма, і, як паказвае практыка, працэс іх пералічэньня досыць працяглы.

Дзеля справядлівасьці, Аляксандра Герасіменя вядомая ня толькі спартовымі посьпехамі ў басэйне, але і выразнай грамадзянскай пазыцыяй. Яна без ваганьняў далучылася да Першага нацыянальнага спартыўнага фэстывалю «Мова Cup», аргумэнтаваўшы гэта такім чынам:

«Спадзяёмся, што ўсё яшчэ вернецца: што колькасьць школаў на беларускай мове перастане зьмяншацца, што аўтарытэт нашай мовы будзе, як некалі, бясспрэчны. На жаль, я ведаю, што многія дзеці, нават якія навучаюцца на беларускай мове, у жыцьці ўсё роўна на ёй не размаўляюць. Я ня ведаю, чаму так здараецца, магчыма, з-за таго, што такое склалася стаўленьне ў грамадзтве: калі хтосьці размаўляе па-беларуску, зь яго пачынаюць сьмяяцца. І я ня толькі дзяцей маю на ўвазе, нават дарослых. Гэта няправільна, гэта неадукаванасьць. Таму я вельмі спадзяюся, што наша мерапрыемства будзе пэўным рухам наперад, адпраўным пунктам для станоўчых зьменаў у моўным пытаньні».

Але найбольшым раздражняльнікам аказаліся яе развагі пра бел-чырвона-белы сьцяг:

«З пункту гледжаньня эстэтыкі бел-чырвона-белы сьцяг, вядома, больш сымпатычны. Дый гісторыя ў яго багатая і насычаная: Вялікае Княства Літоўскае, Наваградак, Мір, Нясьвіж, — сказала спартоўка. — Давайце ня будзем забываць, што ў свой час ВКЛ было адной з самых уплывовых дзяржаў Эўропы!»

Неўзабаве яе зварот да гістарычных каранёў падтрымалі і іншыя спартоўцы, трэнэры. Аляксандра ўсьцешаная такой актыўнасьцю. У размове са Свабодай яна сказала, што ў любой сытуацыі надзвычай важна мець магчымасьць выказваць уласную пазыцыю:

«Вядома, радуе, што мяне падтрымалі, зразумелі, інакш тут і ня скажаш. Я лічу, што ў кожнага чалавека павінна быць свая думка. Яна не абавязкова павінна быць правільная ці няправільная, але яна павінна быць. Каб кожны меў магчымасьць яе выказаць, каб можна было паспрачацца, наладзіць нейкую дыскусію. Таму, безумоўна, я вельмі задаволеная, што людзі сталі гаварыць пра тое, што некалі гаварыла я».

Аляксандра Герасіменя нарадзілася ў Менску 31 сьнежня 1985 году. Трохразовая чэмпіёнка Эўропы сярод юніёраў, эўрапейская рэкардсмэнка па плаваньні. Чэмпіёнка сьвету, чэмпіёнка і срэбная прызэрка чэмпіянату Эўропы. На Алімпіядзе-2012 у Лёндане выйграла два срэбныя мэдалі ў заплыве на 100 мэтраў вольным стылем і на дыстанцыі 50 мэтраў вольным стылем. Сёлета здабыла бронзу ў Рыё-дэ-Жанэйра. Майстар спорту міжнароднага клясу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG