Пазаштатны выкладчык катэдры кіраваньня нерухомасьцю Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту і ўласьнік агенцтва нерухомасьці «Акадэмнерухомасьць» Аляксандр Гарашчэня год таму на Facebook зьневажальна выказаўся пра паэта Рыгора Барадуліна, назваўшы яго «нацысцкай сволаччу», бо той належаў да Партыі БНФ.
У інтэрвію «Нашай Ніве» Аляксандар Гарашчэня пацьвердзіў свае словы і дадаў, што тое самае думае і пра пісьменьніка Васіля Быкава – той таксама быў фронтаўцам.
Сакратар управы Партыі БНФ Зьміцер Салошкін зазначыў Свабодзе, што на наступным пасяджэньні ўправы Партыі БНФ абмяркуюць заяву аб публічных абразьлівых выказваньнях выкладчыка БДУ пра Рыгора Барадуліна і Васіля Быкава:
«Партыя БНФ лічыць непрымальным, што ў вышэйшых навучальных установах Беларусі ёсьць выкладчыкі, якія зьняважліва выказваюцца пра людзей, якія складаюць асноўны здабытак нашай культуры, на якіх грунтуецца фармаваньне беларускасьці і патрыятызму і якія ёсьць прызнанымі аўтарытэтамі нашай культуры. Партыя БНФ ганарыцца, што і Рыгор Барадулін, і Васіль Быкаў былі яе сябрамі.
Кажучы канкрэтна пра Аляксандра Гарашчэню, то нават ня важна, што гэты чалавек выкладае – рыэлтарства ці матэматыку. Людзі, якія дазваляюць сабе такія выказваньні, не павінны выкладаць, не павінны мець дачыненьня да працэсу адукацыі ў афіцыйных дзяржаўных установах. Сваімі словамі Аляксандр Гарашчэня паказаў свой нізкі інтэлектуальны ўзровень. І ганьба ВНУ, якая запрашае такога выкладчыка на працу. Словы спадара Гарашчэні сьведчаць пра тое, што ў яго няма схільнасьці да аналітычнай разумовай працы, бо ён толькі паўтарае жудасныя страшылкі. Такія людзі ні ў якім разе не павінны прыцягвацца да працы ў любых дзяржаўных установах, тым больш у навучальных».
У прэс-службе БДУ тым часам заявілі, што Аляксандар Гарашчэня не зьяўляецца і ніколі ня быў штатным супрацоўнікам БДУ, што ён толькі прыцягваўся для правядзеньня трэнінгаў «Школа рыэлтарскага майстэрства» як спецыяліст агентства нерухомасці «Акадэмнерухомасць».