Францускія і расейскія мэдыя паведамілі, што 44-гадовы Саф’ян Сэілі, дасьведчаны раварыст і рэжысэр, быў арыштаваны на Далёкім Усходзе Расеі і зьмешчаны пад варту — усяго за 400 кілямэтраў ад сваёй мэты.
Саф’ян Сэілі быў арыштаваны пасьля перасячэньня расейскай мяжы з Кітаем на апошнім этапе ягонай спробы пабіць сусьветны рэкорд хуткасьці на шляху зь Лісабону ва Ўладзівасток.
Інтэрфакс паведаміў, што адвакат раварыста Ала Кушнір дамагаецца мякчэйшых абмежаваньняў для яго на час разгляду справы.
«Апэляцыю на рашэньне суду аб яго ўзяцьці пад варту ўжо падалі ў Прыморскі краёвы суд», — заявіла Кушнір, якая прапануе для Сэілі хатні арышт замест утрыманьня пад вартай.
Сэілі абвінавачваюць у незаконным перасячэньні дзяржаўнай мяжы Расеі, што караецца штрафам да 200 000 рублёў (каля 2400 даляраў ЗША), да двух гадоў прымусовых працаў або да двух гадоў пазбаўленьня волі, паведаміла адвакатка.
Інфармацыйнае агенцтва AFP цытуе супрацоўніка зьвязанай з урадам арганізацыі маніторынгу турмаў, які наведаў Сэілі ў турме; ён сказаў, што ў раварыста была расейская электронная віза, але той «спрабаваў перасекчы мяжу пешшу праз кантрольна-прапускны пункт, даступны толькі для грамадзян Расеі і Кітаю».
«Затым ён пайшоў на іншы пераход, дзе забаронена перасякаць мяжу на ровары, трэба ехаць цягніком ці аўтобусам», — паведаміў AFP праз тэлефон Ўладзімір Найдзін з Грамадзкай назіральнай камісіі Прыморскага краю.
Ён сказаў, што Саф’ян Сэілі ў добрым стане здароўя, але яму цяжка кантактаваць з службоўцамі ў сьледчым ізалятары праз моўны бар’ер.
1 ліпеня Саф’ян Сэілі выехаў зь Лісабону і плянаваў пабіць сусьветны рэкорд хуткасьці перасячэньня Эўразіі на ровары. Яго канчатковым пунктам быў Уладзівасток.
Раней Саф’ян Сэілі перасёк мяжу Грузіі і Расеі, затым пакінуў Расею ў Астраханскай вобласьці, далей ехаў праз Казахстан, Таджыкістан, Манголію і Кітай.
Ён імкнуўся пабіць рэкорд немца Ёнаса Дайхмана, які ў 2017 годзе перасёк Эўразію за 64 дні, 2 гадзіны і 26 хвілін.
Саф’ян Сэілі прыняў удзел прыкладна ў 20 шматкілямэтровых гонках, у тым ліку ў Tour Divide на 4500 кілямэтраў з Канады ў Мэксыку.
У сваім дзёньніку ў Instagram Саф’ян Сэілі за некалькі гадзін да арышту напісаў:
«Гэта апошні дзень. Учора я ехаў пару гадзін пад дажджом. Я зьбіраюся надзець мокрую вопратку, сесьці на ровар і паехаць ва Ўладзівасток».
Расея арыштавала шэраг іншаземцаў паводле абвінавачаньняў, якія, паводле праваабарончых груп, часта сфабрыкаваныя.
Масква выкарыстоўвала гэтых затрыманых у рамках абменаў, каб дамагчыся вызваленьня расейцаў, якіх трымаюць у іншых месцах, часта паводле сур'ёзных крымінальных абвінавачваньняў або за шпіянаж.