Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч, Бяляцкі, Шушкевіч і іншыя беларусы заклікаюць падтрымаць тэлеканал «Белсат»


З просьбай не спыняць фінансаваньне телканалу «Белсат», а таксама стыпэндыяльнай Праграмы імя Кастуся Каліноўскага для рэпрэсаваных студэнтаў выступілі ляўрэатка Нобэлеўская прэміі Сьвятлана Алексіевіч, старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, кіраўнік сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Мікола Статкевіч, экс-старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна, старшыня руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

Алексіевіч у прыватнасьці адзначыла ў сваім звароце

«Сваймі ўнутранымі сіламі мы не дамо рады. Татальнае зачышчэньне, якое ўлады праводзяць сыстэматычна, і страх, які пасяліўся ў кожным, замінаюць нам рабіць гэтую працу тут. У хаце. Мы скаваныя. Нам патрэбная дапамога. Калі мы пазбавімся падтрымкі цяпер, у будучыні давядзецца пачынаць спачатку. Пачынаць будзем са страчанага часу».

Статкевіч нагадвае ў сваім лісьце, як выглядае мэдыя-прастора Беларусі:

«У тэлевізійнай прасторы Беларусі пануе Расея. Напрыклад, з 8 тэлевізійных эфірных каналаў, якія ўваходзяць у бясплатны для насельніцтва пакет, толькі 3 – беларускія, астатнія – расейскія».

Палітык мяркуе, што праз гэта беларусы прымаюць крамлёўскі пункт гледжаньня, і менавіта пад уплывам расейскіх мэдыяў пераважная большасьць беларусаў падтрымала анэксію Крыму і ўхваляе дзеяньні Расеі на Данбасе.

«З кожным годам усе болей беларусаў глядзіць «Белсат» – нашую адзіную абарону ад расейскай тэлевізійнай агрэсіі. «Белсат» ведаюць ва ўсіх кутках Беларусі. Дзякуючы прафэсійнай і самаахвярнай працы яго супрацоўнікаў, давер да адзінага беларускага тэлевізійнага каналу расьце».

***

У пачатку лета стала вядома, што эўрапейскія інстытуцыі значна скарачаюць фінансаваньне незалежнага беларускага тэлеканала «Белсат».

Падчас візыту ў Беларусь дырэктарка каналу Агнешка Рамашэўска-Гузы распавяла, што «Белсат» страціў больш за чвэрць фінансаваньня, але мае намер захаваць вяшчэньне праз спадарожнік:

«Мы страцілі фінансаваньне з Заходняй Эўропы, – сказала Рамашэўска-Гузы. – У нас было швэдзкае, нарвэскае, канадзкае фінансаваньне, цяпер гэтага няма. Пакуль невядома, як будзе выглядаць сытуацыя з агульным фінансаваньнем ад Эўразьвязу, таму што пакуль няма рашэньня. Цяпер фінансаваньне „Белсату“ выключна польскае».

У гэты ж час стала вядома, што значна мяняюцца ўмовы праграмы Каліноўскага.

Кіраўніца праграмы Іна Кулей адзначыла, што «стыпэндыяльная праграма імя Каліноўскага для беларусаў на навучаньне ў польскіх ВНУ ня будзе згорнутая, а будзе трансфармаваная».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG