Стыпэндыяльная праграма імя Каліноўскага на навучаньне ў Варшаўскім Унівэрсытэце моцна зьмяняецца. Пра гэта паведамляецца на сайце Ўсходнееўрапейскага інстытуту Варшаўскага Ўнівэрсытэту.
Зьмены закрануць тых асобаў, якія зьбіраюцца падаваць заявы на ўдзел у праграме Каліноўскага першай і другой ступені. Набор на іх прыпыняецца пасьля 2016/2017 навучальнага году.
Урад Польшчы абяцае працягнуць фінансаваньне пяцігадовай адукацыі тым студэнтам, якія ўжо вучацца па праграме.
Разам з тым з новага навучальнага году плянуецца набор ужо на новую праграму. Яна будзе называцца «Стыпэндыяльная праграма ўраду Польшчы імя Кастуся Каліноўскага ІІ».
Адна з ініцыятараў праграмы Каліноўскага Іна Кулей кажа, што ўся інфармацыя пра зьмены пакуль не афіцыйная:
«Па ўсіх пытаньнях пакуль ідуць перамовы. І па новай праграме, і па старой праграме. Пакуль гаварыць няма пра што».
Паводле словаў Кулей, афіцыйныя заявы зьявяцца не раней за сярэдзіну чэрвеня.
Пра гэта інфармуе Эўрарадыё.http://euroradio.fm/zmyanyayucca-umovy-pragramy-kalinouskaga