Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз пагадзіўся на крэдыт у 90 мільярдаў эўра для Ўкраіны


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі (у цэнтры зьлева) ідзе разам са старшынёй Эўрапейскай рады Антонію Коштам (у цэнтры справа) падчас саміту ЭЗ у Бруселі. Прэм'ер-міністар Чэхіі Андрэй Бабіш (зьлева) і прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон (справа) сядзяць наперадзе
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі (у цэнтры зьлева) ідзе разам са старшынёй Эўрапейскай рады Антонію Коштам (у цэнтры справа) падчас саміту ЭЗ у Бруселі. Прэм'ер-міністар Чэхіі Андрэй Бабіш (зьлева) і прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон (справа) сядзяць наперадзе

Эўразьвяз пагадзіўся на крэдыт у памеры 90 мільярдаў эўра (106 мільярдаў даляраў ЗША) для Ўкраіны пасьля адхіленьня прапановы аб выкарыстаньні замарожаных расейскіх актываў.

Эўразьвяз выдзеліць Кіеву беспрацэнтную пазыку ў памеры 90 мільярдаў эўра (106 мільярдаў даляраў ЗША) для фінансаваньня разбуранай вайной краіны пасьля таго, як ня змог дамовіцца аб прапанове выкарыстаць замарожаныя расейскія актывы для падтрымкі эканамічных і ваенных патрэб Украіны ў бліжэйшыя гады.

Пра гэта піша эўрапейскі карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.

Украіна сутыкнецца з дэфіцытам замежнай дапамогі ў памеры да 59 мільярдаў даляраў у наступным годзе, паколькі фінансаваньне з боку ЗША наўрад ці працягнецца.

Чыноўнікі ЭЗ разглядаюць як часовае рашэньне арганізаваць пазыку грошай, гарантаваную агульным бюджэтам ЭЗ.

Прэзыдэнт Эўрапейскай рады Антонію Кошта заявіў у сетцы X ад 19 сьнежня, што сродкі будуць выдзеленыя на 2026 і 2027 гады.

«Мы абавязаліся, мы выканалі», — паведаміў ён.

Чыноўнікі ЭЗ пачалі сустрэчы 18 сьнежня, каб дамовіцца аб рашэньні па фінансаваньні. Перамовы былі сканцэнтраваныя на прапанове выкарыстаць дзясяткі мільярдаў эўра замарожаных дзяржаўных актываў Расеі для пакрыцьця фінансавых патрэб Украіны. Але юрыдычныя праблемы перашкодзілі некаторым чальцам ЭЗ падпісаць прапанову. Замест гэтага была дасягнутая дамоўленасьць аб пазыцы, якая будзе грунтавацца на пазыках на рынках капіталу, гарантаваных «бюджэтным запасам ЭЗ» — тэрмінам, які выкарыстоўваецца для апісаньня дадатковых магчымасьцей пазыкі.

«Пасьля працяглых дыскусій стала зразумела, што рэпарацыйныя пазыкі запатрабуюць больш працы, бо лідэрам трэба больш часу, каб абмеркаваць дэталі», — сказаў адзін з чыноўнікаў ЭЗ у інтэрвію Радыё Свабода.

Фінансаваньне Ўкраіны стала сур’ёзнай праблемай для блёка з 27 чальцоў, прычым Злучаныя Штаты спыняюць сваю фінансавую падтрымку, а такія краіны, як Вугоршчына, таксама выступаюць за абмежаваньне фінансаваньня. З іншага боку, Польшча параўнала сытуацыю з выбарам паміж «грошы сёньня або кроў заўтра».

Саміт ЭЗ адбыўся пасьля таго, як прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін груба раскрытыкаваў лідараў ЭЗ, выкарыстоўваючы слова «падсьвінкі», і паўтарыў заявы аб тым, што Масква дасягне мэтаў сваёй вайны супраць Украіны сілай, калі імкненьне ЗША да міру не прывядзе да пагадненьня, якое адпавядае іх патрабаваньням.

Расея пагражала маштабнымі судовымі дзеяньнямі з нагоды любога выкарыстаньня сваіх замарожаных актываў. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі прысутнічаў на саміце і заявіў лідэрам, што прапанова аб пазыцы, забясьпечанай замарожанымі актывамі Расеі, якія ў цяперашні час знаходзяцца ў ЭЗ, зьяўляецца больш прымальнай, але ў рэшце рэшт ня мае значэньня, як будуць выкарыстаныя гэтыя сродкі, галоўнае — знайсьці рашэньне.

«Калі вясной Украіна не атрымае адпаведнага траншу, які ў выпадку міру будзе выкарыстаны для аднаўленьня краіны, а ў выпадку працягу вайны — для іншых прыярытэтаў, перш за ўсё для вытворчасьці бесьпілётнікаў, — вытворчасьць бесьпілётнікаў ва Ўкраіне скароціцца ў некалькі разоў», — сказаў ён журналістам на прэс-канфэрэнцыі пасьля выступу на саміце за зачыненымі дзьвярыма.

Ён дадаў, што ў цяперашні час Украіна сутыкаецца з дэфіцытам замежнай дапамогі ў памеры ад 53 да 59 мільярдаў даляраў у наступным годзе.

Заходнія краіны падтрымлівалі разбураную вайной краіну як прамой бюджэтнай падтрымкай, так і вайсковай дапамогай з моманту паўнамаштабнага ўварваньня Расеі амаль чатыры гады таму, але наступны пэрыяд можа быць больш складаным.

Злучаныя Штаты далі зразумець, што, хутчэй за ўсё, ня будуць дасылаць больш грошай, усклаўшы абавязак на ЭЗ і іншыя краіны G7 актывізаваць свае дзеяньні — і зрабіць гэта як мага хутчэй.

Каля 140 мільярдаў эўра расейскіх дзяржаўных актываў захоўваюцца ў бэльгійскай кампаніі па фінансавых рынках Euroclear, а дадатковыя 25 мільярдаў эўра расейскіх дзяржаўных актываў знаходзяцца ў банках па ўсім ЭЗ, галоўным чынам у Францыі, а таксама ў прыватным банку Бэльгіі, на Кіпры і ў Нямеччыне.

Хоць большасьць з 27 чальцоў ЭЗ выступаюць за выкарыстаньне гэтых актываў для забесьпячэньня крэдыту, Бэльгія баіцца, што гэты плян можа зрабіць яе юрыдычна ўразьлівай, іншыя краіны, у тым ліку Італія, таксама выказалі сумневы.

Кіраўніца Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен заявіла, што не пакіне саміт без дамоўленасьці аб тым, як фінансаваць Украіну на працягу наступных двух гадоў.

Канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц раней на гэтым тыдні выступіў з рэзкім папярэджаньнем, заявіўшы, што няўдача будзе азначаць, што «здольнасьць Эўрапейскага Зьвязу дзейнічаць будзе сурʼёзна пашкоджаная на гады, калі не даўжэй, і мы пакажам сьвету, што мы ня здольныя абʼяднацца і дзейнічаць у такі вырашальны момант нашай гісторыі».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпра, Кіева, Харкава, Адэсы і іншых месцаў. Дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя процілегламу боку тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ карпарацыі «Роснефть» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародзкай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі думку, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16–18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
  • У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
  • 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
  • У красавіку высьветлілася, што мірныя перамовы пакуль ня маюць посьпеху, а тым часам Украіна заявіла, што ведае імёны 155 кітайскіх наймітаў, якія падпісалі кантракты з Расеяй і пайшлі на вайну. Афіцыйны Пэкін заявіў, што сваіх грамадзянаў на вайну не адпраўляў, а наадварот, раіў жыхарам краіны трымацца падалей ад абодвух бакоў.
  • Дзяржаўны ўкраінскі праект «Хачу жыць», які выконвае Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, у красавіку 2025 году апублікаваў прозьвішчы 742 грамадзян Беларусі, якія з 2023 году ваююць супраць Украіны на баку Расеі, зь іх 96 ужо загінулі.
  • 1 чэрвеня на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • Улетку 2025 году прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі на асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася.
  • У ноч на 7 верасьня расейскія войскі нанесьлі рэкордны ўдар па Ўкраіне — дзяржаву атакавалі 805 «Шахедаў» і дронаў-імітатараў. Загарэўся будынак ураду ў Кіеве.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
  • 16x9 Image

    Рыкард Юзьвяк

    Рыкард Юзьвяк — эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў Празе. Спэцыялізуецца на асьвятленьні дзейнасьці Эўрапейскага Зьвязу і NATO. Раней ён працаваў карэспандэнтам РСЭ/РС у Брусэлі, дзе асьвятляў мноства міжнародных самітаў, выбараў у Эўропе і рашэньняў міжнародных судоў. Ён рабіў рэпартажы з большасьці эўрапейскіх сталіц, а таксама з Цэнтральнай Азіі.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG