Лідэры блёку зьбіраюцца ў Брусэлі 20-21 сакавіка і, як чакаецца, прымуць высновы саміту, у якіх гаворыцца, што «Эўразьвяз захоўвае свой падыход „мір празь сілу“, які патрабуе ад Украіны займаць максымальна моцную пазыцыю зь яе ўласным моцным ваенным і абарончым патэнцыялам у якасьці істотнага кампанэнту».
У тэксьце, зь якім пазнаёмілася Радыё Свабода, таксама адзначаецца, што група «застаецца прыхільнай, у каардынацыі з партнэрамі-аднадумцамі і хаўрусьнікамі, даваць далейшую ўсебаковую падтрымку Ўкраіне і яе народу, калі яна ажыцьцяўляе сваё неад’емнае права на самаабарону ад агрэсіўнай вайны Расеі».
Сустрэча ў Брусэлі адбываецца праз два дні пасьля тэлефоннай размовы паміж прэзыдэнтамі ЗША і Расеі Дональдам Трампам і Ўладзімірам Пуціным, у час якой узгаднілі 30-дзённую паўзу ва ўдарах па энэргетычнай інфраструктуры, адзначае эўрапейскі рэдактар Свабоды Рыкард Юзьвяк.
Аднак ужо празь некалькі гадзін пасьля згаданага тэлефанаваньня Ўкраінская чыгунка пацьвердзіла, што расейскія бесьпілётнікі нацэліліся на энэргетычную інфраструктуру, злучаную з чыгуначнай сыстэмай у Днепрапятроўскай вобласьці.
Тэкст выніковага дакумэнту саміту Эўразьвязу звычайна павінен быць аднагалосна ўзгоднены 27 краінамі-сябрамі ЭЗ, але дыпляматы ЭЗ, выступаючы пры ўмове ананімнасьці, заявілі, што Вугоршчына, якая даўно прапануе больш прымірэнчы тон у адносінах Крамля, будзе прасіць адмовіцца ад заявы, падобна таму, што адбылося на саміце ЭЗ у пачатку сакавіка.
Краіны ЭЗ дагэтуль былі выключаныя зь перамоваў аб вайне, якія вядуцца ў Саудаўскай Арабіі, але ў праекце дакумэнту падкрэсьліваюць, што «Эўразьвяз і яго дзяржавы-сябры будуць спрыяць мірнаму працэсу і дапамогуць забясьпечыць справядлівы і трывалы мір для Ўкраіны, што ў інтарэсах як Украіны, так і Эўропы ў цэлым».
Ці будзе прадстаўнік ЭЗ на мірных перамовах?
Аднак пра прызначанага прадстаўніка ЭЗ на перамовах у дакумэнце ня згадваецца. У Брусэлі выказваліся здагадкі, што на такую ролю могуць быць падрыхтаваныя былая канцлер Нямеччыны Ангела Меркель і цяперашні прэзыдэнт Фінляндыі Аляксандар Стуб.
Тэкст не зьмяшчае ніякіх непасрэдных спасылак на тое, што ЭЗ працуе на месцах для назіраньня за патэнцыйным мірным пагадненьнем. На гэтым неаднаразова настойваў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, але Масква гэтую прапанову адхіляе.
Брусэль сапраўды захоўвае дзьве іншыя пазыцыі, якія адміністрацыя Трампа, падобна, паклала на стол перамоваў у спробе замацаваць прыхільнасьць Масквы мірнаму пагадненьню: паслабленьне санкцый супраць Крамля і адказнасьць за ваенныя злачынствы.
Нядаўна ЭЗ падоўжыў візавыя забароны і замарожваньне актываў у дачыненьні 2400 кампаній і фізычных асоб, у тым ліку Пуціна, уведзеныя з моманту поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году.
Расейскія актывы на суму каля 200 мільярдаў эўра застаюцца замарожанымі, пераважна ў Бэльгіі. Сродкі павінны заставацца ў нерухомым рэжыме, «пакуль Расея ня спыніць агрэсіўную вайну супраць Украіны і не кампэнсуе ёй шкоду, нанесеную гэтай вайной».
Краіны-сябры ЭЗ дадалі, што яны дамагаюцца поўнай адказнасьці Крамля за ваенныя злачынствы і іншыя найбольш сур’ёзныя злачынствы, учыненыя на гэтай вайне.
Гэта адбываецца ў той момант, калі Вашынгтон абвясьціў аб сваім намеры выйсьці зь Міжнароднага цэнтру расьсьледаваньня злачынстваў агрэсіі супраць Украіны, групы, створанай заходнімі краінамі яшчэ ў 2022 годзе для збору доказаў супраць асоб, адказных за магчымыя ваенныя злачынствы.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.