Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даражэй, чым дома? Вызначаны тарыф «заправак» для электрамабіляў


Выпрабаваньні беларускага электрамабіля, ілюстрацыйнае фота
Выпрабаваньні беларускага электрамабіля, ілюстрацыйнае фота

Міністэрства гандлю Беларусі вызначыла тарыф на электраэнэргію для станцыяў зарадкі электрамабіляў. Ад 1 траўня гэты тарыф складзе 0,15693 рубля за 1 кВт•г.

Як адзначае Мінгандлю, гэта на 48% ніжэй за тарыфы, вызначаныя для іншых арганізацый у сфэры паслугаў. Тарыф будзе індэксавацца на зьмены курсу беларускага рубля да даляра ЗША (але не да кошыка валютаў).

«Рашэньне аб усталяваньні тарыфу на электрычную энэргію накіраванае на стымуляваньне спажываньня электраэнэргіі электрамабілямі і, як вынік, замяшчэньне спажываньня нафтапрадуктаў, якія вырабляюцца зь імпартнай нафты, электраэнэргіяй, выпрацаванай на айчынных электрастанцыях, у тым ліку БелАЭС», — піша Мінгандлю.

Тарыф для «электразаправак», сьцьвярджае міністэрства, «супастаўляльны з тарыфам на электраэнэргію для насельніцтва, які забясьпечвае поўную кампэнсацыю эканамічна абгрунтаваных выдаткаў на яе выпрацоўку». Лічбы сапраўды аднаго парадку, але «запраўляць» электрамабіль дома можа быць выгадней.

Тарыфы за 1 кВт•г у Менску для параўнаньня:

— 0,15693 рубля — на «электразапраўцы».

— 0,1841 рубля — аднаставачны тарыф (напрыклад, калі няма лічыльніка або калі ёсьць нежылое памяшканьне ў карыстаньні) для ўладальнікаў газавых плітаў і для ўладальнікаў электраплітаў, калі спажыта больш за 400 кВт•г на месяц.

— 0,1218 рубля — тое самае для ўладальнікаў электраплітаў, калі спажыта да 250 кВт•г.

— 0,1583 рубля — тое самае для ўладальнікаў электраплітаў, калі спажыта звыш 250 і менш за 400 кВт•г.

— 0,1289 рубля — для ўладальнікаў газавых плітаў і «дыфэрэнцыяваных» лічыльнікаў увесь дзень, акрамя 17:00–22:00.

— 0,3682 рубля — тое самае ў 17:00–22:00.

— 0,0853 рубля — для ўладальнікаў электраплітаў і «дыфэрэнцыяваных» лічыльнікаў увесь дзень, акрамя 17:00–22:00.

— 0,2436 рубля — тое самае ў 17:00–22:00.

Электрамабілі розных мадэляў па-рознаму спажываюць электрычнасьць: на 100 км дарогі можа спатрэбіцца некалькі дзясяткаў кВт•г (каля 20 кВт•г — Tesla Model S, 19 кВт•г — Toyota RAV4 EV, 25 кВт•г — Ford Ranger EV).

Прынцыповае адрозьненьне «электразаправак» у тым, што яны забясьпечваюць хуткае сілкаваньне акумулятара — ад паўгадзіны да дзьвюх гадзін. А зараджаньне ад хатняй разэткі можа заняць усю ноч. Да таго ж разгалінаваная сетка стацыянарных пунктаў — галоўная перадумова, каб езьдзіць далёка.

Паводле Дзяржаўтаінспэкцыі, на афіцыйным уліку цяпер стаіць крыху больш за 100 электрамабіляў розных марак. Гэта найменшая колькасьць у рэгіёне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG