Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Dzieciuki пройдуць у новым альбоме ад Вялікага Княства да партызанаў


Гурт Dzieciuki гатовы прадставіць новы альбом «Рэха» на супольным канцэрце з Brutto, які пройдзе ў Беластоку 12 сакавіка.

«Альбом цяпер на стадыі канчатковага зьвядзеньня і мастэрынгу, — запэўнівае карэспандэнта Свабоды мэнэджэр „Дзецюкоў“ Яўген Новаш. — Да 12 сакавіка, да канцэрту ў Беластоку, альбом зьявіцца ў сеціве, і на канцэрце ў Беластоку будуць ужо дыскі».

Пакуль з альбому прадстаўлены толькі адзін трэк — «Тадэвуш Касьцюшка», прысьвечаны нацыянальнаму герою Беларусі, Польшчы і Злучаных Штатаў.

Пра што будуць іншыя песьні? Ці стане гурт больш жорсткім, ці, наадварот, больш лірычным?

«Ён будзе больш гістарычным! — адказвае мэнэджэр. — Будзе і лірычнае, і панк, і баляды. Шмат будзе гістарычных аспэктаў: героі часоў Вялікага Княства Літоўскага, Касьцюшка, перадрэвалюцыйныя часы, 1937 год, партызаншчына... Але ад стылістыкі збольшага не адыходзілі. Будуць прысутнічаць этнічныя інструмэнты — зразумела, у тым ліку дуда, але будзе шмат банджа, гэта хоць і не беларускі, але этнічны інструмэнт».

Апошнім часам у Беларусі не да канца зразумелая сытуацыя з забаронамі канцэртаў: музычны фэст на Дзень волі, да ўдзелу ў якім запрашалі і «Дзецюкоў», забаронены з прычыны нібыта працёку этыленгліколю, а канцэрт Brutto нібы і не забаронены, але перанесены на нявызначаную дату. Можа, і Dzieciuki ў мітычных «чорных сьпісах» за свае гістарычныя тэксты?

«Пакуль такой інфармацыі ня маем, пакуль няма афіцыйных забаронаў, адменаў канцэртаў», — кажа Новаш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG