Experty.bу у сярэдзіне сакавіка падвядуць вынікі сваёй чарговай прэміі. Разам са штатнымі экспэртамі і беларускімі музычнымі журналістамі альбомы праслухалі пяцёра запрошаных замежнікаў.
Беларускі музычны партал Experty.by правядзе ў сярэдзіне сакавіка ў Менску цырымонію ўручэньня ўзнагародаў, на якой будзе вызначаны Альбом году. Агулам у прэміі 10 намінацыяў. Экспэртам давялося праслухаць больш за сотню альбомаў-прэтэндэнтаў, зь якіх былі абраныя да выніковага галасаваньня 38, гаворыцца на сайце Experty.by.
У вызначэньні пераможцаў узялі ўдзел 15 беларускіх музычных журналістаў і пяцёра замежнікаў:
- Яцэк Скалімоўскі (Newsweek, Польшча),
- Дзьмітры Куркін (Zvuki.ru, Расея),
- Сяргей Кейн (Comma.com.ua, Украіна),
- Людас Закарэвічус (Manomuzika.lt, Літва) і
- Лаурыс Анстраўтс (Intro.lv, Латвія).
Летась на прэміі Experty.by альбомам году быў названы «Thou» гурту Port Mone, ён жа атрымаў прыз вялікага журы і народных экспэртаў. Штатныя экспэрты далі прыз «Прадмове» TonqiXod, таксама названай найлепшым беларускамоўным і найлепшым рок-альбомам, а замежныя — альбому «Motherland» электроншчыка (((O))).