Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жытло для сіраты: «Дом зь дзіравым дахам, прагнілай падлогай...»


Дзіравы дах, прагнілая падлога, трухлявыя вокны — такую кватэру дала беларуская дзяржава 18-гадовай сіраце Натальлі Чарновай у вёсцы Шчэжар Магілёўскага раёну. Райвыканкам адмовіўся ўнесьці хворую на эпілепсію дзяўчыну ў сьпіс тых, хто мае патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў. Адпісалі, што мэтражу хапае. Пасьля візыту роднай цёткі Натальлі да кіраўніка раённай улады чыноўнік загадаў падначаленым абсьледаваць жытло.

«Лепш бы далі пакой у інтэрнаце»

Пра сірочую долю Натальлі Чарновай апавяла яе цётка Ганна Кухарава. Кажа, што маці пляменьніцы памерла ў 2014 годзе ад атручэньня. Разам з маці атруціўся невядомым рэчывам і бацька Натальлі, але выжыў. Праз год, аднак, скончыў жыцьцё самагубствам.

Пасьля сьмерці маці Натальля некалькі месяцаў жыла ў цётчынай сям’і ў Горацкім раёне. Ганна Паўлаўна кажа, што дзяўчына паводзіла сябе добра, пакуль не адведала старэйшую сястру Насту. Пасьля гэтага паводзіны пляменьніцы сталі невыносныя. Наста, кажа суразмоўніца, нэгатыўна ўплывае на сястру, і гэта можа скончыцца кепска, таму яна і занепакоеная лёсам Натальлі. Наладзіць стасункі зь ёю цётцы не ўдаецца.

Столь пакоя ў доме для сіраты
Столь пакоя ў доме для сіраты

Ганна Паўлаўна перакананая, што органы апекі і каледж, у якім вучылася Натальля, зрабілі памылку, калі адправілі яе па месцы прапіскі ў Шчэжар. На думку Кухаравай, пляменьніцы як сіраце маглі выдзеліць пакой у інтэрнаце, а не ў разьбітым доме. Жанчына спасылаецца на словы супрацоўніцы раённай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, якая сказала, што знос дома даходзіць да сямідзесяці працэнтаў, таму жыць у ім нельга.

«Калі б далі пакой у інтэрнаце, то ў Натальлі зьявіўся б стымул для самастойнага жыцьця. Яна б імкнулася жыць. Як яна будзе жыць у доме, не прыстасаваным для жыцьця чалавека, які перанёс эпілепсію і любы стрэс можа вярнуць хваробу?» — кажа Ганна Кухарава.

«Яе трэба было б пакласьці ў бальніцу на грунтоўнае абсьледаваньне, — дадае яна. — І гэта, прызнаю, мая памылка, бо я не настаяла ў свой час. Дарма, што ёй васямнаццаць гадоў, яна яшчэ дзіця».

Далі дом, не прыдатны для пражываньня

Шчэжар за пятнаццаць кілямэтраў ад Магілёва. Гэта даволі вялікае паселішча з карцінна ўзьведзенымі ля шашы катэджамі для маладых сямей. Дом, у якім мусіць жыць Натальля, на ўскрайку вёскі.

З Натальляй гутару на прызьбе старой хаты, у якой яна жыве разам зь сям’ёй сястры — Насты. Дзяўчына саромеецца журналіста і ад пытаньняў адгаворваецца адным-двума кароткімі сказамі. Адказваць ёй дапамагае сястра.

Столь яшчэ аднаго пакоя. Рамонт зроблены
Столь яшчэ аднаго пакоя. Рамонт зроблены

Пра дом, у якім давядзецца жыць Натальлі, яе сястра кажа: ён не прыдатны для пражываньня.

«У доме трэба рамантаваць дах, бо цячэ, падлогу, бо месцамі згніла. Такія працы пазначыла адна з камісіяў, якая прыяжджала аглядаць дом. Наагул, сытуацыя ненармальная, — кажа Наста. — Для сіраты маглі б падшукаць іншае жытло. Усё ўпіраецца ў прапіску. Калі б Натальля была прапісаная ў горадзе, дык сытуацыя была б, відаць, іншая».

Па коміне таксама вада цячэ
Па коміне таксама вада цячэ

Сама Натальля ня супраць застацца ў Шчэжары, але разьлічвае на дапамогу дзяржавы ў рамонце дому. Сваімі сіламі яна рады ня дасьць.

Натальля вучылася ў школе суседняй вёскі Раманавічы. Сёлета скончыла Магілёўскі дзяржаўны эканамічны, прафэсійна-тэхнічны каледж, і ёй знайшлі працу сарціроўшчыцы на птушкафабрыцы ў тых жа Раманавічах. Занятак дапамагла знайсьці, кажа Натальля, адміністрацыя каледжа. Дзяўчына заўважыла, што як пачне працаваць, то атрымае 9 мільёнаў рублёў дапамогі. Яе сястра пры гэтым незадаволена дадала, што траціць грошы Натальля будзе пад кантролем адміністрацыі каледжа.

У каледжы Натальля вучылася пры цэнтры прафэсійнай і сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця. Зь неахвотай, сарамліва дзяўчына прызналася, што раней яе даймалі эпілептычныя прыпадкі. Аднак, як яна сьцьвярджае, немач адступіла, і дыягназ «эпілепсія» нібыта скасавалі.

«Дзяўчына тут нават адной зімы не пражыве»

Дом, у якім мусіць жыць Натальля, непадалёк. Абкладзеная цэглай будыніна звонку выглядае няблага. Акрамя Натальлі, у доме прапісаныя Наста і двое ейных дзяцей. Тут два жылыя пакоі, кухня і сенцы.

Апошнія дзесяць год у гэтым доме жыве чужая сёстрам жанчына, якую часова ўсяліў сюды сельсавет, пасьля таго як ейны дом згарэў. Цяпер Валянціне Канстанцінаўне, гэтак завуць жанчыну, загадалі зьехаць. Рэчы ўжо спакаваныя.

«Прыехала неяк камісія і з парогу заявіла: „Вы мусіце пакінуць жытло!“ Я ўзмалілася ды прашу: „Я ж ня супраць, але дайце крыху часу, каб знайсьці іншы прытулак“. Далі, дзякуй ім, і дачка падшукала дом у іншай вёсцы. Усё, што набывалася за мае грошы ў доме, я забіраю».

Сірочы скарб
Сірочы скарб

Калі Валянціна Канстанцінаўна зьедзе з хаты, тут, акрамя сьцен з рудымі ад вільгаці шпалерамі, падгнілай падлогай ды печкай, не застанецца амаль нічога. Жанчына нават пазрывала разэткі і выключальнікі. Журналісту сказала, што разьбярэ і агароджу, бо яе таксама ставіла за свае грошы.

У адным з пакояў — рэчы Натальлі. Паводле Валянціны Канстанцінаўны, іх прывезьлі з каледжа, і яна вымушана, пакуль у хаце, іх пільнаваць. Кажа, што Натальля ўжо забрала да сястры халадзільнік.

Былая гаспадыня ахвотна паказвае пакоі і прыгаворвае: калі яго не адрамантуюць, то Натальля не перажыве ў ім і адной зімы.

«Дзяўчына тут ня зможа жыць. Гэта я за дзесяць год прызвычаілася», — кажа Валянціна Канстанцінаўна.

Адзін з пакояў у доме для сіраты
Адзін з пакояў у доме для сіраты

«Я на зіму аббівала вокны цэляфанавай плёнкай, бо цеплыню яны не трымалі. Наверх завешвала коўдраю. Рамы пагнілі. Печка цячэ па коміне. Як дажджы, то хату залівае. Дзьверы ўваходныя са шчылінамі. Я тут не прапісаная, дык рамонту ў хаце не рабіла. Для каго яго рабіць?»

Столь — у рудых плямінах ад вільгаці. Падлога пад нагамі прагінаецца, бо прагнілі, як кажа кабета, лагі. Уваходныя дзьверы са шчылінамі, ледзь трымаюцца.

Па словах Ганны Кухаравай, дакумэнтацыі на дом, куды засяляюць Натальлю, няма. Паводле яе, сям’я сястры ў ім пражыла ня больш за два гады. Апошнія сямнаццаць год гэты дом выдзялялі пад часовае пражываньне.

«У 1999 гадзе бацьку Натальлі звольнілі за п’янку з калгасу. Паколькі дом належаў гэтай гаспадарцы, яе кіраўніцтва загадала сям’і Чарновых пакінуць яго, — апавядае Ганна Кухарава.

Яны перабраліся ў тую хату, у якой жыве цяпер сястра Натальлі, але са старога жытла сям’я ня выпісалася, бо не было куды прапісацца. Гэтак і засталіся сёстры прапісаныя ў доме, у які цяпер усяляюць Натальлю».

Каледж кажа: зрабіў, што мог

Два гады ў каледжы Натальля Чарнова была пад дзяржаўнай апекай. За год да дыплёму адміністрацыя каледжа пачала зьвяртацца ў раённыя ведамствы, каб тыя далі зьвесткі пра замацаванае за сіратой жыльлё.

Паводле супрацоўніцы каледжа, 12 ліпеня 2016 году прыйшоў ліст, што жанчына, якая часова жыла па месцы прапіскі Чарновай, выехала 4 ліпеня:

«Пакуль гэтая жанчына там пражывала, яна зрабіла касмэтычны рамонт за свае сродкі. Паставіла вокны, зрабіла рамонт у пакоях, паклеіла шпалерамі сьцены, столь, адрамантавала паравое ацяпленьне, памяняла лічыльнік і разэткі. Гэтак пазначана ў паперах», — сказала супрацоўніца каледжа.

Паводле яе, кіраўніцтва навучальнай установы 18 траўня 2016 году зьвярталася з хадайніцтвам, каб навучэнку Чарнову паставілі на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў. Рашэньне было адмоўнае.

«30 траўня 2016 году нам прыйшло рашэньне пра адмову ў ажыцьцяўленьні адміністрацыйнай працэдуры, — сказала супрацоўніца каледжа. — Было напісана: «Адмовіць Чарновай Натальлі ў пастаноўцы на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў, у сувязі з забясьпечанасьцю агульнай плошчай, замацаванага жыльля плошчай больш за 15 квадратных мэтраў на аднаго чалавека».

Уваход у дом. Не пасьпелі дабудаваць
Уваход у дом. Не пасьпелі дабудаваць

«Зразумейце, у нас свайго жыльля няма, таму засяляем выпускнікоў туды, дзе яно ёсьць», — дадала суразмоўніца.

Нямала намаганьняў, паведаміла яна, кіраўніцтва навучальнай установы прыклала, каб знайсьці працу для Чарновай. «Дзяцей з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця ня дужа хочуць браць на працу, — сказала супрацоўніца каледжа.

«Нам давялося нямала абыйсьці парогаў, каб знайсьці працу непадалёк ад месца пражываньня Натальлі. Знайшлі на Прыдняпроўскай птушкафабрыцы сарціроўшчыцай яек, — апавяла пэдагог. — Як выйдзе на працу, то ёй выплацяць пад’ёмныя грошы, гэта блізу 10 мільёнаў. На працягу двух гадоў раённыя сацыяльныя службы і мы будзем ажыцьцяўляць патранат над ёю. І сацыяльныя службы ўжо зьвярнуліся ў райвыканкам, каб дапамаглі зрабіць рамонт дома. Мы зрабілі ўсё, што маглі ў гэтай сытуацыі».

Паводле суразмоўніцы, каледж дапамог Натальлі Чарновай набыць неабходныя рэчы для самастойнага жыцьця: халадзільнік, тэлевізар, талеркі, бялізну.

Сядзіба для сіраты. Часовая гаспадыня выяжджае. Ейныя пажыткі ўмясьціліся ў Камаз
Сядзіба для сіраты. Часовая гаспадыня выяжджае. Ейныя пажыткі ўмясьціліся ў Камаз

Праваабаронца: «Нахабнае парушэньне правоў безабаронных і ўразлівых»

Днямі цётка Натальлі Ганна Кухарава сама пабывала на прыёме ў старшыні Магілёўскага райвыканкаму Анатоля Дуцька. Ён даручыў падначаленым правесьці абсьледаваньне дома і разгледзець варыянты паляпшэньня жыльлёвых умоваў сіраты.

У райвыканкаме на пытаньне, ці выкананае даручэньне яго кіраўніка, адказалі, што ўзьнятая падчас прыёму праблема зь сіратой не забытая і бліжэйшым часам камісія выедзе ў Шчэжар, каб абсьледаваць дом.

У раённай жыльлёва-камунальнай гаспадарцы пакуль не займаліся домам, у які засялілі сірату. Супрацоўнік арганізацыі сказаў, што лішніх сродкаў на рамонт няма.

«Укладаць свае сродкі ў рамонт кватэраў мы ня маем права. Што тычыцца прац звонку дома, то мы можам іх зрабіць. Пасьля абсьледаваньня камісія вызначыць, хто і за якія сродкі будзе рамантаваць дом», — сказаў супрацоўнік раённай ЖКГ.

На прыёме ў старшыні Магілёўскага райвыканкаму разам з Ганнай Кухаравай быў і праваабаронца Валадар Цурпанаў. Свае ўражаньні ад сытуацыі, у якой апынулася васямнаццацігадовая дзяўчына, актывіст выказаў у сваім допісе на фэйсбуку:

«Сорамна за дзяржаву, калі сутыкаесься з нахабным парушэньнем правоў безабаронных і ўразьлівых... Сумна ад ілжывых сьцьверджаньняў пра клопат у выбарчых агітках».

У гутарцы з журналістам праваабаронца сказаў: Натальля, толькі выйшаўшы зь дзіцячага ўзросту, сутыкнулася са сьцяной рэальнага дарослага жыцьця, пры гэтым ня маючы дапамогі і рэальнай падтрымкі з боку родных.

«Сытуацыя, на жаль, звыклая, прадказальная, — кажа ён.— Ці мала прыкладаў, калі маладыя людзі, апынуўшыся сам-насам з праблемамі і цяжкасьцямі самастойнага жыцьця, выбіраюць алькаголь ці нават самагубства».

На думку праваабаронцы, Натальля стала ахвярай халатнасьці, бязьдзейнасьці ды злоўжываньня з боку супрацоўнікаў райвыканкаму, якія нібыта аглядалі хаціну і пастанавілі, што тая прыдатная для пражываньня.

Цурпанаў лічыць, што праблемаў можа было б пазьбегнуць, каб не акалічнасьці стасункаў Натальлі зь цёткай.

«Ганна Паўлаўна, — кажа Валадар, — два гады таму спрабавала апекавацца ёю, аднак унутраныя праблемы сваяцкіх дачыненьняў не дазволілі закласьці падмурак узаемнай адказнасьці. Відавочна, што каледж рабіў усё, што мог, каб дапамагчы сіраце. Але ён ня можа прымушаць райвыканкам рабіць належнае».

Ля шашы карцінна ўзьведзеныя катэджы для маладых сямей
Ля шашы карцінна ўзьведзеныя катэджы для маладых сямей

Разам з тым актывіст спадзяецца, што цяпер пэрспэктыва для Натальлі не выглядае такой змрочнай, як падавалася да сустрэчы з кіраўніком райвыканкаму. Ён заўважае:

«Супрацоўнікі райвыканкаму павінны асэнсаваць адказнасьць і трымацца цьвёрдай пазыцыі ў спрыяньні Натальлі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG