На сустрэчы зь міністрам замежных справаў Беларусі Ўладзімерам Макеем 15 лістапада ў Маскве міністар замежных справаў Расеі Ігар Лаўроў заявіў, што хваляваньні заходніх краінаў з нагоды вучэньняў «Захад-2017» выкарыстоўваліся для абгрунтаваньня разгортваньня дадатковых сілаў NATO на мяжы зь Беларусьсю і Расеяй, перадае ТАСС.
Паводле Лаўрова, яны з Макеем абмеркавалі сытуацыю ў стасунках Беларусі і Расеі з краінамі NATO:
«У прыватнасьці, выказалі заклапочанасьць спробамі дэманізаваць расейска-беларускую вайсковую супрацу, у тым ліку ў кантэксьце вучэньняў „Захад-2017“, што адбыліся ў верасьні, і выкарыстаць гэтую прапагандысцкую кампанію для таго, каб абгрунтоўваць дадатковае разгортваньне вайсковых сілаў NATO на ўсходнім флянгу».
Ці даруе Захад Беларусі вучэньні «Захад-2017»?
Суседзі Беларусі напярэдадні «Захаду» сапраўды выказвалі засьцярогі наконт магчымых правакацыяў падчас вучэньняў і наконт таго, што Расея можа пакінуць свае войскі ў Беларусі. На саміце NATO ў 2016 годзе было вырашана у адказ на агрэсіўныя дзеяньні Расеі выслаць у Польшчу і балтыйскія краіны чатыры баявыя батальёны, бранятанкавую брыгаду і падразьдзяленьне верталётаў.
Пры гэтым аналітыкі кажуць, што NATO ўсё роўна пакуль не гатовае да нападу Расеі на ўсходнім флянгу. Расея тым часам праводзіць ваенныя вучэньні ўтрая часьцей за NATO.