Кіраўніцтва NATO абвінаваціла Расею ў спробе схаваць сапраўдныя маштабы вайсковых вучэньняў, праведзеных у мінулым месяцы на тэрыторыі Беларусі.
«Ёсьць розьніца паміж дадзенымі, якія прадставіла Расея да пачатку вучэньняў і сапраўднай колькасьцю ўдзельнікаў, маштабамі і мэтамі манэўраў», — заявіў у чацьвер генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг.
Раней прадстаўнікі расейскага Міністэрства абароны заяўлялі, што ў вучэньнях «Захад 2017» возьмуць удзел 12 700 вайскоўцаў. Паводле дадзеных NATO, на самой справе на тэрыторыі ад Арктыкі да ўсходняй Украіны ў манэўрах было задзейнічана больш як 100 000 салдат і афіцэраў.
Прадстаўнік Расеі пры NATO Аляксандар Грушко аспрэчыў гэтыя паведамленьні.
«Краіны NATO падлічылі ўсе вайсковыя вучэньні, якія прайшлі ў Расейскай Фэдэрацыі і палічылі іх часткай вучэньняў «Захад», — сьцьвярджаў ён.
Паводле яго, прадстаўнікі NATO пакуль не прадставілі ніякіх доказаў у падтрымку сваіх абвінавачваньняў на адрас Масквы.