«Ніводная жанчына ня можа падпадаць пад дзеяньне гэтага дэкрэту»
Ганна Соўсь: Пачаць нашае абмеркаваньне я хацела бы зь ліста жанчыны, які прыйшоў на Свабоду.
Гэта не адзіная абсурдная гісторыя, якую даводзілася чуць апошнія месяцы. Прыводзяцца розныя лічбы патэнцыйных дармаедаў у Беларусі, каля 400 тысяч, напрыклад. Ганна, як бы вы ацанілі, колькі жанчын у Беларусі падпадаюць пад гэты дэкрэт, і як бы вы ахарактарызавалі гэтую сацыяльную групу і яе ўплыў на рэальную і будучую Беларусь?
Ганна Канапацкая: Ніводная жанчына ня можа падпадаць пад дзеяньне гэтага дэкрэту. Любая жанчына-маці даглядае сваё дзіця. Чаму калі маё дзіця даглядае выхавацель, яна атрымлівае за гэта заработную плату, і гэта праца, а калі маці даглядае за дзіцём, то гэта ня праца?
Соўсь: А з пункту гледжаньня новага дэкрэту колькі жанчын могуць лічыцца дармаедкамі? Наколькі гэта вялікая група?
Канапацкая: У мяне няма такіх статыстычных дадзеных. Гэты дэкрэт, у прынцыпе, закранае самыя неабароненыя слаі грамадзтва.
Сэндвіч-пакаленьне, пакаленьне жанчын 30+
Для маці, якая вырашае нарадзіць адна, гэта наогул азначае прамы квіток у галечу
Вольга Карач: Я вельмі дрэнна стаўлюся да гэтага дэкрэту. Сёньня ў Беларусі эканамічныя рэаліі такія, што нават у сям’і, дзе ёсьць бацька і маці, вырашыць завесьці дзіця азначае трапіць у вельмі няпростае фінансавае становішча. А для маці, якая вырашае нарадзіць адна, гэта наогул азначае прамы квіток у галечу. Калі мы паглядзім на статыстыку сёньня, то 72% сямей, якія знаходзяцца за мяжой галечы, гэта сем’і з малымі дзецьмі. У Беларусі жаночы твар у прафэсіях, якія традыцыйна вельмі нізка аплачваюцца — дактары, настаўнікі, паштальёны, бібліятэкары і г.д. І калі маці сыходзіць у дэкрэтны адпачынак, яна атрымлівае толькі 35% ад свайго заробку. Гэта азначае ў сярэднім 100 даляраў у месяц. І нават пры такіх сытуацыях, калі зьявілася малое дзіця, сям’я адразу трапляе ў вельмі вельмі цяжкае фінансавае становішча. І гэты дэкрэт яшчэ вымагае грошы ў гэтых сямей.
Гісторыя, якую вы расказалі, ня першая. У мяне ёсьць калега, якая нарадзіла сёлета і вымушаная зараз плаціць гэты падатак. Гэты дэкрэт тычыцца многіх жанчын асабліва ў рэгіёнах. Зараз наша арганізацыя ўжо кажа пра сэндвіч-пакаленьне, гэта пакаленьне жанчын 30+. Гэта жанчыны, якія засталіся ў малых гарадах, гарадах пояса галечы Беларусі, і там няма працы. І яны вымушаныя пагаджацца на нізкааплочваемую працу дзеля таго, каб мець магчымасьць і клапаціцца пра сваіх родных, і пра сваіх дзяцей. І атрымліваецца, што вельмі часта такіх жанчын ня хочуць браць на працу, таму што працадаўца паглядзіць: «О, жанчына, 30+, зь дзецьмі, яшчэ ёсьць нейкія старыя родныя, яна будзе заўсёды ці хварэць, ці яшчэ нешта». Гэта вельмі вялікая група рызыкі. І другая група — жанчыны перадпэнсійнага ўзросту, якія таксама маюць у рэгіёнах вельмі вялікія цяжкасьці з пошукам працы. Яны трапляюць у гэтае становішча, ім проста няма чым плаціць гэты падатак. Статыстыка вельмі дрэнная, як ні паглядзіш на эканамічную сытуацыю з розных бакоў. Я думаю, што гэты дэкрэт тычыцца вельмі вялікай колькасьці жанчын.
«Жанчыну ў гэтай краіне не паважаюць»
Дзяржава культывуе настроі, што маці і жанчына — гэта чалавек, які знаходзіцца на нейкім утрыманьні ў дзяржавы
Наста Дашкевіч: Гэта абсалютна жахлівы закон, які пагаршае атмасфэру ў гэтай краіне. Я ведаю безьліч маладых людзей, якія раней працавалі тут, можа, не заўсёды пасьпяхова, як яны лічылі, а зараз прынялі рашэньне зьяжджаць. Гэты закон найперш уплывае ня толькі на жанчын, людзей сярэдняга і ніжэйшага слаёў па даходах у наша краіне, ён уплывае на атмасфэру ў гэтай краіне. Дзяржава і народ не паводзяць сабе як партнэры. Калі ўлады не ўспрымаюць народ як працадаўца, а калі адносіны як у старажытным Рыме — плаці падаткі цэзару. Безумоўна, я стаўлюся да яго кепска. Жанчыны нібыта мусяць нібыта выплачваць гэты падатак, і гэта вельмі ўплывае на імідж жанчын, якія вырашылі аддаць перавагу выхаваньню сваіх дзяцей, дапамозе мужу, і, выкарыстоўваючы словы прэзыдэнта, «ахове сямейнага ачага». Выходзіць, што жанчыну ў прынцыпе ў гэтай краіне не паважаюць.
Многія маладыя мамы могуць сустрэцца (і я сустракалася, і сябры) з такімі сытуацыямі ў горадзе, калі яны гуляюць зь дзецьмі, калі падыходзяць нейкія жанчыны сталага ўзросту і робяць заўвагі, што і так няправільна, і так. І кажуць, што вось, дзіцёнак дзяржаўны, і народу вырашаць, як яго трэба выхоўваць. Мы вось гэтым людзям даем права, нейкім чынам легалізуем права называць гэтых жанчын дармаедкамі. Часта таксама кажуць, вось нараджалі дзяцей, каб не працаваць. Дзяржава культывуе настроі, што маці і жанчына — гэта чалавек, які знаходзіцца на нейкім утрыманьні ў дзяржавы. Хоць на самай справе, безумоўна, любая дзяржава мусіць быць зацікаўленая, каб жанчыны нараджалі болей, каб урэшце гэтую краіну праз 50 гадоў нехта карміў і зарабляў для яе грошы. Таму гэта жахліва і з эканамічнага чыньніка, і з псыхалягічнага, і з агульнай атмасфэры, калі грамадзяне разумеюць, што іх проста не паважаюць.
«У Авальнай залі гаварыць, што гэты дэкрэт патрэбны»
Соўсь: Паважаная Ганна, падзяліцеся досьведам вашых фармальных і нефармальных кантактаў з дэпутатамі, чыноўнікамі, наколькі папулярны гэты і як расцэньваюць ягоную эфэктыўнасьць у калідорах улады?
Канапацкая: На жаль, я сутыкалася з такой праблемай, што людзі падтрымліваюць гэты дэкрэт. Больш за тое, яны дазваляюць сабе ў Авальнай залі гаварыць пра тое, што гэты дэкрэт патрэбны, і пра тое, што яны бачаць яго мэтазгоднасьць, як сацыяльную, так і эканамічную. Мабыць, яны кажуць так, не ведаюць пра настроі, якія склаліся сёньня ў грамадзтве. Зараз праходзіць збор подпісаў за адмену гэтага дэкрэту, і, можа, такая вялікая колькасьць людзей, якая супраць яго, зможа прыцягнуць увагу прадстаўнікоў улады, і яны пераглядзяць свой пункт гледжаньня.
Соўсь: А ў Авальнай залі колькі галасоў, акрамя вашага, прагучала супраць гэтага дэкрэту?
Канапацкая: Пытаньне пра зьмены ў гэты дэкрэт яшчэ не выносілася ў Авальную залю. А ў Палаце Прадстаўнікоў пятага скліканьня, калі выносіўся гэты дэкрэт на ўхваленьне, усе былі адзінагалосна «за».
Соўсь: І апошнія дні, тыдні гэтая тэма не гучала ў Палаце Прадстаўнікоў?
Канапацкая: На жаль, не. Безумоўна, я размаўляю са сваімі калегамі-дэпутатамі, але, на жаль, мая пазыцыя пра тое, што гэты дэкрэт не павінен быць падтрыманы, не знаходзіць водгуку.
«А дзе ты працу знойдзеш у тых Бешанковічах?»
Соўсь: Супрацоўнікі падатковай інспэкцыі, на якіх ляжыць асноўны цяжар выбіваньня падаткаў на дармаедаў — з большага жанчыны. Распрацоўвала дэкрэт у розных міністэрствах і камітэтах, як падаецца, таксама значная частка жанчынаў. Няўжо ніхто зь іх ня мог паўплываць хаця б на некаторыя пункты і фармулёўкі дэкрэту, няўжо дзейнічае толькі сьляпое выкананьне?
Карач: На сёньня створаная такая сыстэма, дакладней, кажучы, сыстэмы няма. Калі нізы могуць неяк інфармаваць вярхі пра нейкія праблемы... І гэта тычыцца ня толькі дармаедаў ці падаткавай інспэкцыі. У любым нармальным грамадзтве, у любой дзяржаве гэта вельмі натуральна адбываецца. Канешне, ёсьць тое, што спускаецца зьверху, законы і іншае, але ёсьць і зваротная сувязь ад грамадзтва, і ў тым ліку ад чыноўнікаў, ці ад падаткавай, ад міліцыянтаў, якія сыгналяць, што нешта ў тым, што вы нам спусьцілі зьверху, ня так. Вось гэты канал зваротнай сувязі ў нашай дзяржаве блякаваны. І таму атрымліваецца, што сядзіць нейкая жанчына ў падатковай інспэкцыі. Яна нават напіша ліст і гэтыя праблемы апіша. І будзе толькі тое, што з ёй не працягнуць кантракт. Таму што вярхі лічаць, што вашая думка, шаноўнае спадарства, напрыклад, з Бешанковічаў, нам нецікавая. Мы самі важныя, а вы сядзіце і толькі выконваеце. Калі нязгодны — шукай працу. А дзе ты працу знойдзеш у тых Бешанковічах?
«Пагаджаліся на абсалютна бесталковую, нізкааплочваемую працу проста з пытаньня жаночай годнасьці»
Соўсь: Наста, традыцыйна жаночая хатняя праца — найбольш цяжкая, найменш заўважная, фактычна бясплатная, цяпер яе можна залічыць і да дармаедзкай. Як вы мяркуеце, ці не паўплываюць такія захады як падатак на дармаедзтва на тое, што ўсё менш жанчынаў у Беларусі захочуць нараджаць дзяцей, не аднаго, не двух ці трох, ці не паўплываюць у пэрспэктыве гэтыя захады на дэмаграфічную сытуацыю?
жанчына, якая працуе на нежаданай працы, проста будзе страчаная для гэтай дзяржавы
Дашкевіч: Цяжка сказаць, ці гэты падатак паўплывае менавіта на жаданьне нараджаць, але дакладна ён паўплывае на тых жанчын, якія з дзецьмі, дома дапамагаюць мужу. Бо гэта сур’ёзны псыхалягічны ўдар, таму што зьмяняецца стаўленьне да жанчыны ў грамадзтве. Гэта будзе закранаць плянаваньне сям’і, людзі будуць разважаць пра тое, як ім далей жыць, гэта ж таксама складана. Жанчына мае трох, напрыклад, дзетак, яна прабыла зь імі па паўтары гады ў дэкрэце, і ёй трэба знайсьці працу, якая адпавядала б яе адукацыі, якая была да дэкрэту, якая адпавядае сямейнаму бюджэту, каб яна магла разам з мужам ці нават адна падняць гэтых дзетак. Людзі заклапочаныя пэрспэктывамі. Ёсьць законы, якія маюць стваральны эфэкт, а гэты такі, які мае эфэктыўна разбуральны эфэкт. Я ведаю маладых дзяўчат, якія напярэдадні прыняцьця гэтага закону пагаджаліся на абсалютна бесталковую нізкааплочваемую працу проста з пытаньня жаночай годнасьці, таму што яны ня хочуць, каб іх муж плаціў падатак на дармаедзтва за іх. Я перакананая, што жанчына, якая працуе на нежаданай працы, проста будзе страчаная для гэтай дзяржавы — рана ці позна яна зьбярэ чамаданы і зьедзе.
«У нас грамадзтва, якое трымаецца на жанчынах»
Соўсь: Як вы мяркуеце, ці ня ёсьць гэты дэкрэт пра дармаедаў своеасаблівай лякмусавай паперай, якая пакажа, да якой ступені беларусы цярплівыя, ці наадварот пакажа, што можа выклікаць рэальную незадаволенасьць у грамадзтве? Такая лякмусавая папера для ўлады і для апазыцыі?
у межах гэтага дэкрэту, калі яна выконвае сваю прамую функцыю — гадаваньне дзяцей і ўтрыманьне дома — яна робіцца дармаедкай
Канапацкая: На жаль, у нас ужо дзяржава столькі зьдзекавалася з народу... Выклікае радасьць той факт, што людзі не сядзяць пэсымістычна склаўшы рукі, яны спрабуюць неяк з гэтым змагацца. Яны не ідуць проста, атрымаўшы «ліст шчасьця», плаціць. Людзі змагаюцца. Дастаткова вялікая колькасьць подпісаў сабраная. І мне б вельмі хацелася верыць і думаць, што гэтае стаўленьне грамадзтва дасьць уладзе зразумець, што нас шмат і што мы хочам перамен. Што ўжо няма куды закручваць гайкі — народ і так знаходзіцца ў стане дэпрэсіі. А між іншым у нас грамадзтва, якое трымаецца на жанчынах, таму што жанчыны ў большасьці, каля 93%, занятыя ў галінах, якія менш аплачваюцца — мэдыцына, сельская гаспадарка. Жанчыны ўдзельнічаюць у выбарчых камісіях, і іх удзел не дазваляе гаварыць пра тое, што сёньня нашы выбары адпавядаюць стандартам АБСЭ. Якасьць нашай адукацыі таксама сёньня пакідае жадаць большага. Атрымліваецца, што на жанчыну сёньня ідзе калясальная нагрузка. І яшчэ ў межах гэтага дэкрэту, калі яна выконвае сваю прамую функцыю — гадаваньне дзяцей і ўтрыманьне дома — яна робіцца дармаедкай.
«Жанчыны аддалі свае палітычныя правы дзяржаве»
Соўсь: Прадстаўнікі розных апазыцыйных структураў у розны час ладзяць і заплянавалі розныя акцыі пратэсту супраць непапулярнага дэкрэту пра дармаедаў. Як вы лічыце, ці змогуць гэтыя пратэсты стаць сапраўды шырокімі, і ці зможа апазыцыя скарыстацца настроямі людзей? Альбо застанецца, як найчасьцей бывае, кухонная незадаволенасьць, незадаволенасьць у сетках...
жанчыны аддалі свае палітычныя правы дзяржаве ў тым ліку і таму, што Лукашэнка вельмі моцна абяцаў, што дзяржава будзе пра іх клапаціцца
Карач: Я лічу, што гэта пакажа час. Але мне вельмі падабаецца тое, што ў прынцыпе ўсе палітычныя сілы так ці інакш спрабуюць штосьці зрабіць — акцыі пратэстаў, і зборы подпісаў, і ўлёткі, і сустрэчы з людзьмі. Пайшла такая актывізацыя. Гэта вельмі добры працэс. Зь іншага боку, тое, што адбываецца з жанчынамі, з гэтым падаткам на дармаедзтва, з гэтымі бязглуздымі ідэямі пра тое, што дзеці ў школу павінны ісьці з 5 гадоў, з тым, як дзяржава арганізуе працэс прышчэпак, калі добрыя прышчэпкі бацькі могуць атрымаць за грошы, а прышчэпка з магчымымі пабочнымі эфэктамі прапануецца бясплатна. Уся праблема ў тым, што няма палітычнага жаночага голасу. Зараз зьявілася многа добрых жаночых галасоў у палітыцы, якія кажуць пра жаночыя праблемы. Дзесяць гадоў таму гэта было вельмі цяжка рабіць, і наогул, калі нехта казаў, напрыклад, пра жаночы фокус, то ўсе глядзелі дзіўнавата. Зараз гэты працэс пачаўся.
Але жанчыны аддалі свае палітычныя правы дзяржаве ў тым ліку і таму, што Лукашэнка вельмі моцна абяцаў, што дзяржава будзе пра іх клапаціцца. Але гэта лухта. Мы бачым, што ўсе законы, якія зараз прымаюцца, гэта па сутнасьці законы супраць жанчын. І вось тут вельмі важна, ці зможа беларускае грамадзтва, беларускія жанчыны зразумець, што вось гэтымі мужчынамі, якія там сядзяць і прымаюць гэтыя законы... А я ўсё ж такі думаю, што гэты дэкрэт пра дармаедзтва прыдумаў мужчына ці група мужчын, не жанчына. Жанчына ці сама павінна адстойваць свае правы і інтарэсы, ці яна зноў чакае нейкага прынца на белым кані, якія вырашыць яе праблемы. Калі беларускія жанчыны гэта пачнуць разумець і нешта пачнуць рабіць, то ведаеце, і апазыцыя дамовіцца, і ўсе акцыі будуць нармальныя, і ўлада пачуе. Гэта вельмі важнае, ключавое пытаньне.
Соўсь: Наста, ці пагадзіліся б вы з Вольгай?
Дашкевіч: Канешне, пагадзілася б. Абсалютна слушна, што не хапае жаночых галасоў у беларускай дзяржаўнай афіцыйнай палітыцы. Калі б жанчыны сапраўды адыгрывалі нейкую ролю, хоць у нас там у прынцыпе ніхто ролю не адыгрывае, то, канешне, яны б не дапусьцілі такі законапраект. Яны мусяць прадстаўляць інтарэсы адна адной, яны разумеюць дзіцячую тэму, ахову здароўя, усю абсурдную навізну ў Міністэрстве адукацыі. Безумоўна, жаночага прадстаўніцтва не хапае. Мы мусім рухацца ў гэтым накірунку.
«Адмоўны імідж як унутры краіны, так і за яе межамі»
Соўсь: Як вы лічыце, а ці існуюць выпадкі, калі гэты дэкрэт можна было бы назваць слушным?
Канапацкая: Гэты дэкрэт адназначна павінен быць адменены, нейкія касмэтычныя зьмены, якія зараз адбыліся, усё роўна ня носяць прынцыповага характару. Я як чалавек, які займаўся бізнэсам і які разумее эканоміку, кажу, што шэрых грошай у эканоміцы быць не павінна. Людзі павінныя адчуваць сваю адказнасьць перад грамадзтвам і плаціць падаткі. Нават сёньня ў беларускім заканадаўстве існуе дастаткова мэханізмаў для таго, каб людзі, вінаватыя ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў, былі прыцягнутыя да адказнасьці. Дэкрэт не вырашае гэтых задач. Ён стварае адмоўны імідж як унутры краіны, так і за яе межамі.
«Мая прынцыповая пазыцыя — я не плачу падаткі ў Беларусі»
Соўсь: Вольга, ці ёсьць выпадкі, калі б гэты дэкрэт можна было б назваць слушным, і ваш прагноз, ці скасуюць дэкрэт альбо ізноў скарэктуюць?
Ня трэба спрабаваць зрабіць беднага чалавека яшчэ бяднейшым, калі багатаму не хапае грошай на новы мэрсэдэс
Карач: Я думаю, што гэты дэкрэт дакладна трэба адмяніць. Ёсьць пэўныя рэчы, якія проста трэба адкласьці ўбок і нават не вяртацца. Але праблема нават не ў дэкрэце. Гэты падатак дзяржава ўвяла таму, што ў яе няма грошай. Не трэба спрабаваць зрабіць беднага чалавека яшчэ бяднейшым, калі багатаму не хапае грошай на новы мэрсэдэс. Будзем казаць, што патрэбныя падаткі для аховы здароўя, для адукацыі, шмат для чаго. Але калі я плачу свае падаткі, то куды яны ідуць? Магу я іх пракантраляваць? Я як грамадзянка Беларусі не магу. Таму мая прынцыповая пазыцыя — я не плачу падаткі ў Беларусі. Не хачу. І менавіта таму, што я не хачу фінансаваць усе гэтыя вельмі дзіўныя структуры, якія вельмі дзіўным чынам выкарыстоўваюць мае грошы. Чаму ў той жа Літве, калі ты плаціш падатак на мэдыцыну, ты бачыш куды гэта ідзе? Людзі самі бачаць, напрыклад, санаторый, які лякуе пры нейкай хваробе — усё, едуць у той санаторый. Ня трэба дамагацца, выбіваць яго з дактароў, не трэба пісаць у пракуратуру, хадзіць да дэпутата, патрабаваць, каб гэты санаторый, які табе паложаны па законе, табе выдалі.
У Віцебску аднойчы нават спрабавалі ўвесьці падатак на катоў і сабак
У Беларусі ўся нашая дзяржаўная сыстэма працуе па такой прымаўцы: «У верблюда два горба, потому что жизнь борьба». Што б ты ні захацеў — патрабаваць справаздачы ад дэпутата — барацьба заўсёды. Санаторый — барацьба. Дзіцёнак, каб вучыўся на беларускай мове — барацьба. Хоць усё гэта паложана па законе. Я думаю, што тут патрэбная вельмі вялікая маштабная рэформа, у тым ліку як зьбіраюцца падаткі, на што яны зьбіраюцца і куды ідуць. Вельмі вялікая дыскусія ў беларускім грамадзтве, а потым вялікія рэформы. Таму што зараз сытуацыя такая, што ўсе, хто можа, будуць спрабаваць не плаціць падаткі. Таму што гэта не падаткі зараз. Мы плацім нейкія грошы, іх нейкім чынам дзяржава выкарыстоўвае, куды невядома, але калі ты пачынаеш пытацца, у цябе зьяўляецца міліцыя, пачынаюць іншыя непрыемнасьці здарацца, губляеш працу і гэтак далей. Тут праблема маштабная. Гэтая сыстэма Лукашэнкі падыходзіць прыродна-лягічным шляхам да свайго канца. Але людзі павінны зразумець: паміж грамадзянамі і дзяржавай павінны быць просты, ясны дагавор — што мы плацім, за што, куды і як мы можам гэта пракантраляваць. Гэтая сыстэма павінна быць празрыстай. Зараз сыстэма непразрыстая, таму будуць зьяўляцца падаткі на ваду, на паветра. У Віцебску аднойчы нават спрабавалі ўвесьці падатак на катоў і сабак, на тое, што ім патрэбна вада — 3 літры на ката, 5 на сабаку.
«Гэты дэкрэт, на жаль, не скасуюць»
Соўсь: Наста, вы і ваш муж Зьміцер ужо шмат гадоў ведаеце, што такое барацьба. Ваш прагноз, ці скасуюць дэкрэт пра дармаедаў і калі альбо ізноў скарэктуюць і ці ёсьць выпадкі, калі б гэты дэкрэт можна было б назваць слушным?
Дашкевіч: Я думаю, што гэты дэкрэт, на жаль, не скасуюць, а можа нейкім чынам адшліфуюць, выкінуўшы больш спрэчныя моманты, але пакінуўшы фінансавую нагрузку на грамадзтва, бо пакуль ёсьць такая не кантраляваная грамадзтвам улада, гэта абсурд будзе жыць, бо грошай у казьне бліжэйшым часам не прыбавіцца.
тут патрэбен пернік
Я лічу, што гэты дэкрэт нельга нейкім чынам апраўдаць ці лічыць слушным, а мусіць быць нейкая адмысловая кампанія для тых, хто пазьбягае выплаты падаткаў. Напрыклад, ёсьць жа акцыі, калі можна без наступстваў здаць зброю ў міліцыю. Хай бы былі б акцыі раз на год, калі можна было б без наступстваў прызнацца, што ты ня плаціш падаткі, заплаціць і жыць далей. Таму што гэты закон б’е па ніжнім і сярэднім слаям насельніцтва, а бізнэсоўцам, якія не плацяць падаткі, на якіх можа быць чыста тэарэтычна і быў разьлічаны гэты закон, нічога не каштуе заплаціць гэтую суму, гэта не б’е ім па кішэнях. Ды і бясплатнай мэдыцынай, на якую спасылаюцца, думаю, яны не карыстаюцца, і ежы ў крамах у нас няма па сацыяльных тарыфах. Таму я лічу, што гэта няслушны закон, і калі дзяржава хоча, каб людзі працавалі, трэба ствараць умовы, каб людзі зараблялі і плацілі дзяржаве. Трэба дапамагчы рэгістраваць свае фірмы, дапамагчы са стартавым капіталам, рабіць дзяржаўныя праекты пад праблемы свайго грамадзтва. Бо проста трэба ведаць, чым жывуць людзі, і адпаведна, калі людзі будуць разьвіваць свой патэнцыял, свае таленты, малыя бізнэсы, тады і дзяржава адчуе карысьць ад гэтага. То бок тут патрэбен пернік.
Толькі жанчыны. Кожную сераду паўгадзінная дыскусія зь вядучай Ганнай Соўсь. Кампэтэнтныя і крэатыўныя жанчыны абмяркоўваюць розныя тэмы, нечаканыя павароты, незвычайныя ракурсы.