Да 16 чалавек павялічыўся сьпіс затрыманых у справе «Белага легіёну», пра якіх сваякам, адвакатам і праваабаронцам вядома, што ім выстаўлена абвінавачаньне па 3 частцы 293 артыкула КК — гэта навучаньне і падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках. Цяпер да сьпісу дадаліся Віктар Данілаў і Андрэй Дундукоў.
Пра тое, што Віктару Данілаву выставілі абвінавачаньне, карэспандэнту Свабоды паведаміла ягоная нявеста Юля Букштыновіч.
«Учора маці Віктара размаўляла з адвакатам, які прыйшоў з КДБ, і той паведаміў, што абвінавачаньне выстаўленае. Сказаў яшчэ, што псыхічны стан Віктара нармальны, ніякіх гістэрык, трымаецца добра. Больш інфармацыі няма. Раней я атрымала ад яго ліст. Ён паведаміў, што зь ім усё нармальна, шмат чытае, у прыватнасьці Бальзака, ні на што ня скардзіўся», — кажа Юля Бурштыновіч.
Пра абвінавачаньне, выстаўленае Андрэю Дундукову, паведаміла Ніна Шыдлоўская.
«Размаўляла з жонкай Андрэя, і тая сказала, што прыйшоў ад яго ліст, у якім Андрэй паведаміў, што і яму выставілі абвінавачаньне. Усё астатняе як ва ўсіх».
Такім чынам, сьпіс тых, каму выстаўлена абвінавачаньне паводле 3 часткі 293 артыкула, выглядае цяпер гэтак:
- Аляксей Абрамаў
- Андрэй Бяляўскі
- Юры Гурын
- Віктар Данілаў
- Зьміцер Дашкевіч
- Андрэй Дундукоў
- Іван Кавальчук
- Андрэй Комлік-Ямацін
- Міраслаў Лазоўскі
- Мікалай Міхалькоў
- Дзьмітры Новік
- Яўген Палтаржыцкі
- Сяргей Пальчэўскі
- Уладзімер Румянцаў
- Сяргей Стрыбульскі
- Аляксандар Яўдаха
На сайце КДБ дагэтуль афіцыйна не пацьверджана выстаўленьне абвінавачаньняў затрыманым у справе «Белага легіёну».
Апошні ў сьпісе затрыманых па справе «Белага легіёну» — Віктар Мароз, якога супрацоўнікі КДБ затрымалі 3 красавіка. Зьвестак пра ягонае далейшае працэсуальнае становішча пакуль няма.
9 з раней затрыманых грамадзян цягам апошніх дзён былі вызваленыя. Апошнім адпусьцілі Сяргея Кулініча з партыі «Народная грамада».
Паводле 3 часткі 293 артыкула КК пагражае да 3 гадоў пазбаўленьня волі.