Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы затрыманы ў справе «Белага легіёна» — Віктар Мароз

абноўлена

Сьледчы ізалятар КДБ
Сьледчы ізалятар КДБ

Імя яшчэ аднаго затрыманага па справе «Белага легіёна» — Віктар Мароз. Ён кіруе адной зь менскіх фірмаў, якая займаецца дыстрыбуцыяй. Увечары бацьку Віктара Мароза паведамілі з КДБ, што сына затрымалі на 3 дні паводле падазрэньняў у 3 частцы 293 артыкулу — падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках.

«У сваякоў застаецца надзея, што хлопца выпусьцяць без затрыманьня. Юнаком ён уваходзіў у „Белы легіён“, але тое было даўно», — сказала карэспандэнту Свабоды Ніна Шыдлоўская, былая жонка экс-актывіста «Белага легіёну» Міраслава Лазоўскага, якому выставілі абвінавачаньне ў навучаньні або падрыхтоўцы асобаў да ўдзелу ў масавых беспарадках.

Паводле Ніны Шыдлоўскай, у КДБ чыняць пэўны ціск на Міраслава Лазоўскага.

«Можна казаць пра псыхалягічны і маральны ціск. Паміж допытамі да яго прыходзяць супрацоўнікі камітэту, праводзяць розныя гутаркі, ціснуць маральна, і практычна з гэтай прычыны ён сябе вельмі кепска адчувае. У яго галаўны боль, ня можа спаць. Тое, што паміж допытамі не павінна быць ніякіх дзеяньняў без удзелу адваката — гэта не вытрымліваецца», — кажа Ніна Шыдлоўская.

З 26 затрыманых па справе «Белага легіёну» на 3 красавіка было вядома пра 6 вызваленых зь вязьніц і пра выстаўленьне абвінавачаньняў 7 чалавекам. Гаворка пра вызваленых Сяргея Барстка, Дзьмітрыя Крамянецкага, Рамана Васільева, Арцёма Леўчанку, Уладзімера Яроменка, Вячаслава Дукшта ды Ільлю Грэка. Абвінавачаньні на дадзены момант, паводле адвакатаў і сваякоў, былі выстаўленыя 10 затрыманым. Гэта Міраслаў Лазоўскі, Зьміцер Дашкевіч, Сяргей Пальчэўскі, Іван Кавальчук, Яўген Палтаржыцкі, Сяргей Стрыбульскі, Аляксей Абрамаў, Алесь Яўдаха, Уладзімер Румянцаў і Андрэй Бяляўскі.

Як складаюцца лёсы астатніх затрыманых?

«Дакладных зьвестак няма, але адзін з адвакатаў сказаў у прыватнай гутарцы: «Калі 10 дзён, якія дазволена трымаць без абвінавачаньня, мінулі, а чалавек ня выйшаў на волю — значыць, таксама выставілі абвінавачаньні, толькі пра гэта яшчэ невядома. Але мы спадзяёмся, што пра некага гэты прагноз дакладна не пацьвердзіцца», — сказала Ніна Шыдлоўская.

У КДБ зьвесткі пра выстаўленьне абвінавачаньняў затрыманым у справе «Белага легіёну» не камэнтуюць.

Паводле 3 часткі 293 артыкула КК, які інкрымінаваны арыштаваным у справе «Белага легіёну», ім пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.

Фігуранты справы «Белага легіёну»

Што такое «Белы легіён»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG