Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэдыянны заробак беларуса — 635,4 рубля. Што гэта і чаму так мала


Выява ў вялікім памеры

Паводле справаздачы аб сацыяльна-эканамічных паказьніках Беларусі за 2017 год, які апублікаваў «Белстат», мэдыянны заробак у Беларусі за лістапад 2017 году склаў 635,4 рубля.

Афіцыйныя лічбы мэдыянных заробкаў публікуюцца нячаста (і ў дакладзе на іх не акцэнтуецца ўвага), але яны заўсёды адчувальна меншыя за лічбы сярэдніх заробкаў. Так, за лістапад 2017 году мэдыянныя заробкі былі на 200 рублёў меншымі за сярэднія — 836,9 рубля (у сьнежні сярэдні заробак «накруцілі» да амаль 1000 рублёў).

Калі сярэдні налічаны заробак гэта сума ўсіх заробкаў у краіне, падзеленая на колькасьць тых, хто атрымаў заробак (да выманьня падаткаў і збораў), то мэдыянным заробкам лічыцца ня як «сярэдні па грошах», а як «сярэдні па людзях».

Мэдыянны заробак — такі, які атрымаў умоўны чалавек «зь сярэдзіны рэйтынгу», калі палова людзей зарабіла больш за яго, а палова менш за яго. То бок, калі б у краіне працаваў 101 чалавек і быў бы рэйтынг іхных заробкаў, то мэдыянным быў бы заробак 51-га ў рэйтынгу.

Мэдыянны заробак заўважна ніжэйшы за сярэдні, бо заробкі разьмяркоўваюцца ня роўна на ўсіх і не паводле разьмеркаваньня Гаўса (або нармальнага разьмеркаваньня). «Багатых» па беларускіх мерках значна меней за бедных. Больш за 1000 рублёў мае толькі кожны пяты беларус (20% — далёка не палова), але амаль кожны дзясяты беларус мае заробкі менш за 300 рублёў. І гэта да адлічэньня падаткаў і збораў.

Ёсьць таксама паказьнікі, якія ўлічваюць падаткі і зборы. Так, Белстат прыводзіць лічбы рэальных грашовых даходаў: за студзень-лістапад 2017 году на месяц на душу насельніцтва выходзіла ўсяго 551,7 рубля. Гэта сума ўсіх грашовых даходаў (у тым ліку стыпэндыяў, пэнсіяў, замежных пераводаў, адсодкаў па дэпазытах), зь якой вымаюць падаткі і зборы, падзеленая на колькасьць насельніцтва (у тым ліку дзяцей і пэнсіянэраў) і скарэктаваная на інфляцыю. Рэальныя даходы пры гэтым растуць заўважна павольней за сярэднія заробкі (да верасьня мінулага году рэальныя даходы амаль тры гады падалі).

Аляксандар Лукашэнка больш за 10 год абяцае беларусам заробкі «па пяцьсот» даляраў (апошнім часам кажа «па тысячы рублёў»). Але па выніках 2017 году ня толькі рэальныя, а і налічаныя сярэднія заробкі не дасягнулі 1000 рублёў. «Па пяцьсот» даляраў пакуль атрымлівае не адзін сярэднестатыстычны беларус, а адна сярэднестатыстычная беларуская сям’я.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG