Міністры замежных справаў Эўразьвязу зьбіраюцца ў Варшаве 7–8 траўня на нефармальнае паседжаньне Эўрапейскай рады, а празь дзень рушаць у Львоў, каб прадэманстраваць салідарнасьць з Украінай, пакуль Расея сьвяткуе Дзень Перамогі, піша эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.
Гэтыя сустрэчы — не афіцыйныя паседжаньні Эўрапейскай рады, таму на іх наўрад ці аб’явяць нешта канкрэтнае. Але чакаецца, што міністры замежных справаў запусьцяць працэс стварэньня спэцыяльнага трыбуналу для расьсьледаваньня злачынстваў агрэсіі, учыненых ва Ўкраіне Расеяй, і прыцягненьня яе да адказнасьці.
Спэцыяльны трыбунал за злачынства агрэсіі супраць Украіны будзе афіцыйна створаны ў Люксэмбургу 14 траўня, калі адбудзецца паседжаньне Камітэту міністраў Рады Эўропы.
Што такое Спэцыяльны трыбунал за злачынства агрэсіі супраць Украіны?
Неўзабаве пасьля таго, як Расея пачала поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну ў лютым 2022 году, Міжнародны крымінальны суд (МКС) пачаў расьсьледаваньне паводле абвінавачаньняў у ваенных злачынствах, злачынствах супраць чалавечнасьці і генацыдзе, учыненых расейскімі войскамі. Сюды ж уваходзяць злачынствы на тэрыторыі Ўкраіны, пачынаючы з рэвалюцыі на Майдане, г. зн. зь лістапада 2013 году.
Новы трыбунал будзе разглядаць так званыя злачынствы агрэсіі, над якімі МКС ня мае юрысдыкцыі. Гэта будзе міжнародны суд, заснаваны на ўкраінскай юрысдыкцыі з так званай правасуб’ектнасьцю паводле міжнароднага права, украінскага заканадаўства і заканадаўства краіны знаходжаньня, якую яшчэ ня вызначылі — спачатку меркавалася, што гэта будзе францускі горад Страсбург, бо тут афіцыйная рэзыдэнцыя Рады Эўропы, але трыбунал можа апынуцца ў Гаазе.
Што лічыцца злачынствам агрэсіі?
Згодна з праектам статуту трыбуналу, зь якім азнаёмілася Радыё Свабода, «злачынства агрэсіі» азначае «плянаванне, рыхтаваньне, ініцыяваньне ці выкананьне асобай на пасадзе, якая мае магчымасьць эфэктыўна ажыцьцяўляць кантроль або накіраваньне палітычных ці ваенных дзеяньняў дзяржавы, акту агрэсіі, які сваім характарам, цяжкасьцю і маштабам становіць сабой відавочнае парушэньне Статуту Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў».
Далей у статуце адзначаецца, што «акт агрэсіі» азначае «ўжываньне дзяржаваю ўзброенай сілы супраць сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасьці або палітычнай незалежнасьці іншай дзяржавы».
Многія дзеяньні, якія Расея прадпрыняла ў апошнія гады, такія як акупацыі, анэксіі, морскія блякады і бамбаваньні як вайсковых, так і цывільных цэляў ва Украіне (хоць Расея адмаўляе, што такая інфраструктура ёсьць аб’ектам нападу), ёсьць актамі агрэсіі. У юрыдычным пляне ўварваньне Расеі разглядаецца як «несправядлівая вайна» або «заваёўніцкая вайна».
Такім чынам, тэрмін «злачынства агрэсіі» мае шырокае значэньне і можа таксама ахопліваць дзеяньні, якія разглядаюцца як ваенныя злачынствы ці генацыд. Трыбунал будзе шчыльна супрацоўнічаць з МКС пры разьмеркаваньні справаў.
Трыбунал будзе мець паўнамоцтвы «расьсьледаваць дзеяньні, перасьледаваць і судзіць асобаў, якія нясуць найбольшую адказнасьць за злачынства агрэсіі супраць Украіны».
Злачынствы агрэсіі — гэта, іншымі словамі, тое, што вядома як «злачынствы кіраўніцтва», учыненыя, як адзначаецца ў тэксьце, «асобай на пасадзе, якая мае магчымасьць эфэктыўна ажыцьцяўляць кантроль або накіраваньне палітычных ці ваенных дзеяньняў».
Пад гэтае азначэньне падпадаюць палітыкі Расеі і патэнцыйна палітыкі іншых краін, якія спрычыніліся да падрыву тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, а менавіта Беларусі, Ірану і Паўночнай Карэі.
Ці мае Пуцін імунітэт ад крымінальнага перасьледу?
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і яго блізкае атачэньне маюць імунітэт ад крымінальнага перасьледу падчас знаходжаньня на пасадзе ў адпаведнасьці з так званым «трыкутнікам імунітэту» для дзейных прэзыдэнтаў, прэм’ер-міністраў і міністраў замежных справаў. Часта гэта тычыцца і міністраў абароны.
Тэхнічна гэты імунітэт можа скасаваць Арганізацыяй Абʼяднаных Нацыяў, але з увагі на тое, што Расея пастаянны чалец Рады Бясьпекі ААН, нават гэтая тэхнічная магчымасьць хутчэй тэарэтычная.
Хутчэй за ўсё, трыбунал будзе мець шмат завочных слуханьняў і рашэньняў, што паводле праекту яго статуту дазваляецца.
Што ж менавіта зробіць Трыбунал?
Асноўная група краін зьбірае доказы разам з Украінай з 2023 году, таму праца ўжо ідзе поўным ходам. Гэта нешта накшталт «юрыдычнай кааліцыі ахвочых» у складзе каля 40 краін, у тым ліку бальшыні з 27 краін ЭЗ (мінус Вугоршчына й Славаччына); краін «Вялікай сямёркі» з выняткам Злучаных Штатаў, якія нядаўна далі зразумець, што ня будуць удзельнічаць; іншых краіны Рады Эўропы. Аднак кожная краіна можа далучыцца ў кожны момант.
Кіроўны камітэт, які складаецца з службоўцаў асноўнай групы краін, зараз будзе выбіраць судзьдзяў і пракурора. У праекце статуту адзначаецца, што «судзьдзямі Спэцыяльнага трыбуналу маюць быць асобы высокіх маральных якасьцяў, бесстаронныя і сумленныя, якія валодаюць кваліфікацыяй, неабходнай у іхных краінах для прызначэньня на найвышэйшыя судовыя пасады. Яны маюць быць незалежнымі пры выкананьні сваіх функцыяў і не павінны прымаць або прасіць інструкцыяў ад усякага ўраду або ўсякай іншай крыніцы. Ніякія двое судзьдзяў ня могуць быць грамадзянамі адной дзяржавы».
Кіроўны камітэт будзе абіраць на сем гадоў пракурора таемным галасаваньнем і абсалютнай большасьцю галасоў.
Калі трыбунал прызнае пэўны бок вінаватым, яму можа пагражаць ад некалькіх гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага зьняволеньня, а таксама штрафы. Асуджаныя будуць адбываць пакараньне ў дзяржаве, якая заключыла спэцыяльнае пагадненьне з трыбуналам. Калі такой краіны ня будзе, «пакараньне можа адбывацца ва Ўкраіне».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.