Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад апазыцыі ў кандыдаты ідуць каля 250 чалавек


Пікет па зборы подпісаў за вылучэньне кандыдатам у дэпутаты Алеся Лагвінца
Пікет па зборы подпісаў за вылучэньне кандыдатам у дэпутаты Алеся Лагвінца

Акруговыя камісіі пачалі правяраць сапраўднасьць подпісаў выбарцаў і іншых дакумэнтаў патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня.

Свабода высьвятляла, зь якімі сіламі ўступаюць у гэты этап кампаніі апазыцыйныя партыі і грамадзкія арганізацыі.

Васіль Палякоў — намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі:

«На зьезьдзе нашай партыі вылучана 70 кандыдатаў. Магчыма, адзін-два зь іх не скарысталіся сваім правам на вылучэньне. Пакуль мы ўдакладняем сытуацыю».

Ігар Барысаў — першы намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада):

«Зьезд даў зялёнае сьвятло 34 нашым актывістам. Як мінімум два зь іх ня будуць удзельнічаць у далейшай кампаніі. Сярод іх — Сяргей Статкевіч. Разам з кіраўніком нашай Гомельскай абласной арганізацыі ён учора павёз дакумэнты ў камісію. Але яму патэлефанавалі з засакрэчанага нумару мабільніка і папярэдзілі пра магчымыя непрыемнасьці. Сяргей на гэта не адрэагаваў. Але калі на самым парозе райвыканкаму прагучаў другі званок і той жа голас паўтарыў пагрозу, Сяргей расхваляваўся і разгубіўся. У выніку ён ня здаў дакумэнты на праверку».

Зьміцер Салошкін — адказны сакратар управы Сойму Партыі БНФ:

«З розных прычын 9 чалавек з 72, якіх падтрымаў наш партыйны зьезд, не падалі дакумэнты на праверку. На кагосьці быў ціск на працы, у некаторых знайшліся асабістыя абставіны».

Валер Ухналеў — кіраўнік выбарчага штабу партыі «Справядлівы сьвет»:

«Пакуль ведаю пра дзьве страты. Не змаглі здаць дакумэнты нашыя два вылучэнцы. Адзін, дальнабойшчык, не пасьпеў вярнуцца зь Нямеччыны. Другога, які працуе ў Расеі, затрымалі працоўныя справы. Хоць ёсьць і адваротны прыклад. Адзін наш кандыдат, які часова працуе ў Сургуце, прыляцеў адтуль і своечасова перадаў дакумэнты на праверку. Усяго ж мы вылучалі 50 чалавек».

Сяргей Вазьняк — кіраўнік выбарчага штабу грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду»:

«Мы перадалі неабходны набор дакумэнтаў на 25 кандыдатаў. Яшчэ 4 не змаглі сабраць неабходную колькасьць подпісаў. Зьвярну ўвагу на тое, што 21 наш вылучэнец з 25 — гэта новыя твары ў беларускай палітыцы».

Юрась Губарэвіч — першы намесьнік старшыні руху «За свабоду»:

«У нас будзе каля 15 кандыдатаў. Цяпер удакладняем гэтую лічбу. Справа ў тым, што, у адрозьненьне ад палітычных партыяў, мы ня можам вылучаць нашых актывістаў празь зьезды. Адзін для нас магчымы варыянт — праз збор подпісаў. Аднак сярод нашага актыву ёсьць і сябры апазыцыйных партыяў. Таму мы ўсё ўдакладняем, каб не было падвойнага ўліку».

Такім чынам, дэмсілы агульнымі намаганьнямі вылучылі пад 250 кандыдатаў.

На праверку сапраўднасьці сабраных подпісаў і іншых дакумэнтаў патэнцыйных кандыдатаў прадугледжана 10 дзён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG