На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць палітычны аглядальнік Паўлюк Быкоўскі і намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.
Цыганкоў: Што можна адзначыць на гэтым этапе кампаніі? Як да гэтых выбараў ставіцца ўлада і як выглядаюць першыя крокі апазыцыі?
Быкоўскі: Калі казаць пра адметнасьць гэтай выбарчай кампаніі, то варта зьвярнуць увагу на абмеркаваньне кандыдатур пры вылучэньні іх у склад выбарчых камісіяў. Упершыню гэта адбывалася шматгадзінна, называліся дадатныя і адмоўныя якасьці вылучэнцаў. Разам з тым гэта была фармальнасьць, бо рашэньні прымаліся выканаўчымі органамі, якія, вядома, не хацелі бачыць у камісіях прадстаўнікоў апазыцыі. Летась было 0,01% прадстаўнікоў апазыцыі ў выбарчых камісіях, а на гэтых выбарах гэтая лічба дайшла да 0,1%. «Пэўны прагрэс ёсьць».
Калі казаць пра актыўнасьць самой апазыцыі, то яна ня вельмі высокая. Усе апазыцыйныя партыі вылучылі 303 чалавекі на 66 тысяч месцаў. Гэта, натуральна, кропля ў моры. Але нават зь іх у камісіі ўключылі толькі 53 чалавекі. То бок толькі 17 працэнтаў заяваў ад апазыцыі было задаволена. І тут можна разважаць, ці апазыцыя кепска падбірала кадры, ці камісіі былі надта пераборлівыя і не хацелі бачыць апанэнтаў улады ў камісіях. Традыцыйна можна схіляцца менавіта да другога варыянту.
Губарэвіч: Статыстыка няпоўная, бо вядзецца ўлік толькі па афіцыйна зарэгістраваных партыях. Або, як вядома, шмат якія апазыцыйныя структуры дзейнічаюць без рэгістрацыі, або вылучацца кандыдаты, якія не належаць да зарэгістраваных структураў. Напрыклад, актывісты руху «За свабоду» альбо БХД.
Сярод маіх 21 вылучэнца ва ўчастковыя камісіі па маёй 108-ай акрузе больш за траціну — гэта былі беспартыйныя людзі, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў. Падобная сытуацыя ў Алеся Лагвінца, дзе вылучаліся 35 чалавек шляхам збору подпісаў, і натуральна, што яны ня трапілі ў афіцыйную статыстыку. Так што лічба адмоваў значна большая за тую, якую прапануе спадарыня Ярмошына.
Цыганкоў: Дык колькі было ўключана ў камісіі з усіх вашых вылучэнцаў?
Губарэвіч: У маёй акрузе быў уключаны адзін чалавек. Але тут спрацаваў іхні падыход, калі «дазволілі» таму, хто будзе прадстаўлены ў камісіі, якая працуе адзін дзень. Гэта так званыя закрытыя камісіі — мэдычныя ўстановы або вайсковыя часьці.
Там нават сіламі назіральнікаў можна адсачыць працэс галасаваньня. Так што ўлада ішла шляхам як найменшых перашкодаў для сябе, для правядзеньня выбараў паводле тых прынцыпаў, як яны праводзяцца ўжо 20 гадоў.
Цыганкоў: А якія настроі грамадзтва падчас гэтай кампаніі? Вы самі актыўна стаіце ў пікетах. Калі шчыра — як можна апісаць цяперашні настрой грамадзтва? Ці праяўляюць людзі нейкі інтарэс да апазыцыйных кандыдатаў?
Губарэвіч: Калі ахарактарызаваць коратка, то можна сказаць, што ў грамадзтве пануе апатыя. Улады прывучылі людзей, што на выбарах нічога не мяняецца і што якія б добрыя ні былі кандыдаты, калі яны не знаходзяцца ў сьпісах улады, то шанцаў выйграць на выбарах у іх ніякіх. Такія настроі найбольш пашыраныя ў Менску, дзе грамадзтва больш сочыць за падзеямі праз інтэрнэт і разьбіраецца ў тым, што адбываецца падчас выбараў.
Трохі іншыя настроі ў рэгіёнах. Шмат гарадоў мы наведалі з калегамі з правацэнтрысцкай кааліцыі, былі на пікетах нашых вылучэнцаў. У малых гарадах актыўнасьць людзей значна вышэйшая. Можа, ад таго, што там найбольш востра адчуваецца эканамічны крызіс. Да апазыцыі няма ніякай агрэсіі, нэгатыву, людзі кажуць, што павінна быць новая ўлада, што парлямэнт знаходзіцца ў стане багны і гэта не на карысьць Беларусі. З такімі падыходамі згодныя нават тыя, хто па-ранейшаму падтрымлівае ўладу.
Быкоўскі: Я размаўляў з прадстаўнікамі розных ініцыятыўных групаў — як апазыцыйных, гэтак і праўладных. Тыя, якія ў Менску — збольшага ўсе скардзіліся на невялікую ахвоту людзей ставіць подпісы. Гэта для сталіцы ўжо трывалая тэндэнцыя. Да таго ж кампанія адбываецца летам, у ня самы спрыяльны для палітыкі час.
З другога боку, у рэгіёнах кампанія сапраўды адбываецца больш актыўна — бо там меншая дыстанцыя паміж выбаршчыкамі і людзьмі, якія вылучаюцца. Прасьцей знайсьці адзін аднаго і паразумецца, данесьці сваю думку. Ёсьць, аднак, і вылучэнцы, якія ўпершыню трапілі ў гэтую акругу — жывуць у Менску, а вылучацца ідуць у рэгіёны. Ёсьць таксама спробы выбаршчыкаў дастукацца да нейкага начальства, якое можа вырашыць праблему — гэта таксама працуе. Нават Лідзія Ярмошына паведаміла, што значная частка скаргаў у ЦВК была зьвязаная з вырашэньнем уласных праблемаў.
Цыганкоў: На кожных выбарах актывізуюцца дыскусіі, ці трэба апазыцыі браць удзел у выбарах. На гэтым этапе выбарчай кампаніі — ці апраўдаліся вашы чаканьні наконт «выхаду да людзей», «павелічэньня колькасьці ўдзельнікаў палітычнага працэсу»?
Губарэвіч: Ужо цяпер можна сказаць, што гэтыя выбары ня будуць чорна-белымі і безальтэрнатыўнымі. Па маёй акрузе падалі дакумэнты 8 ініцыятыўных групаў. Відавочна, што ня ўсе яны належаць да каманды ўладаў. Ёсьць тыя, хто хоча паспрабаваць удачу і стаць дэпутатам, ёсьць тыя, хто хоча данесьці сваю пазыцыю.
Вельмі важна для апазыцыі ў цэлым, калі яна хоча быць заўважаная грамадзянамі — працаваць на кантрасьце. Паказваць, што ёсьць альтэрнатыва. І яна ня толькі ў праграмах і асобах, яна павінна вылучацца і візуальна — таму мы выстаўляем пікеты пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
І тут адразу мы бачым, хто нашы прыхільнікі. Людзі падыходзяць, дзякуюць, што мы зьявіліся, пытаюцца, чаму так рэдка нас можна пабачыць. Даводзіцца і гэта тлумачыць. Калі б мы сядзелі ў гэты час дома на канапах, то, напэўна, не змаглі б скарыстацца такой магчымасьцю — здабыць новых прыхільнікаў і данесьці свае ідэі.