Выданьне Times піша, што Мэланія можа аказваць куды большы ўплыў на палітычныя погляды свайго мужа, чым многія меркавалі. Брытанская газэта называе яе «нечаканым саюзьнікам Зяленскага» ў Белым доме і нават самым уплывовым лабістам у інтарэсах Украіны.
Ці была Мэланія Трамп прычынай зьмены стаўленьня свайго мужа да Ўладзіміра Пуціна? Гэтым пытаньнем сусьветныя СМІ задаюцца пасьля прамовы прэзыдэнта ЗША ў Авальным кабінэце, калі ён паабяцаў увесьці 100-працэнтныя мыты супраць Расеі і яе гандлёвых партнэраў, калі тая за 50 дзён ня спыніць агонь ва Ўкраіне, піша «Настоящее время».
«Я прыходжу дадому і кажу першай лэдзі: «Я сёньня гаварыў з Уладзімірам, у нас была выдатная размова», а яна адказвае: «Праўда? А ў навінах паведамляюць пра новую атаку», — сказаў Трамп на брыфінгу 14 ліпеня.
Мэланіі Трамп, да замужжа Кнаўс (Knavs), — 55 гадоў. Яна нарадзілася за «жалезнай заслонай», у былой Югаславіі. «Калі я была маленькай дзяўчынкай у Славеніі, якая тады была пад камуністычным рэжымам, я часта чула пра дзівосную краіну пад назвай Амэрыка — краіну свабоды і магчымасьцяў», — казала першая лэдзі ЗША ў 2020 годзе. Падчас першага прэзыдэнцкага тэрміну Трампа Мэланія некалькі разоў была на сустрэчах з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Адна зь іх, у Хэльсынкі, выклікала мноства рэакцыяў у сацыяльных сетках: карыстальнікі зьвярталі ўвагу на выраз твару першай лэдзі.
Публічна Мэланія Трамп не камэнтавала палітыку расейскага прэзыдэнта. У першыя дні поўнамаштабнага ўварваньня Расеі яна падтрымала Ўкраіну.
«Гэта жудасна і неймаверна — бачыць пакуты невінаватых людзей. Мае думкі і малітвы з украінскім народам. Калі ласка, калі маеце магчымасьць, зрабіце ахвяраваньне ў Чырвоны Крыж, каб дапамагчы ім», — напісала Мэланія Трамп у твітэры (цяпер сацыяльная сетка X) 28 лютага 2022 году.
Пасьля пераабраньня Дональда Трампа на другі тэрмін Мэланію Трамп абмяркоўвалі расейскія прапагандысты: на тэлеканале «Россия 1» паказалі аголеныя здымкі былой мадэлі для часопіса GQ у 2000 годзе.
Амэрыканістка Аляксандра Філіпенка адзначае, прэзыдэнт ЗША раней ня згадваў у прамовах Мэланію Трамп у кантэксьце палітыкі. Пры гэтым вядома, што першая лэдзі не щва ўсім згаджаецца са сваім мужам.
«Яна цалкам выразна ў сваёй кнізе [мэмуараў, апублікаванай у 2024 годзе,] піша, што яна pro-choice, у той час як усе выбарнікі Дональда Трампа — pro-life, гэта значыць праціўнікі абортаў. Адпаведна мы разумеем, што яна не прысутнічае ў полі абмеркаваньня ў Дональда Трампа ў пытаньнях палітыкі. І першы раз, калі Трамп узгадаў Мэланію, было акурат пытаньне Ўкраіны. Гэта, імаверна, нам гаворыць аб тым, што гэта сапраўды тая тэма, якую яна зь ім абмяркоўвала, і тая тэма, у якой яна можа аказваць пэўны ўплыў, зважаючы на тое, што ў многіх тэмах унутранай палітыкі яны відавочна не сыходзяцца ў думках».
Украінскія інтэрнэт-карыстальнікі ў гэтыя дні выказваюць максымальную сымпатыю першай лэдзі і публікуюць мэмы з выявамі Мэланіі. Адзін зь іх выклаў фота «агента Мэланіі Трампенка» — у пінжаку з трызубам і ў шырокім капелюшы.