Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка падзеньня расейскага рубля

абноўлена

Як слабее расейскі рубель.

Акт адчаю Цэнтрабанку Расеі

Цэнтральны банк Расеі з 16 сьнежня рэзка павысіў ключавую працэнтную стаўку — з 10,5 % адразу да 17 % гадавых, паведамленьне банку на гэты конт было апублікавана ў ноч на сераду. Да гэтага рашэньня Расейскага рэгулятара многія экспэрты ўжо паставіліся скептычна. У прыватнасьці, амэрыканскія аналітыкі ў інтэрвію Радыё Свабода назвалі яго актам адчаю, здольным толькі ўмацаваць панічныя настроі на Расейскім фінансавым рынку.

Працуе сайт «Беларускі дзэн»

За зьмяненьнем курса беларускага рубля да даляра ЗША па выніках валютных таргоў пад музыку «Старога Ольсы» і відэа зь беларускіх палёў прапануе назіраць сатырычны беларускі аналяг сайта «Русский дзен».

Крызіс вяртае Расею ў 1998-мы

Уначы Цэнтрабанк РФ падвысіў стаўку рэфінансаваньня з 10,50% да 17% . Вядучае эканамічнае агенцтва Bloomberg ужо параўноўвае падзеі ў Расеі з самым цяжкім крызісам 1998 году.

Эўра каштуе 100 расейскіх рублёў, даляр — 80

Сёньня курс даляру на адкрыцьці таргоў Маскоўскай біржы склаў 58,86 рубля (упаў на 5,58 рубля). Эўра каштуе 73,1 рубля (упаў на 5,76 рубля)

Ясін: Паніка — гэта вынік недаверу да здольнасьці ўладаў выйсьці з крызісу

Яўген Ясін
Яўген Ясін

Сытуацыю з катастрафічным абвалам расейскага рубля Свабодзе пракамэнтаваў расейскі навуковец-эканаміст, былы міністар эканоміі Расеі Яўген Ясін. Сярод іншага мы пацікавіліся, ці прасочваецца нешта агульнае паміж цяперашнім валютна-фінансавым крызісам у Расеі і тым крызісам, які накрыў Беларусь у 2011 годзе?

— Так, гэта ёсьць вынікам панікі, няўпэўненасьці, недаверу да здольнасьці ўладаў нейкім чынам выйсьці з крызісу. Апроч таго, трэба мець на ўвазе, што гэты недавер складваўся цягам дастаткова працяглага часу. Апошнія падзеі гэтага году толькі дадалі сваю порцыю, і пачаліся працэсы, якія ў вельмі значнай ступні выходзяць з-пад кантролю.

Пытаньне адносна курсу? Канечне, можна яго спыніць, узяўшы і адмяніўшы рынкавую эканоміку, зрабіўшы ўсё падкантрольным уладам, — акурат тое, што было і ў прынцыпе застаецца ў вас. Але такі крок, як мне падаецца, Цэнтрабанк, дзякуй Богу, зрабіць яшчэ не гатовы. Але чым гэта абернецца ў выніку — пакуль яшчэ не зусім зразумела.

— Псыхалягічная адзнака ў 100 рублёў за эўра выглядае гэткай кропкай невяртаньня...

— Ды ўсё можна адкруціць, толькі пытаньне ў тым, што вы ня зможаце абысьціся выключна рэгуляваньнем з боку Цэнтральнага банку, хоць ён і робіць збольшага ўсё, што можна. Для гэтага патрабуюцца нейкія знакі, якія выклікалі б давер з боку грамадзкасьці, якія зьмянілі б адносіны паміж грамадзтвам, бізнэсам і дзяржавай.

— «Вілка», якая атрымалася ў выніку курсавай розьніцы, пакуль што спрыяе тым, хто едзе ў Расею з валютай. Але бліжэйшым часам інфляцыя сваю справу зробіць?

— Бліжэйшым часам я буйных зьменаў не чакаю, хоць частковыя зьмены магчымыя. Я ўсё ж спадзяюся, што пасьля Новага году рост курсу эўра і даляра скароціцца. Трэба проста перажыць гэтыя панічныя настроі.

Сьцяпан Сьвідзерскі, інвэстыцыйны аналітык: «Беларусам трэба рыхтавацца да найгоршага»

«Беларусь чакае выпрабаваньне, і прайсьці яго годна будзе нялёгка.

Беларуская эканоміка завязаная на экспарт у Расею занадта моцна. Такое імклівае падзеньне расейскай плацежаздольнасьці адаб’ецца на зьмяншэньні выдаткаў — як саміх расейцаў, так і расейскіх кампаніяў, і расейскай дзяржавы. Беларусі і беларусам варта рыхтавацца да найгоршага.

Падобная сытуацыя ўжо мела месца ў 1998 годзе. Тады за крахам расейскай эканомікі надышлі сур’ёзныя цяжкасьці для кожнага беларуса.

Варта ўзяць пад увагу, што праца беларускіх гастарбайтараў у Расеі перастае быць прывабнай. Калі гэта не кароткатэрміновае падзеньне курсу, то можна чакаць вяртаньня ў Беларусь ужо беспрацоўных з Расеі і яшчэ большага напружаньня на беларускім рынку працы».

Сьвідзерскі раіць беларусам перагледзець свае выдаткі і абмежаваць іх у перадсьвяточны пэрыяд. Гэта дапаможа перажыць тыя часы, калі атрымаць грошы будзе складана.

Пераглядзець сваю стратэгію і ўключыць рэжым эканоміі тэрмінова трэба і беларускім прадпрыемствам, кажа экспэрт.

Падае расейскі рубель — растуць страты беларускіх прадпрыемстваў

У Магілёве некаторыя прадпрыемствы вымушаныя скарачаць працоўны тыдзень, каб зьменшыць страты ад рэзкага абясцэньваньня расейскага рубля.

Кудрын назваў рашэньне ЦБ па стаўцы вымушаным, але правільным


Кудрын напісаў пра гэта сёньня ў «Твітэры», адзначыўшы, што зараз павінны рушыць усьлед рашэньні ўраду пра падвышэньне даверу інвэстараў да расейскай эканомікі.

«Расея, як „Тытанік“, ідзе на дно, а мы — сьледам...» — апытаньне ў Гомелі

Наўпроставы лінк

Лукашэнка загадаў ураду перастаць маліцца на Расею і заняцца пошукам новых рынкаў збыту. Як вы ацэньваеце гэту заяву? Хто вінаваты, што беларуская эканоміка арыентаваная амаль выключна на расейскі рынак?

На пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.

Жыхары Масквы сутыкнуліся зь недахопам валюты ў абменьніках

На розьнічным рынку валюты ажыятаж. Пасьля таго, як курс эўра дасягнуў 100 руб., а даляр пераадолеў адзнаку ў 80 руб., у Маскве не ва ўсіх банках і абменных пунктах засталася валюта

Даляр прадаюць у сярэднім па 85 руб. Курс эўра ў абменных пунктах мае роскід ад 83,5 да 110 руб. за адзін эўра.

Кіраўнік Банку Расеі Эльвіра Набіуліна патлумачыла, што для таго каб абмежаваць актыўнасьць спэкулянтаў на валютным рынку, трэба было перайсьці да плаваючага курсу рубля і прыняць рашэньне па падвышэньню працэнтнай стаўкі. Гэта зрабіла апэрацыі спэкулянтаў больш рызыкоўнымі і зьнізіла прывабнасьць «працы на валютным рынку супраць Банку Расеі», — лічыць яна.

Кіраўнік Белгазпрамбанку: Нас уратуе толькі дывэрсыфікаваная эканоміка

Старшыня праўленьня «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка ў гутарцы з Радыё Свабода падзяліўся меркаваньнем, якім чынам на фінансава-эканамічныя праблемы Расеі павінна рэагаваць Беларусь:

«Канкрэтна па расейскім рублі — куды гэта ўсё прывядзе Расею, я ня ведаю, таму што там гэта вельмі складаны працэс. Да таго ж, я не жыву ў Расеі і ня ведаю дакладнай інфармацыі. Але я магу адказаць наступным чынам, што тычыцца Беларусі.

Мы павінны рэагаваць не сытуацыйна, я ўвесь час гэта падкрэсьліваю. Мы не абавязаныя рэагаваць на кожную асобна ўзятую сытуацыю. Мы мусім будаваць эканоміку, якая будзе абароненая, будзе мець сваю сыстэму стрымліваньня.

То бок, калі ў нас будзе пабудаваная эканоміка, якая валодае дывэрсыфікаванымі зьнешнімі рынкамі, усё будзе інакш. А менавіта: калі ў нас будзе ня 70% экспарту ў Расею, а, напрыклад, 30% — у Расею, 30% — у Эўропу, 30% — у Амэрыку і астатнія 10%, магчыма, у Кітай, ці наадварот — гэта ўжо як хто вырашыць, то тады мы зразумеем: адначасова ўвесь сьвет палаць ня будзе. І калі дзесьці ў вас здарыцца правал, то адпаведна, дзесьці будзе плюс.

Тут, як мне падаецца, асноўныя чаканьні павінны быць такімі, і вельмі добра, што яны раз-пораз на розных узроўнях агучваюцца — найперш, у тым кантэксьце, што мы павінны будаваць дывэрсыфікаваную эканоміку. З улікам таго, што сацыяльныя праграмы дзяржавы павінны быць збалянсаваныя пад яе магчымасьці. Калі такая мадэль будзе пабудаваная і запрацуе, то мы будзем дакладна мець квітнеючую Беларусь, таму што для гэта ў нас будзе ўсё», — кажа Віктар Бабарыка.

Эмоцыямі і спэкуляцыямі патлумачыў падзеньне рубля прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна Дзьмітры Пяскоў.

«Сапраўды, турбулентнасьць на рынку прысутнічае, яна ў асноўным тлумачыцца эмоцыямі і спэкулятыўнымі настроямі», — сказаў Пяскоў.

Мы прынялі рашэньне, але ня ведаем яго наступстваў, — намесьнік старшыні Цэнтрабанку Расеі

Першы намесьнік старшыні Цэнтрабанку Расеі Сяргей Швяцоў абяцае новыя крокі для падтрыманьня расейскага рубля. Пра гэта ён заявіў, выступаючы на абмеркаваньні захадаў па разьвіцьці фінансавага рынку, паведамляе расейскае агенцтва РБК.

Успамін пра 1998 год

Дагэтуль адным з самых глыбокіх эканамічных шокаў у Расеі быў крызіс 1998 году. Са жніўня да сьнежня 1998 году курс расейскага рубля упаў з 6 да 21 рубля за даляр (у 3,5 разы). Уплыў таго крызісу не абмінуў і Беларусь, прычым аддаленае беларускае «рэха» аказалася мацней за першапачатковы расейскі імпульс: паводле Нацбанку на 31 ліпеня 1998 году курс даляру быў 37 700 беларускіх рублёў, на 31 сьнежня 1998 году – 107 000 рублёў, а за наступны 1999 год курс упаў больш чым утрая – да 320 000 рублёў за даляр на 31 сьнежня 1999 году. Такім чынам ад пачатку тагачаснага расейскага жнівеньскага крызісу да сьнежня наступнага году беларуская валюта патаньнела ў 8,4 разы.

Ці адэкватная рэакцыя беларускіх уладаў на абвал расейскага рубля?

Расейская валюта працягвае падаць усьлед за зьніжэньнем нафтавых цэнаў. Чым гэта пагражае беларускай эканоміцы? Што павінны былі б рабіць беларускія ўлады ў гэтай сытуацыі? Як можна ацаніць іх рэакцыю на пагрозы з Расеі? Гэтыя пытаньні ў праграме «Экспэртыза свабоды» абмяркоўваюць фінансавы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб і прафэсар Барыс Жаліба.

Twitter пра даляр за 80: Расейцы сталі скупляць беларускія рублі!

Суздальцаў: Для беларускага экспарту гэта катастрофа

Сытуацыю на расейскім валютным рынку і магчымыя наступствы расейскага крызісу для Беларусі мы папрасілі пракамэнтаваць намесьніка дэкана факультэту ўсясьветнай эканомікі і ўсясьветнай палітыкі расейскай Вышэйшай школы эканомікі Андрэя Суздальцава.

Мясьніковіч запатрабаваў актывізаваць экспарт за межы Мытнага саюзу

На тле фінансавага крызісу ў Расеі, які адчувальна б’е па беларускіх экспартэрах, прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч заклапаціўся маштабамі зьніжэньня беларускага экспарту. Паводле яго, за студзень-кастрычнік параўнальна з заплянаваным экспартам у краіны Мытнага саюзу (Расею і Казахстан) Беларусь «асела» на 777 мільёнаў даляраў, у тым ліку па Расеі — на 739 мільёнаў

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG