Цэнтральны банк Расеі з 16 сьнежня рэзка павысіў ключавую працэнтную стаўку — з 10,5 % адразу да 17 % гадавых, паведамленьне банку на гэты конт было апублікавана ў ноч на сераду. Да гэтага рашэньня Расейскага рэгулятара многія экспэрты ўжо паставіліся скептычна. У прыватнасьці, амэрыканскія аналітыкі ў інтэрвію Радыё Свабода назвалі яго актам адчаю, здольным толькі ўмацаваць панічныя настроі на Расейскім фінансавым рынку.
«Рада дырэктараў Банку Расеі прыняла рашэньне павысіць з 16 сьнежня 2014 г. ключавую стаўку да 17 працэнтаў гадавых. Дадзенае рашэньне абумоўлена неабходнасьцю абмежаваць істотна ўзрослыя ў апошні час дэвальвацыйныя і інфляцыйныя рызыкі», — гаворыцца ў паведамленьні Цэнтральнага банку, разьмешчаным на яго афіцыйным сайце. Усяго ад пачатку 2014 Банк Расеі падвышаў ключавую стаўку ўжо шэсьць разоў — з 5,5 % у пачатку студзеня. Пры гэтым у апошні раз працэнтная стаўка была падвышаная не далей як у мінулы чацьвер 11 сьнежня — з 9,5 да 10,5 % гадавых.
Зрэшты, усе намаганьні Цэнтральнага банку такім чынам хоць трохі стабілізаваць унутраны валютны рынак значных вынікаў пакуль не прынесьлі. Курсы рубля зь мінулага чацьвярга працягвалі зьніжацца, прычым 15 сьнежня на валютных таргах расейская валюта да амэрыканскага даляра падала прыкладна на 10 % за дзень — з 60 да 66 рублёў.
Экспэрты скептычна паставіліся да рашэньня Цэнтральнага банку Расеі рэзка павысіць ключавую працэнтную стаўку. Вось меркаваньне былога віцэ-прэм’ера расейскага ўраду, цяпер дэпутата Яраслаўскай абласной Думы Барыса Нямцова:
У сваю чаргу, былы міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын у цэлым лічыць слушнымі дзеяньні Расейскага Цэнтральнага банку. Аднак, на яго думку, галоўная праблема зараз у тым, што рынак ня верыць дзеяньням уладаў:
«Рашэньне ЦБ па павышэньню стаўкі да 17% у цяпеашніх умовах вымушанае, але правільнае. Гэтай меры павінны наступнічаць рашэньні ўраду па павышэньню даверу інвэстараў да расейскай эканомікі», — напісаў ён у сваім Твітэры.
Прафэсар Х’юстанскага унівэрсытэту, камэнтатар часопісу Forbes Пол Грэгары лічыць, што такое рэзкае павышэньне ўліковай стаўкі не прывядзе да жаданай стабілізацыі рубля. І яно, хутчэй за ўсё, сьведчыць аб некампэтэнтнасьці кіраўніцтва Банку Расеі:
Ці не зьяўляюцца людзі, якія зрабілі гэты крок, аматарамі? Таму што яны даюць гэтым рашэньнем ведаць пра тое, што расейская эканоміка разбураецца.
— Калі Цэнтральны банк падымае працэнтную стаўку гэтак рэзка, на мой погляд, гэта можа быць сьведчаньнем панікі. Зразумела, што банк дзейнічае, зыходзячы з тэзы аб тым, што больш высокі даход на рубель стане стымулам для захоўваньня сродкаў у рублях унутры Расеі і для прыцягненьня замежнага капіталу, які можа спакусіцца высокім адсоткам. Але ў расейскай сытуацыі, я думаю, такі ход будзе мець адмоўныя наступствы, таму што відавочныя абставіны, у якіх зроблены гэты крок. На месцы інвэстараў і трэйдараў я б ўуспрыняў гэта рашэньне як сыгнал аб тым, што Расея апынулася ў вельмі цяжкай фінансавай сытуацыі. Такіх крокаў можна было б чакаць з боку Аргентыны або Гаіці, але іх ня робяць краіны, якія лічаць сябе краінамі з нармальнай буйной эканомікай. Можна задацца пытаньнем, ці не зьяўляюцца людзі, якія зрабілі гэты крок, аматарамі? Таму што яны даюць гэтым рашэньнем ведаць пра тое, што расейская эканоміка разбураецца.
— Ну, а што яны здольныя зрабіць у гэтай ытуацыі, з вашага пункту гледжаньня?
— На гэтай стадыі краіны нярэдка зьвяртаюцца да абмежавальных крокаў на рынку капіталаў з мэтай прадухіліць іх адток. Можа быць тым ці іншым спосабам абмежавана вольнае хаджэньне замежнай валюты ў Расеі, адменена неабмежаваная канвэрсаванасьць рубля, ня выключана, што, як у былыя часы, у расейцаў ня будзе выбару, у якой валюце ім трымаць свае зьберажэньні. Ёсьць, зрэшты, верагоднасьць таго, што валютныя гульцы адрэагуюць на рашэньне Цэнтрабанку астранамічна падняць ўліковую стаўку ня так, як я прадказваю, у такім выпадку ён зможа выйграць крыху часу. Але ў выпадку аднаўленьня падзеньня рубля, у яго не застанецца іншага спосабу, як часткова адмовіцца ад канвэртавальнасьці рубля, — кажа Пол Грэгары.
За тыдзень банк прадаў прыкладна чатыры з паловай мільярды даляраў, спрабуючы стабілізаваць курс рубля. Не дапамагло.
Расейскаму Цэнтральнаму банку непасільная задача абароны рубля, таму што ўстойлівасьць валюты вызначаецца не фінансавымі трукамі, што маюцца ў распараджэньні Цэнтральнага банку, а станам эканомікі. Так лічыць дырэктар амэрыканскай фінансавай фірмы HWA Грэгары Грушко.
— Цэнтральны банк, павялічваючы стаўку на 650 базісных пунктаў на працягу ночы, спрабуе нэўтралізаваць паніку, але такім чынам паніку не спыніць. Падвышаючы стаўкі, Цэнтрабанк не зьмяняе прычын, якія прывялі да рэзкага падзеньня рубля. Што маецца на ўвазе? Падзеньне кошту нафты. Але акрамя гэтага існуюць і іншыя прычыны. Асноўнай зь іх зьяўляецца проста недавер да эканамічнай палітыкі, якая праводзіцца ў краіне. Просты прыклад. Толькі ў мінулы чацьвер банк павысіў стаўку на паўтара працэнта. За тыдзень банк прадаў прыкладна чатыры з паловай мільярды даляраў, спрабуючы стабілізаваць курс рубля. Не дапамагло. Дык колькі ж яшчэ мільярдаў трэба прадаць, каб дамагчыся выніку, ці як высока неабходна падняць стаўку?
— Вы лічыце гэты крок Цэнтрабанку няслушным?
— У Цэнтральнага банку абмежаваныя магчымасьці: ён можа выходзіць з валютнымі інтэрвэнцыямі, ён можа павышаць стаўкі, ён можа, як параіў прэзыдэнт Пуцін, «змагацца са спэкулянтамі». Яны выбралі ўздым уліковай стаўкі. Рашэньне драматычнае, але, як мне здаецца, з псыхалягічнага пункту гледжаньня няправільнае. Я думаю, дэманстрацыя панічнай рэакцыі на паніку наўрад ці дапаможа.
Гэта адаб’ецца на жыцьці тых расейцаў, якія хацелі б заняць грошы: альбо на іпатэку, альбо на разьвіцьцё бізнэсу
— Якіх наступстваў можа чакаць у выніку такога рашэньня сярэдні расеец?
— Гэта адаб’ецца на жыцьці тых расейцаў, якія хацелі б заняць грошы: альбо на іпатэку, альбо на разьвіцьцё бізнэсу і на іншыя мэты. Але паколькі большасьць расейцаў не зьвяртаецца да іпатэкі і не займаецца уласным бізнэсам, то прамога эфэкту ўзьняцьця ставак многія расейцы не адчуюць. Калі, вядома, не разглядаць у якасьці прамых наступстваў пагаршэньне стану эканомікі, панічныя настроі, рост коштаў прадуктаў харчаваньня.
— Вы неяк мякка сказалі «пагаршэньне стану эканомікі», але некаторыя эканамісты кажуць, што пад’ём уліковай стаўкі нанясе вельмі адчувальны ўдар па эканоміцы ў выніку таго, што між іншым, такая мера адцягвае грошы з рэальнай эканомікі?
— Дакладна. Улічваючы, што мы ўжо гаворым не пра стагнацыі, а аб рэцэсіі ў будучым годзе, то павышэньне ставак павялічвае ня толькі магчымасьць рэцэсіі, але і яе глыбіню і працягласьць. Яе будзе значна цяжэй пераадолець, — упэўнены Грэгары Грушко.