Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сі, Пуцін і Кім прадэманстравалі адзінства на вайсковым парадзе ў Пэкіне


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, старшыня КНР Сі Дзіньпін і лідэр Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын на парадзе ў Пэкіне 3 верасьня 2025 году
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, старшыня КНР Сі Дзіньпін і лідэр Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын на парадзе ў Пэкіне 3 верасьня 2025 году

Кітай прадэманстраваў сваю вайсковую моц і паглыбленьне сувязяў з Расеяй падчас грандыёзнага вайсковага параду, прысьвечанага 80-годзьдзю заканчэньня Другой усясьветнай вайны.

Кіраўнікі Кітаю Сі Дзіньпін, Расеі — Уладзімір Пуцін і Паўночнай Карэі — Кім Чэн Ын зьявіліся разам, паказваючы сваю салідарнасьць у процістаяньні «заходняму дамінаваньню».

Парад высьвеціў кітайскае бачаньне альтэрнатыўнага глябальнага парадку і непрыманьне ўплыву ЗША, піша аналітык Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Рэйд Стэндыш.

Кітай паказаў рост сваёй вайсковай моцы і паглыбленьне сувязяў з Расеяй экстравагантным вайсковым парадам, закліканым прадэманстраваць статус старшыні Кітаю Сі Дзіньпіна як лідэра альтэрнатыўнага, незаходняга ўсясьветнага парадку. Парад 3 верасьня ствараў вобраз вайсковай каардынацыі і сілы, у тым ліку больш як 10 000 добра трэнаваных вайскоўцаў і соцень адзінак тэхнікі. Адным з самых уражальных відовішчаў была постаць Сі Дзіньпіна ў суправаджэньні прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і кіраўніка Паўночнай Карэі Кім Чэн Ына, якія назіралі за 70-хвіліннай працэсіяй на плошчы Т’яньаньмэнь у Пэкіне, паказваючы беспрэцэдэнтную салідарнасьць.

Сі паціснуў рукі абодвум кіраўнікам і пагутарыў зь імі, калі яны ішлі па чырвонай дарожцы паперадзе групы з больш як 20 іншых замежных высокапастаўленых асобаў да сцэны зь відам на парад, прысьвечаны 80-годзьдзю заканчэньня Другой усясьветнай вайны. У прамове, якая адкрывала парад, Сі сказаў, што Кітай быў «непераможны», і пры гэтым заявіў, што «нацыянальная ахвярнасьць — не ахвяра, а складнік сілы волі і нацыянальнай рашучасьці».

«Сёньня чалавецтва стаіць перад выбарам: мір ці вайна, дыялёг ці канфрантацыя, выйгрыш для ўсіх ці нулявая сума», — сказаў Сі. — Кітайскі народ цьвёрда стаіць на правільным баку гісторыі».

Сі таксама ўзяў больш рэзкі тон, заявіўшы, што «вялікага адраджэньня кітайскай нацыі не спыніць» і што Кітай «ніколі не баяўся ніякіх задзіраў» — так звычайна ў афіцыйных заявах ускосна намякаюць на Злучаныя Штаты.

«Старанна арганізаваны акт стратэгічнай камунікацыі»

Юбілейныя сьвяткаваньні ўшанавалі цярпеньні Кітаю падчас Другой усясьветнай вайны і ўнёсак Камуністычнай партыі ў перамогу — тое, што, паводле кітайскіх чыноўнікаў, павінна натхняць наступныя пакаленьні, пакуль Сі адбівае спробы Захаду стрымліваць Пэкін. Кітай таксама анансаваў парад як дэманстрацыю адзінства зь іншымі краінамі, выразным пасланьнем быў паказ сцэны, дзе Сі, Пуцін і Кім упершыню стаяць разам на парадзе.

Маштабным вайсковым парадам завяршаецца вір дыпляматычных захадаў, мэта якіх — паказаць, як Кітай бачыць альтэрнатыўны ўсясьветны парадак і процістаіць працягламу дамінаваньню Злучаных Штатаў і іхных заходніх саюзьнікаў. Парад адбыўся пасьля саміту Шанхайскай арганізацыі супрацы (ШАС) на гэтым тыдні, які таксама меў на мэце выявіць усясьветнае лідэрства Кітаю і паглыбленьне яго рэгіянальных уплываў у Паўднёва-Ўсходняй і Цэнтральнай Азіі.

«Такім чынам, сёлетні парад — гэта ня проста цырыманіяльная дэманстрацыя войска і ўзбраеньня», — пісаў кітайскі журналіст Дэн Ювэнь для часопіса Foreign Policy перад падзеяй. «Гэта старанна арганізаваны акт стратэгічнай камунікацыі, у якім яднаюцца пасланьні аб вайсковай моцы, дыпляматычнай пазыцыі і гістарычных наратывах, накіраваныя на аўдыторыю як унутры краіны, так і за мяжой».

Трамп атакаваў Сі, Пуціна і Кіма на словах

Падчас параду прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у сваёй сацыяльнай сетцы зьедліва павіншаваў Сі з гадавінай заканчэньня Другой усясьветнай вайны, якую Кітай адзначае ў дзень капітуляцыі імпэрскай Японіі ў 1945 годзе, нагадаўшы пра ролю ЗША ў той падзеі.

«Галоўнае пытаньне, на якое трэба адказаць, — ці згадае прэзыдэнт Кітаю Сі пра велізарную падтрымку і „кроў“, якія Злучаныя Штаты Амэрыкі давалі Кітаю, каб дапамагчы яму забясьпечыць сваю СВАБОДУ ад вельмі недружалюбнага іншаземнага захопніка», — напісаў ён, маючы на ўвазе поўнамаштабнае ўварваньне Японіі ў Кітай і ваенныя дзеяньні ЗША супраць Токіё падчас Другой усясьветнай вайны.

Прэзыдэнт ЗША таксама атакаваў Пуціна і Кіма за тое, што яны працуюць супраць інтарэсаў ЗША. «Калі ласка, перадайце мае самыя цёплыя прывітаньні Ўладзіміру Пуціну і Кім Чэн Ыну, якія змаўляюцца супраць Злучаных Штатаў Амэрыкі», — дадаў Трамп.

Паводле ацэнак, зь лета 2024 году ў Курскую вобласьць Расеі прыбылі каля 11 000 паўночнакарэйскіх вайскоўцаў, каб ваяваць поруч з расейскімі войскамі супраць Украіны. Ваенныя намаганьні Масквы падтрымлівае і Пэкін — праз дыпляматычнае спрыяньне, павелічэньне закупак нафты і паток тавараў двайнога прызначэньня з Кітаю.

Трамп сустракаўся з Пуціным на Алясцы ў жніўні, але яго дыпляматычныя намаганьні пакуль не прывялі да якога-небудзь прагрэсу ў спыненьні вайны ва Ўкраіне, а расейскія чыноўнікі адхілілі намаганьні арганізаваць наступны саміт з прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.

Акрамя таго што парад і іншыя дыпляматычныя захады ў Кітаі цягам апошняга тыдня дазволілі Сі паказаць Кітай як усясьветнага лідэра, яны таксама далі Пуціну нагоду падкрэсьліць, што ён не ізаляваны на ўсясьветнай арэне пасьля свайго поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну, а таксама тое, што адносіны Масквы і Пэкіна толькі ўмацоўваюцца.

Гэтае пасланьне было перададзена сьвету 2 верасьня, калі генэральны дырэктар «Газпрому» Аляксей Мілер заявіў журналістам, што ў Пэкіне дамоўлена аб будаўніцтве доўгачаканага газаправода «Сила Сибири – 2» у Кітай. Хоць гэтая заява сьведчыць пра відавочны крок наперад у рэалізацыі аднаго з найдаражэйшых у сьвеце газавых праектаў, Мілер таксама сказаў, што ключавыя дэталі што да цаны на газ і разьмеркаваньня выдаткаў на будаўніцтва яшчэ ня ўзгодненыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG