Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля Шклова стаіць крыж на месцы хутару, які зьнік, бо ўсіх жыхароў рэпрэсавалі


Крыж Салаўёвых
Крыж Салаўёвых

На Шклоўшчыне на могілках зьніклага хутару Хадзевічы ўсталяваны крыж у памяць пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. У 1932 годзе НКВД вывез з паселішча братоў Салаўёвых. Вярнуцца і адрадзіць хутар ім не было наканавана. У 1990 годзе ў памяць пра забітых хутаран і паставілі крыж.

У Шклоўскім раёне пад рэпрэсіі падпалі больш за 700 чалавек. Паводле краязнаўцаў, арыштаваных расстрэльвалі багата ў якіх месцах, аднак, могілкі Хадзевічаў адзіныя, на якіх, згадваюцца забітыя сталіншчынай.

Трохмэтровы крыж на ўскрайку разрослага сасоньніку бачны здалёк. На ўштукаванай у яго падмурак шыльдзе імёны братоў Салаўёвых. У 1932 годзе іх раскулачылі. Аляксандра, Сяргея ды Пятра расстралялі ў Магілёве. Антона, Мікалая ды Міхаіла саслалі ў Сыбір і адтуль яны не вярнуліся.

Як вынікае з тэксту на шыльдзе, іхная віна была ў тым, што яны працавалі, але «сталінская ўлада іх прызнала кулакамі, за што і загінулі». У 1962 годзе Салаёўвых рэабілітавалі, але Хадзевічаў ужо не было.

Шыльда пад крыжам
Шыльда пад крыжам

«На Шклоўшчыне гэта адзіная мясьціна, на якой у памяць пра забітых у часы сталінскіх рэпрэсіяў стаіць крыж», — апавядае, стоячы ля яго, краязнаўца Аляксандар Грудзіна:

Аляксандар Грудзіна
Аляксандар Грудзіна

«Паставілі тут крыж дзякуючы руплівасьці мясцовага журналіста Аляксандра Шчарбака. Ён зьбіраў зьвесткі пра рэпрэсаваных жыхароў раёну ды пісаў пра іх у газэту. Да сёньняшняга дня Аляксандар Майсеевіч не дажыў. З аповедаў старажылаў вядома, што стралялі людзей падчас сталінскага тэрору шмат дзе ў раёне: на шклоўскіх могілках, на могілках вёскі Стары Шклоў... На месцы масавых расстрэлаў знакаў ніякіх няма, толькі тут».

Дата ўсталяваньня крыжа
Дата ўсталяваньня крыжа

Крыж паставілі 10 кастрычніка 1990 году. У яго падмурку з каменьчыкаў выкладзеная гэтая дата. На выступе пад шыльдай лямпадка.

Некалі на ўзараным полі, што цяпер перад крыжам, былі раскіданыя сядзібы хутароў. На мапах даўнейшых часоў Хадзевічы пазначаліся як фальварак. Да сёньня ад паселішча засталося поле і пяць магіл за крыжам.

Поле, на якім быў хутар Салаўёвых
Поле, на якім быў хутар Салаўёвых

«На старых мапах відаць, што тутэйшыя сядзібы былі раскіданыя даволі шырока. Зразумела, на хутарах жылі заможныя людзі», — кажа яшчэ адзін краязнаўца Зьміцер Антончык.

«1932 год — час, калі ўзьнялася хваля гвалтоўнай калектывізацыі», — даводзіць ён.

Зьміцер Антончык
Зьміцер Антончык

«Савецкая ўлада распачала рэпрэсіі супраць тых, хто не ішоў у калгасы. Салаўёвы былі з такіх. Ня выключана, што яны аказвалі і супраціў упаўнаважаным. У 1932 годзе сяляне ж яшчэ спадзяваліся, што можна ўратавацца ад калгасаў. Яны думалі, што спробы абагуліць сялянскую маёмасьць часовыя, што ўсё мінецца. Для Салаўёвых лёс склаўся трагічна, як і для саміх Хадзевічаў».

Даўнейшая мапа з пазначэньнем Хадзевічаў і цяперашні аэраздымак
Даўнейшая мапа з пазначэньнем Хадзевічаў і цяперашні аэраздымак

Крыж у памяць пра рэпрэсаваных сьвежапафарбаваны. На агароджанай пляцоўцы прыбрана. Непадалёк зваленае сучча, параскіданыя плястыкавыя бутэлькі. Сасоньнік завалены бураломам.

Магілы — тое, што пакінула даўніна ў памяць пра Хадзевічы
Магілы — тое, што пакінула даўніна ў памяць пра Хадзевічы

На недалёкай шашы за гадзіну, пакуль аглядалі могілкі, не праехала ніводнай машыны. Бліжэйшая вёска ад крыжа, Аўчыненкі, за дзясятак кілямэтраў. Адшукаць выхадцаў з Хадзевічаў не ўдалося.

Каля крыжа звалілі сучча
Каля крыжа звалілі сучча

У раённай кнізе «Памяць» згадваюцца імёны 700 рэпрэсаваных жыхароў Шклоўшчыны. Аляксандар Грудзіна адзначае, што гэтая лічба недакладная. Паводле краязнаўцы, пацярпелых ад сталінскіх рэпрэсіяў болей. Многія, кажа ён, дагэтуль утойваюць праўду пра зьніклых у ГУЛАГу сямейнікаў.

Сасоньнік у бураломе
Сасоньнік у бураломе

«Людзі баяцца прызнацца, што яны нашчадкі „кулакоў“. У кожнага свае прычыны маўчаць. Нехта дапускае, што і цяпер, як скажа пра сваіх рэпрэсаваных, дык яму гэта адгукнецца, — кажа краязнаўца. — Я нядаўна гутарыў з жанчынай, якая на пэнсіі, мае вышэйшую адукацыю. Яна мне расказвала пра свайго загінулага ў ГУЛАГу дзеда. І калі я запытаўся, чаму яна зьвесткі не перадала, калі рыхтавалася кніга „Памяць“, — кабета шчыра сказала, што пабаялася».

Крыж відзён здалёк
Крыж відзён здалёк

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG