Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ва Ўкраіне баяцца расейска-беларускіх вучэньняў «Захад-2017»


Перад вучэньнямі Ўкраіна ўзмацніла ахову мяжы зь Беларусьсю
Перад вучэньнямі Ўкраіна ўзмацніла ахову мяжы зь Беларусьсю

Амаль паўгода ва Ўкраіне на дзяржаўным, экспэртным ды грамадзкім узроўні выказваюць занепакоенасьць з нагоды расейска-беларускіх вайсковых вучэньняў «Захад-2017».

Іх называлі спачатку небясьпечнымі для краін NATO і для Ўкраіны, адзначаючы, што на іх будуць адпрацоўвацца наступальныя манэўры, а пазьней казалі пра пагрозу найперш для самой Беларусі — праз асьцярогу, што пасьля вучэньняў Расея пакіне свае войскі на беларускай тэрыторыі, як гэта адбылося ў 2008 годзе перад захопам грузінскай тэрыторыі — Паўднёвай Асэтыі.

Нягледзячы на запэўненьні беларускага боку, што вучэньні бясьпечныя для Ўкраіны, увага ўкраінскіх СМІ і экспэртаў з пачаткам асноўнай фазы вучэньняў ня зьменшылася. Чаго найбольш асьцерагаюцца ва Ўкраіне?

Турбуе непрадказальнасьць і маштабнасьць манэўраў

Ва Ўкраіне, як і ў дзяржавах NATO, з найбольшым недаверам ставяцца да заяўленай Расеяю колькасьці вайскоўцаў і баявой тэхнікі, улучаных у вучэньні.

Паводле кіраўніка генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Віктара Мужэнкі, агульная колькасьць «жывой сілы» можа дасягаць 230–240 тысяч чалавек, у тым ліку амаль палова зь іх будзе разьмешчана на паўднёва-заходнім кірунку — у бок Украіны.

З вучэньнямі таксама зьвязваюць і магчымае абвастрэньне сытуацыі на Данбасе.

«Празь непразрыстасьць вучэньняў „Захад-2017“ мы бачым пэўную небясьпеку. Узброеныя сілы Ўкраіны гатовыя дзейнічаць адпаведна пэўным плянам і альгарытмам у выпадку якой-хаця небясьпекі. Генэральны штаб вылучае сем патэнцыйна небясьпечных раёнаў, у тым ліку і зону антытэрарыстычнай апэрацыі. Менавіта таму Ўзброеныя сілы пераведзеныя ў стан баявой гатоўнасьці», — паведаміў прадстаўнік Генэральнага штабу Ўладзіслаў Селязьнёў.

Апроч таго, ва Ўкраіне сумняваюцца ў абарончым характары манэўраў, нагадваючы, што аналягічныя вучэньні ў 2009 ды 2013 гадах мелі акурат наступальны характар. І ў якасьці доказу прыводзяць выказваньні колішняга амбасадара Польшчы пры NATO Ежы Новака, што менавіта ў 2009 годзе Расея адпрацоўвала ядзерны ўдар па Варшаве.

«У сувязі з гэтым мы не задаволеныя тым, што Расея і Беларусь ня цалкам выконваюць палажэньні Венскага дакумэнту аб сродках пабудовы даверу і бясьпекі 1990 году. Расея таксама не выконвае патрабаваньняў пагадненьня аб звычайных відах узбраеньняў 1990 году», — цытуе Ежы Новака інфармацыйнае агенцтва Укрінфарм.

Грамадзкая думка спакайнейшая, чым палітыкі

У той жа час менавіта ў апошні месяц градус дыскусіяў на тэму пагрозы расейска-беларускіх вучэньняў крыху зьнізіўся. І гэта таксама паўплывала на грамадзкую думку.

У прыватнасьці, у апытанцы для сваёй аўдыторыі, якую сёньня пачаў украінскі «24 канал», амаль палова ўдзельнікаў мяркуе, што беларуска-расейскія вучэньні — гэта ня больш чым запалохваньне краін NATO. Аднак і тых, хто ацэньвае гэтыя манэўры як «новы фронт для Ўкраіны», усё яшчэ дастаткова шмат.

Спакайней ацэньвае вайсковыя вучэньні на мяжы з Украінаю аўдыторыя тэлеканалу «112» — больш як 75% яго гледачоў ня бачаць у іх пагрозы для краіны.

«Казаць, што вучэньні „Захад-2017“ пагражаюць ледзь ня трэцяй усясьветнай вайной — гэта перабольшваньне. Гэта цяпер робіцца для мабілізацыі ўласнага электарату на падтрыманьне ўлады, асабліва калі нарастаюць эканамічныя праблемы ў сувязі зь непапулярнымі рэформамі і падзеньнем рэйтынгу ўлады. Таму вонкавы вораг — гэта заўсёды спосаб мабілізацыі. І пацьвярджэньнем ёсьць ваша апытанка, калі большасьць грамадзян ня вераць у такую пагрозу. Хутчэй за ўсё, Расея проста бразгае цягліцамі, каб адказаць на разгортваньне кантынгенту NATO ў балтыйскх краінах», — пракамэнтаваў вынікі інтэрнэт-галасаваньня кандыдат палітычных навук Артур Белавус.

Украінскае войска ў стане баявой гатоўнасьці

Тым ня менш, напярэдадні ў стан поўнай баявой гатоўнасьці былі пераведзеныя ўсе ўзброеныя сілы Ўкраіны. Па ўсёй тэрыторыі дзяржавы адбываюцца таксама і вучэньні падразьдзелаў тэрытарыяльнай абароны. Непадалёк ад Беларусі баявыя навыкі дасканаляць супрацьтанкавыя артылерыйскія дывізіёны. Адначасова ва Ўкраіне адбываюцца нацыянальныя вучэньні «Нязломная трываласьць — 2017» і ўкраінска-амэрыканскія камандава-штабныя манэўры «Rapid Trident — 2017».

З 16 па 20 верасьня Ўкраіна плянуе накіраваць у Беларусь двух назіральнікаў за вучэньнямі «Захад-2017», а да завяршэньня манэўраў памежнікі Ўкраіны будуць ахоўваць дзяржаўную мяжу ва ўзмоцненым рэжыме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG