Атамную станцыю каля Астраўца будуюць, не спыняючыся. Чаму менавіта тут? Ці рэальна нешта зрабіць грамадзкасьці? Як сталася, што беларусы настолькі абыякавыя да свайго лёсу? Такія пытаньні ўздымаліся падчас размовы «Беларуская АЭС: права на атам і жыцьцё» ў Гарадзенскім дыскусійным клюбе.
Удзельнікі дыскусіі — людзі абазнаныя ў тэме, але нават для іх было навіной пачуць: рашэньне аб будаўніцтве было прынятае Саветам бясьпекі. Відавочна, пасьля ўзгадненьня з Аляксандрам Лукашэнкам. Хоць раней пляцоўку прызналі няўдалай.
Актывіст грамадзкай ініцыятывы «Астравецкая атамная — гэта злачынства!» Мікалай Уласевіч скептычна дадае:
«Мне здаецца, гэта быў „указуючы перст“ з Крамля, Лукашэнка толькі агучыў».
Сёньня вакол станцыі ствараецца ваенізаваная інфраструктура. Адна вайсковая часьць нядаўна раскватараваная, будуюцца яшчэ два вайсковыя гарадкі. Першы — паміж Варнянамі і Гервятамі. Звонку выглядае, што будзе радыёлякацыйны пункт — насыпаюць горкі:
«Ствараецца магутны апорны пункт для аховы атамнай станцыі. А хто сказаў, што ён ня будзе выконваць больш шырокія задачы, апроч аховы АЭС?», — рытарычна запытвае Ўласевіч.
Вядоўца сустрэчы Ўладзімер Хільмановіч кажа: складаецца ўражаньне, што ў Астравецкім раёне адзін толькі Мікалай Уласевіч змагаецца супраць будаўніцтва АЭС:
«Як Дон Кіхот, літаральна кідаецца зь дзідай на будучы рэактар. Што мясцовае насельніцтва? Няўжо сапраўды ёсьць такія ілюзіі, што працоўныя месцы будуць для іх? Што, віламі радыянукліды паставяць адкідаць? Ці проста страх і ўсе баяцца? Згодна са статыстыкай, насельніцтва Астраўца і раёну імкліва расьце — напэўна, адзінае такое месца ў вобласьці. За кошт прыежджых?»
Мікалай Уласевіч выказвае думку: мабыць, да мясцовых прылічваюць вахтавікоў, якія сёньня прыяжджаюць на будоўлю. Зь іншага боку, набудавалі многа жылых дамоў у райцэнтры, раней ці пазьней іх заселяць. Рост насельніцтва таму адназначна будзе:
«Што да „абарыгенаў“, гэта насельніцтва, якое старэе. Працоўныя рэсурсы даволі абмежаваныя. Сельская гаспадарка, гандаль, у тых жа калгасах — заробкі малыя. Але першая хваля тых, хто пайшоў на атамную станцыю (асабліва на бэтонных работах), зараблялі добра — па 10–12 мільёнаў старымі. Сёньня заробкі ўпалі прыблізна ўдвая. На звычайных працах і яшчэ меней, па 200–300 рублёў. І можна сказаць, што ніякай радасьці асаблівай для мясцовага насельніцтва ад гэтага будаўніцтва няма. Але абыякавасьць, яна ўласьцівая для ўсіх беларусаў. І тым больш калі гэта людзі сталыя. Што яны могуць патрабаваць? А маладых няма. Таму змагароў шукаць не выпадае».
Пры гэтым Мікалай Уласевіч кажа, што самога яго называць «змагаром» таксама ня варта. Сёньня самы вялікі змагар — Літва. Гэта сапраўдная сіла, якая аказвае ціск. 21 красавіка Ўласевіча запрасілі ў Вільню на дыскусію аб АЭС. Паедуць і іншыя «антыядзершчыкі», у прыватнасьці Ірына Сухій, якая ўзначальвае грамадзкую арганізацыю «Экадом». З удзелам эўрадэпутатаў будзе абмяркоўвацца праблема будаўніцтва Астравецкай АЭС, тое, як зрабіць яе бясьпечнай. Сам ён лічыць так: АЭС бясьпечная, пакуль у яе не загружанае ядзернае паліва. Таму выйсьце толькі адно: закрыць будоўлю. І намаганьні дзеля гэтага трэба абʼядноўваць.
Адна з удзельніц дыскусіі мяркуе, што бальшыня беларусаў разумеюць, што такое АЭС. Але, магчыма, многія спадзяваліся: маўляў, грошы, атрыманыя на АЭС, раскрадуць і будаваць ня будуць. І актыўна не рэагавалі. Што рабіць сёньня, каб перапыніць будоўлю? Жанчыне здаецца, што адзіная моцная сіла ў краіне — гэта царква і касьцёл. Астатнія ўдзельнікі яе не падтрымалі: на рэлігійныя арганізацыі ў такой справе спадзеву няма.
Пакуль застаецца Лукашэнка, атамная станцыя будзе будавацца, гэта аксіёма
Пэўная надзея — на Ганну Канапацкую, дэпутатку Палаты прадстаўнікоў. Мікалай Уласевіч кажа: «Хіба яна асілак, які можа ўзьняць гэтую тэму? Але, тым ня менш, калі ёй дапамагчы падрыхтаваць матэрыялы, яна можа прапанаваць пытаньне АЭС абмеркаваць на парлямэнцкіх слуханьнях. Хоць я перакананы: пакуль застаецца Лукашэнка, атамная станцыя будзе будавацца, гэта аксіёма. Калі ня будзе Лукашэнкі, АЭС ня будзе».
Журналістка Алеся Бяленік акцэнтуецца на праблеме абыякавасьці з боку грамадзкасьці. І падмацоўвае гэтую выснову такім прыкладам:
«Мы глядзім па тэкстах, якія публікуем на сваім партале: гэта адны з самых нечытаных матэрыялаў. У параўнаньні, напрыклад, з тым, як набыць рыбу ў краме, каб у ёй было менш ртуці — пра гэта ў дзесяць разоў больш прачытаюць, чым пра тое, чым небясьпечная АЭС. Мне падаецца, беларусы проста прывыклі, што над імі вісіць такая рэч, як Астравецкая АЭС, яна даўно будуецца. Так, патэнцыйна яна можа быць небясьпечнай, і нават бываюць выбухі, але калі гэта і пры чыім жыцьці? Людзі прызвычайваюцца, як тыя, што жывуць пры небясьпецы бамбёжак, і не зьвяртаюць на гэта ўвагі. А калі ўлічыць, што ўлады імкнуцца зьніжаць любыя пратэстныя настроі, у людзей страх. Яны ня выйдуць зараз супраць АЭС, якую б інфармацыю ім ні сказалі».
У Горадню прыехаў ліквідатар з Мазыра Ўладзімер Целяпун. Ён нагадвае, што пасьля чарнобыльскай аварыі пратэстаў таксама не было:
«Нічога не было і раней, пакуль у сыстэме той, далукашэнкаўскай улады не зьявіліся прадстаўнікі народу, дэпутаты ўсіх узроўняў, і не пачалі браць ініцыятыву ў свае рукі. Што рабіць сёньня? Нашы людзі прывыклі слухацца ўлады. Але нас пазбавілі магчымасьці ўваходзіць у сыстэму ўлады. Дазволілі толькі двум дэпутатам. І тое я думаю, што гэта „экспэрымэнт“, а людзі самі арганізавацца ня могуць. Аварыя чарнобыльская здарылася ў 1986-м, а падняць тэму змаглі толькі ў 1990-м, калі зьявіліся дэпутаты ў парлямэнце».
І сёньня, калі ня будзе сваіх прадстаўнікоў ва ўладзе, будзе цяжка, — пэсымістычна заканчвае спадар Целяпун.
Вынікі дыскусіі ў Горадні можна падсумаваць так: народ будзе і надалей маўчаць, хоць у глыбіні душы ня хоча атамнай станцыі. Але што зробіш, калі яе хоча Лукашэнка?