Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чаму Алексіевіч не даспадобы ўладам? Бо кажа праўду!», — апытаньне каля дома, дзе жыве нобэлеўская ляўрэатка


«Чаму Алексіевіч не даспадобы ўладам? Бо кажа праўду!»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:33 0:00

«Учора славутай беларускай пісьменьніцы Сьвятлане Алексіевіч, якая жыве ў гэтым доме, уручылі Нобэлеўскую прэмію. Беларускія ўлады і афіцыйныя мэдыі праігнаравалі гэту падзею. Як вы лічыце — чаму? Як да гэтага ставіцеся?»

Вартаўнік на аўтастаянцы: «Так, ведаю, што яна жыве ў гэтым доме. А чаму ўлады праігнаравалі — не кантактуюць яны. Па вялікім рахунку, яна не даспадобы ўладам — кажа праўду. Таму такіх людзей не заўважаюць. Гэта ненармальная сытуацыя, але што зробіш, калі ў нашай краіне аўтарытарная ўлада? І выказваць сваё меркаваньне, калі яно не супадае зь меркаваньнямі ўлады, небясьпечна. Проста небясьпечна».

Працаўнік крамы, разьмешчанай у доме: «Сьвятлана Алексіевіч піша вельмі цяжка. Я спрабаваў чытаць, і мне не спадабалася. Але гэта маё, выключна суб’ектыўнае меркаваньне. Калі ёй далі Нобэлеўскую прэмію, то гэта заслужана. А чаму і як улады ставяцца — ня ведаю. Я ня бачу, каб быў які перасьлед адносна яе, а тое, што павіншавалі ня ў першую чаргу — гэта асабістае права чалавека, а ня ўлады. Усё ж яна пісьменьніца, а ня нейкі палітычны дзеяч».

Юначка: «Я ўвогуле ні пра якую прэмію ня ведаю, таму са мной не мае сэнсу пра нешта размаўляць».

Музыка: «Менавіта нашым урадам не ўшанаваная? Шмат розных варыянтаў на гэты конт можна абмяркоўваць, але ня ў голас... Я асабіста... гэта проста небясьпечна. А так, вядома, я сам асабіста за гэтым сачу, што і як яна гаворыць — мне якраз вельмі падабаецца, што яна гаворыць. Яна якраз адкрыта ўсё гэта кажа. Многія баяцца, а яна за ўсіх сказала».

Студэнтка: «Наколькі я ведаю, пэўна, ня ўсе разумеюць яе творчасьць, ня ўсім падабаецца, як яна адкрыта гаворыць пра тое, што было. А нейкія часткі гісторыі жадаюць схаваць і не паказваць людзям. А я думаю, што гісторыя ёсьць гісторыя. І хто як бы да яе ня ставіўся — гэта было і навошта яго хаваць?»

Пэнсыянэр: «Зразумела чаму: па-першае, з уладаю не кантактавала, жыла за мяжой. Таму рэакцыя натуральная, хоць і няправільная, я лічу. Бо ўпершыню беларуская пісьменьніца атрымала такую прэстыжную прэмію. І калі б гэта быў нехта набліжаны да ўладаў, то ўжо трындзелі б! Гэта няправільна — трэба ганарыцца».

Былая супрацоўніца ўрадавых структур: «Так, ведаю, што Алексіевіч жыве ў гэтым доме і ўручэньне прэміі ўчора празь інтэрнэт глядзела. А чаму ўлады праігнаравалі? Бо яна не даспадобы ўладам. Я магу зараз спакойна пра ўсё меркаваць, бо маю мізэрную пэнсію і далей мне падаць больш няма куды. Я ня ведаю, куды мы зараз трапілі — мы трапілі ў бязьмежжа. І крыўдна тое, што мы зараз ня людзі, а рабы запалоханыя. Страшна тое, што нашых дзяцей нічога добрага не чакае, калі мы будзем такімі людзьмі бязвольнымі. Як казалі мае былыя калегі ў замежных справах: „Можа, так і трэба?“ — гэта толькі ў беларусаў такое. Вось вайны няма — і добра. Вось так вайной мы і славімся. А ў мяне яшчэ лецішча каля „лініі Сталіна“ — гляджу на гэтую вакханалію і не разумею — гэта прапаганда вайны такая? І навошта мы Сталіна праслаўляем? У мяне таксама сваякі рэпрэсаваныя ёсьць. Дзе мы жывем — ня ведаю. Страшна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG