Янку Брылю — 100
4 жніўня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэньня народнага пісьменьніка Беларусі Янкі Брыля. Клясык беларускай літаратуры пражыў доўгае і насычанае жыцьцё, аднак некаторыя старонкі біяграфіі дагэтуль закрытыя нават ад ягоных калегаў па цэху.
- Біяграфія Янкі Брыля
- Паслухаць Брыля. Народны пісьменьнік чытае ўрыўкі з апошняй кнігі «Парастак» (+аўдыё)
- Янка Брыль, чалавек дажджу. Блог Аляксандра Лукашука
- Як Янка Брыль узгадаваў Вольгу Іпатаву да старшыні Саюзу пісьменьнікаў
- Анатоль Сідарэвіч пра Брыля. Блог
Піша Адам Глобус.
У пасьляваеннай беларускай літаратуры было шмат пісьменьнікаў высокага росту. Чуў і пра такое...
Напрыканцы саракавых гадоў на нейкі чарговы зьлёт літаратараў у Маскву прыехалі маладыя беларускія празаікі Навуменка, Мележ і Брыль. Крытыкі жартавалі, што цяпер у беларускую літаратуру бяруць толькі высокіх хлопцаў.
Ня ведаю, як астатнія, а Янка Брыль ганарыўся сваім ростам. Шмат пра яго казаў і пісаў. Ажно пакуль не пачуў заўвагу ад Ларысы Геніюш.
Устаючы на банкеце, Брыль каленам зачапіў стол з бутэлькамі да талеркамі. Зазьвінеў посуд. Добра, што тым разам нічога не перакулілася і не пабілася. Янка Брыль, каб пераадолець няёмкую цішыню, паўжартам сказаў: «Які ж я вялікі!»
Брыль нават самыя сурʼёзныя рэчы любіў казаць з усьмешачкай. Ларыса Геніюш не прымала такую іранічную танальнасьць у размове і сказала проста: «Ты не вялікі. У цябе ногі доўгія!»
Брыль зазлаваў, але пярэчыць апальнай паэтцы ня стаў. Нашто? Калі адкінуць усё малазначнае, дык у параўнаньні з той жа ж Геніюш пісьменьнік Янка Брыль і народны, і дальнабачны, і вялікі.