Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бот кайзэра — чужы, а вось расейскі — свой. Як Лукашэнка прызнаўся, што не прымае БНР


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка не прымае БНР ні палітычна, ні мэнтальна. У чым сам шчыра прызнаўся.

Інтэлектуальныя спрэчкі прайшлі міма

20 сакавіка на сустрэчы з моладзьдзю кіраўнік Беларусі распавёў пра сваё стаўленьне да 100-годзьдзя БНР. Каштоўнасьць гэтых разважаньняў у тым, што яны былі зробленыя ў свабоднай размове, без паперкі. Менавіта ў такіх сытуацыях у Лукашэнкі на паверхню, у публічную прастору выходзіць ня толькі сьвядомае, але і падсьвядомае, выяўляюцца палітычныя інстынкты.

Мінулым разам Лукашэнка выказваўся наконт БНР, выступаючы на ўрачыстым сходзе, прысьвечаным чарговай гадавіне Дня Незалежнасьці 1 ліпеня 2017 году. І тое выказваньне было значна больш станоўчае, чым цяпер. Тады ён казаў:

«Былі мужныя, часам утапічныя спробы самавызначэньня. Некаторыя дзеячы, адухоўленыя высокімі ідэямі, так і не зразумелі таго, што незалежнасьць і свабоду войскі кайзэраўскай Нямеччыны не прынясуць ніколі. Яе творцам можа быць толькі сам народ, яго воля, калектыўны розум і лідэры».

Але тая фраза была напісаная сьпічрайтэрамі. А цяпер ён выказваў уласныя думкі, казаў ад душы. І гэта больш цікава і шчыра.

Што пра БНР кажуць беларускія міністры, чыноўнікі і Лукашэнка

Першае, што адзначыў Лукашэнка: падзеі тых часоў дагэтуль мала вывучаныя, а інфармацыя, якая існуе, супярэчлівая.

«Я зараз папрасіў, каб мне яшчэ раз далі (хоць я і гісторык па першай адукацыі) даведку пра ўсё, што зьвязана зь Беларускай Народнай Рэспублікай — БНР», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Тэзіс вельмі дзіўны. Бо ён не адпавядае рэчаіснасьці. Апошнія 30 гадоў гэтая старонка беларускай гісторыі якраз найбольш вывучаная. Бо яна — галоўны пункт ідэйнай барацьбы ў грамадзтве. Усе інтэлектуальныя спрэчкі паміж гісторыкамі, увогуле гуманітарыямі, палітыкамі круцяцца вакол згаданай тэмы. Бо гэта пытаньне ня толькі вытокаў беларускай дзяржаўнасьці, але і спосабаў фармаваньня ідэнтычнасьці беларускай нацыі.

То бок высьвятляецца, што ўсе інтэлектуальныя і палітычныя жарсьці, дыскусіі, абмеркаваньні вакол БНР апошніх трох дзясяткаў гадоў прайшлі міма кіраўніка дзяржавы. Гэта тым больш дзіўна, што сам Лукашэнка па першай адукацыі гісторык. Але ў 2007 годзе, адказваючы на пытаньні расейскіх журналістаў, кіраўнік Беларусі прызнаўся, што кніжак не чытае («Усе кніжкі я прачытаў раней»). Мусіць, яны замінаюць гуляць у хакей.

Каштоўнасная роднасьць з электаратам

У гэтым сваім прагматызьме Лукашэнка шчыры. Ён адэкватна адлюстроўвае сьветапогляд свайго электарату, у тым ліку і яго адукацыйны, інтэлектуальны ўзровень. А беларускага абывацеля гэтая тэма мала хвалюе. І цяперашнія разважаньні Лукашэнкі — гэта меркаваньні, стэрэатыпы, інстынкты, каштоўнасьці сярэдняга беларуса. Перавага Лукашэнкі над іншымі палітыкамі ў тым, што яму ня трэба прыстасоўвацца да свайго электарату. Ён вельмі натуральны ў сваёй роднасьці зь ім.

Нічога дзіўнага, што ягоныя ўяўленьні пра БНР даволі скажоныя. Напрыклад, ён кажа: «У асноўным я ведаю, што там было, хто там да кайзэра хадзіў». Насамрэч да кайзэра ніхто не хадзіў, толькі тэлеграму паслалі.

Гісторык адказаў Давыдзьку пра БНР, кайзэра і Гітлера

Ці развагі пра Першы Ўсебеларускі зьезд: «Бальшавікі разагналі зьезд, спалохаўшыся, што гэтая частка імпэрыі можа адкалоцца». Маўляў, як толькі заўважылі, што гучаць заклікі адкалоцца ад усёй краіны, яны яго разагналі.

На мой погляд, справа ня ў закліках да незалежнасьці, якія на зьезьдзе былі вельмі цьмяныя. Праблема ў тым, што зьезд прэтэндаваў на ўладу над Беларусьсю. І тутэйшыя бальшавікі, якія гэтай уладай валодалі, адчулі канкурэнцыю, небясьпеку. А канкурэнтаў яны не цярпелі, ліквідавалі. Што ў Петраградзе, разагнаўшы Ўстаноўчы сход, што ў Менску, разагнаўшы Першы Ўсебеларускі зьезд.

Галоўная выснова Лукашэнкі датычна БНР зводзіцца да вельмі простых пастулятаў: гэта была памылка.

«Добрая гэта старонка ў нашай гісторыі? Напэўна, не зусім... Але ганарыцца гэтым, калі гэта было так, ня трэба, — адзначыў Лукашэнка. — Гэта была сумная старонка, і ў гісторыі многіх народаў такіх сумных старонак была маса».

І тут прагучала дзіўнае, нават абсурднае параўнаньне з фашыстоўскай Нямеччынай, Галакостам. Здавалася б, што да чаго? Але калі меркаваць пра складаную гісторыка-палітычную праблему з пазыцыі абывацеля, то ўсё становіцца больш зразумелым. Калі звычайны беларус хоча зьняважыць свайго апанэнта, ён вешае на яго таўро. Найбольш распаўсюджаная вэрсія гэтага таўра звычайна такая: ты фашыст! Ва ўяўленьні беларуса нічога горшага за гэтую зьнявагу не існуе. (Сёньня ў Расеі зьявіўся новы варыянт падобнай лаянкі — бандэравец.) Вайна, фашызм — гэта ці не адзіная падзея ў гісторыі, якая ў беларускай масавай сьвядомасьці выклікае водгук і эмоцыі, чапляе яе. Вось і ў Лукашэнкі спрацаваў стэрэатып, інстынкт беларускага абывацеля.

Чаму Лукашэнка не прымае БНР

Дык чаму ж БНР выклікае ў Лукашэнкі адмоўныя эмоцыі? Зь ягоных развагаў вынікае, што тут існуюць дзьве палітычныя і адна мэнтальная прычыны.

Найперш, кіраўнік Беларусі баіцца, што прызнае правільнасьць, гістарычную рацыю сваіх палітычных апанэнтаў, БНФ:

«Цяпер я чую, БНФ сучасны... паралелі праводзіць: вось мы БНФ, сёньня Лукашэнка робiць тое, што мы казалi. Ды бог з вамі. Вы толькі і рабілі тое, што казалi і настройвалі рускіх, украінцаў і іншых супраць сябе».

Другая прычына. Для Лукашэнкі нацыяналізм палітычна небясьпечны, бо, на ягоную думку, стварае дадатковыя канфлікты ў грамадзтве, што можа сапсаваць адносіны з Расеяй. І тут ён праводзіць паралелі з Украінай:

«Ня трэба гэта пэдаляваць, падстаўляцца нельга. Як гэта зрабіла Ўкраіна. Ну навошта трэба было кастыляць рускіх, рускую мову? Калі вы хочаце, каб усе размаўлялі на ўкраінскай, чытай — на беларускай мове, — гэта трэба рабіць акуратна».

Нарэшце, трэцяя прычына — мэнтальная, каштоўнасная, сьветапоглядная. Зьвярніце ўвагу, галоўнае абвінавачаньне, якое вылучаецца на адрас айцоў-заснавальнікаў БНР — гэта тэлеграма кайзэру: «Ад аднаго бота з усходу пабеглі на захад пад бот кайзэра». І вось тут высьвятляецца, што гэтыя боты, з гледзішча Лукашэнкі, не зусім аднолькавыя. Бот кайзэра — чужы. А вось расейскі бот — свой.

«Ня трэба гэта пэдаляваць, нават калі вы вельмі ненавідзіце ўсё расейскае — а з гэтага ўсё пачыналася, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Рускія — гэта нашы браты. Яны розныя, бываюць добрыя і дрэнныя. Бывае, і малако не пускаюць, і цукар не дазваляюць там прадаць, і нафту перакрыюць, і газ. Усякае бывае... Але гэта ня значыць, што гэта нашы ворагі. Нам хто перш за ўсё руку дапамогі працягне? Рускія. Усё роўна, якая прычына ў аснове гэтага будзе ляжаць».

Хоць палітычна Лукашэнка асьцерагаецца, разумее небясьпеку «русского мира», але падсьвядома, каштоўнасна ён там жыве, гэта яго духоўны сьвет. Няхай і ўвасабляецца ў выглядзе бота. І вось гэта самае галоўнае.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Адказ Лукашэнку: стваральнікі БНР — Supermen & Wonder Women

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG