Актывіст «Моладзі БНФ» зь Берасьця Максім Солад зьвярнуўся ў міністэрства ўнутраных справаў Беларусі з патрабаваньнем даць прававую адзнаку выказваньням расейскага палітыка Ўладзімера Жырыноўскага адносна Беларусі, а таксама разглядзець пытаньне аб забароне яму ўезда ў Беларусь.
Падставай стала заява дэпутата Дзярждумы, якая, як лічыць аўтар звароту, пасягае на тэрытарыяльную цэласнасьць і незалежнасьць Беларусі:
«Што хоча Лукашэнка? Асобную дзяржаву, але цэны няхай будуць унутрырасійскімі. З якой нагоды? Тады давайце вы будзеце часткай нашай дзяржавы».
Паводле расейскіх мэдыяў, гэтак намесьнік сьпікера Дзярждумы Ўладзімер Жырыноўскі пракамэнтаваў выказваньні Аляксандра Лукашэнкі падчас размовы з журналістамі, якая адбылася 2 лютага. Лукашэнка ў размове з журналістамі паведаміў пра намер кіраўніцтва Расеі скараціць пастаўкі нафты ў Беларусь і абураўся тым, што гэта выкарыстоўваецца ў якасьці «шантажу».
Актывіст зь Берасьця зьвярнуў увагу, што выказваньні, які ставяць пад сумнеў незалежнасьць Беларусі, гучаць з вуснаў Жырыноўскага ўжо не першы раз.
«Беларуская ўлада ніяк не рэагуе на падобныя заявы і такім чынам дазваляе публічна прыніжаць краіну ды пасягаць на тэрытарыяльную цэласнасьць Рэспублікі Беларусь», — адзначае, паводле прэсавай службы арганізацыі, яшчэ адзін актывіст «Моладзі БНФ», кіраўнік лідзкай суполкі арганізацыі Аляксей Маркевіч.
«Мы лічым вельмі важным рэагаваць на дадзеныя выпадкі, каб паказаць нашу рашучасьць абараняць тэрытарыяльную цэласнасьць і незалежнасьць Рэспублікі Беларусь», — таксама заявіў сябра Рады Моладзі БНФ Мікіта Краснакуцкі.
«Нягледзячы на адказ МУС РБ мы будзем і надалей рабіць усё дзеля таго, каб абараніць незалежнасьць і сувэрэнітэт нашай краіны. Кожны павінен зразумець, што наша краіна зьяўляецца самастойнай і толькі беларускі народ можа вырашаць, куды яму ісьці і што рабіць. Мы з радасьцю чакаем гасьцей у нашай краіне, але вельмі важна, каб госьці не забывалі, што яны госьці», — лічыць намесьнік кіраўніка «Моладзі БНФ» Аляксей Дарашэнка.