Дырэктарка тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рымашэўска-Гузы прызналася Свабодзе, што ня мае рэцэптаў, як абараніць сваіх пазаштатных карэспандэнтаў ад рэпрэсіяў з боку беларускіх уладаў.
У судзе Дзяржынскага раёну 1 чэрвеня адбудзецца суд над незалежнай журналісткай Вольгай Чайчыц, якая перадала для тэлеканалу «Белсат» свой відэасюжэт.
Суд як прыклад парушэньня свабоды слова
Матэрыял выйшаў у сярэдзіне красавіка. Вольга Чайчыц разам з апэратарам спрабавалі трапіць на грамадзкія слуханьні ў Фаніпалі, дзе абмяркоўваўся генэральны плян гораду, у прыватнасьці — знос 250 жылых дамоў і будоўля на іх месцы шматпавярховікаў. Але міліцыянты не пусьцілі здымачную групу ў залю. Пра гэта Вольга і распавяла ў сюжэце для тэлеканалу «Белсат»:
«Гэта парушэньне і Канстытуцыі, і закону аб мэдыях. Як толькі мы ўключылі камэру, кіраўнік фаніпальскай міліцыі Генадзь Матусевіч схаваўся за дзьверы», — сказала Вольга ў тым сюжэце.
Неўзабаве Вольгу выклікалі ў пастарунак міліцыі, дзе склалі пратакол аб адміністрацыйным парушэньні паводле артыкула 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ).
У якасьці сьведак у справе фігуруюць жыхары Фаніпаля, якія адказвалі на пытаньні журналісткі.
«Фармальна суд будзе за працу без акрэдытацыі. Але гэты артыкул мае распаўсюджваецца на выданьні, а не на журналістаў. На жаль, у Беларусі практыка такая, што судзяць менавіта журналістаў, нягледзячы на тое, што іх праца ў рамках канкрэтнага СМІ патрабуе грунтоўных доказаў. Тое, што нечы матэрыял выйшаў на нейкім канале, не азначае што гэты чалавек — супрацоўнік гэтага СМІ. Сёньня любы, у каго ёсьць мабільны тэлефон, можа зьняць сюжэт, выкласьці яго ў інтэрнэт, дзе такое відэа можа скарыстаць любая рэдакцыя», — распавяла Вольга Чайчыц Свабодзе.
За час працы незалежным журналістам Вольга ўжо назьбірала багата папярэджаньняў з боку пракуратуры, але ў суд пойдзе ўпершыню.
Незалежная карэспандэнтка падкрэсьліла, што зьбіраецца працягваць журналісцкую дзейнасьць:
«Я лічу, што гэты суд — прыклад таго, як парушаецца свабода слова. На тое слуханьне, якое адбывалася ў Фаніпалі, міліцыя ня мела права не пускаць мяне зь дзьвюх прычын: па-першае, я сама жыхарка Фаніпаля, па-другое, кожны чалавек мае права зьбіраць і распаўсюджваць інфармацыю».
Белсат: Што мы можам зрабіць зь дзеяньнямі адміністрацыі Лукашэнкі?
Дырэктар тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рымашэўска-Гузы адзначыла, што пытаньне працы журналістаў-фрылансэраў застаецца вельмі балючым для каналу:
«Мы ня маем магчымасьці тут нешта зрабіць. Але разумеем, што справа фрылансэраў у Беларусі цяпер вельмі важная. Я ведаю, што БАЖ увесь час справядліва акцэнтуе ўвагу на гэтае пытаньне. Мы, вядома, будзем старацца дапамагчы нашай каляжанцы. Але што мы можам зрабіць зь дзеяньнямі адміністрацыі прэзыдэнта Лукашэнкі? Я не разумею, чаму рэгулярна і сыстэматычна рэпрэсуюць нашых журналістаў. Для чаго гэта робіцца? Ці гэта крок у бок Эўропы? Ня ведаю. Гэта ня рух у бок Эўропы, наадварот — гэта адварочваньне ад Эўропы. Відавочна, што Белсат гэтаму ня можа даць рады. Ведаю, што пытаньне пра статус журналістаў, якія працуюць на Белсат, узьнятае на міжурадавым узроўні паміж Польшчай і Беларусьсю. Спадзяюся, што калі-небудзь гэта дасьць эфэкт. Але, зь іншага боку, калі ў Беларусі застаюцца палітвязьні, то, можа, улады і не цікавяць такія пытаньні, як стаўленьне да журналістаў-фрылансэраў».
Летась аштрафавалі 11 фрылансэраў, сёлета — 7
Паводле маніторынгу стану СМІ, які штоквартал робіць БАЖ, у першым квартале 2015 году працягнуўся судовы перасьлед журналістаў за супрацу з замежнымі СМІ без акрэдытацыі. Сямёра журналістаў у Берасьці і Гомелі былі аштрафаваныя на сумы ад 20 да 40 базавых велічыняў.
У 2014 годзе па абвінавачаньні ў працы для замежных СМІ без акрэдытацыі ў Беларусі было ўзбуджана 14 адміністрацыйных спраў, 11 зь якіх скончыліся для журналістаў штрафамі.
Большасьць гэтых журналістаў — фрылансэры, якія супрацоўнічаюць са СМІ, якія існуюць пры падтрымцы польскага ўраду — гэта тэлеканал «Белсат» і Радыё Рацыя. Агнешка Рымашэўска-Гузы лічыць, што такім чынам Беларусь жадае паказаць: нягледзячы на пэўныя дыпляматычныя прасоўваньні ў дачыненьнях паміж Польшчай і Беларусьсю, улады не становяцца лібэральнымі:
«Калі ідзе размова пра нашых журналістаў, тых, якія супрацоўнічаюць зь Белсатам, то іх проста шмат. Яны працуюць у розных гарадах, і ёсьць райцэнтры, дзе карэспандэнт нашага каналу — адзіны журналіст. А другая прычына, якую я заўважыла, калі была ў Беларусі пасьля 10 гадоў забароны на ўезд, — тое, што беларускія ўлады робяць адзін крок наперад і адзін назад. Тое, што цяпер адбываецца, — гэта крок назад. З аднаго боку, беларускія ўлады штрафуюць нашых карэспандэнтаў, а з другога — мне даюць візу ўпершыню за 10 гадоў і ўсьміхаюцца нашаму міністру замежных спраў. Але ўсё ж Беларусь робіць усё, каб не было бачнасьці, што ўлады надта лібэральныя».
Беларускамоўны тэлеканал «Белсат» уваходзіць у склад Польскага тэлебачаньня, у эфіры з 2008 году, перадаецца праз спадарожнік.