Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы чакаюць, што ўладу за іх памяняе нехта іншы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ужо 10 дзён патэнцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта і чальцы іхнніх камандаў размаўляюць з выбарцамі, стаяць у пікетах, абыходзяць кватэры. Збор подпісаў — гэта тая магчымасьць, калі можна шчыра паразмаўляць зь людзьмі, даведацца іх настрой, зразумець, на што трэба зьвярнуць больш увагі ў выбарчай кампаніі. Якія ўражаньні ва ўдзельнікаў выбарчай гонкі-2015?

Калякін: беларусы чакаюць цудатворцы

Патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта ад партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін кажа, што шмат хто зь беларусаў не разумее, навошта патрэбныя выбары і што яны вырашаюць у людзкім лёсе:

Сяргей Калякін
Сяргей Калякін

«Я пабываў ужо на буйнейшых менскіх заводах — аўтамабільным, трактарным, падшыпнікаў... І ўсюды людзі прамінаюць усіх: і прадстаўнікоў улады, калі прафсаюзы і БРСМ зьбіраюць подпісы за Лукашэнку, і нашы пікеты. Асноўная маса ідзе, быццам іх гэта зусім ня тычыцца.

Тыя, хто спыняецца, скардзяцца: жыцьцё стала горшае, заробкі меншыя, працы меней... Але агульнае ўражаньне — і яны слаба ўспрымаюць выбары як інструмэнт, каб зьмяніць вэктар разьвіцьця краіны і зьмяніць іх жыцьцё.

І яшчэ адно назіраньне — людзі чакаюць. Чакаюць, што зьявіцца нейкі Бэтман, нейкі цудатворца альбо яшчэ нехта, хто вырашыць усе іх праблемы. Але бязь іх удзелу. Яны вельмі б хацелі, каб нешта зьмянілася, але бязь іх. Аднак такога ж не бывае.

І самае страшнае, што гэткі стан людзей вельмі небясьпечны для будучыні нашай краіны. Такі стан абыякавасьці пераходзіць у стан азлобленасьці і пагражае бунтам».

Лябедзька: уражаньні ня чорна-белыя

Прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька пасьля сустрэчаў з выбарцамі лічыць, што пра сёлетнюю выбарчую кампанію нельга казаць толькі нэгатыўна альбо толькі пазытыўна:

Анатоль Лябедзька падчас збору подпісаў каля МТЗ
Анатоль Лябедзька падчас збору подпісаў каля МТЗ

«З аднаго боку, я канстатую: улада з выбарчай сыстэмай прыйшла ў тупік. Цікавасьці да выбарчай кампаніі, нават прэзыдэнцкай, няма. У людзей не гараць вочы. Яны хочуць пераменаў, але не глядзяць на выбары як на інструмэнт пераменаў. Тут не адчуваецца непасрэднай сувязі.

Разам з тым, калі размаўляеш зь людзьмі, а для мяне гэта ня 10 дзён, а ўжо два месяцы вандровак па рэгіёнах, бачыш, што ёсьць высокая цікавасьць да нашага пасланьня „Мільён новых працоўных месцаў“. Гэта людзей рэальна хвалюе. Аднак яны, ставячы подпіс за нашу праграму, за мяне асабіста, адначасова кажуць: мы ня верым, што ў нас нешта зьменіцца, у нас альбо ня лічаць галасы, альбо мы ідзем, галасуем-галасуем, а ў выніку атрымліваецца зусім іншае.

Думаю, уладзе трэба задумацца, што рабіць. Бо гэта першая прэзыдэнцкая кампанія з такой нізкай цікавасьцю. То бок ёсьць цікавасьць да пераменаў, але няма цікавасьці да выбарчай кампаніі».

Раманоўская: у мяне часта пытаюцца, ці не баюся я ісьці на прэзыдэнта

Выкладчыца музыкі, псыхоляг-пэдагог па адукацыі Жана Раманоўская, безумоўна, самая таямнічая з прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта, бо пра яе амаль нічога не вядома. Свабодзе спадарыня Раманоўская кажа, што на ўласным досьведзе прайшла празь бюракратызм, адпіскі, карупцыю і таму хоча шмат што зьмяніць у Беларусі. Да таго ж, паводле яе словаў, яна ўжо мае 16 гадоў юрыдычнай практыкі.

Што найбольш кідаецца ў вочы на гэтай выбарчай кампаніі новаму для беларускай палітыкі чалавеку?

«У людзей часта ўзьнікае пытаньне: ці не баюся я ісьці ў прэзыдэнты? З практыкі мінулых выбараў такое пытаньне ўзьнікае. І ці ня будзе нейкіх наступстваў выбарцу, які паставіў свой подпіс? Шмат хто выказвае няўпэўненасьць, што выбары пройдуць празрыста. І шмат хто ўжо ўпэўнены, чыю кандыдатуру зацьвердзяць пераможцам на гэтых выбарах. Але калі я пачынаю адказваць і тлумачыць, то ўсе звычайна за мяне падпісваюцца.

Вельмі многія вітаюць, што жанчына нарэшце ўдзельнічае ў выбарах. Ім падабаецца, што я настаўніца. І толькі некаторая частка мужчынскага насельніцтва сумняваецца ў тым, што хтосьці, асабліва жанчына, можа ў прынцыпе перамагчы на выбарах, акрамя нашага дзейнага нумар адзін».

Збор подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта працягнецца па 21 жніўня ўключна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG