Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці Лябедзьку спрабавалі не пусьціць на рынак


Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

Патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька наведаў Берасьце, дзе актывісты зьбіраюць подпісы ў яго падтрымку.

Паход Лябедзькі з паплечнікамі на рынак ледзь не сарваўся пасьля таго, як супраць гэтага выступіла адміністрацыя ЦУМа, якой таксама належыць і рынак, апавёў намесьнік старшыні АГП Уладзімер Вуек:

«Сябра нашай ініцыятыўнай групы нам сёньня патэлефанаваў і паведаміў, што ўзьнікла пытаньне з правядзеньнем мерапрыемства на рынку. Дырэкцыя ЦУМа спрабавала не дапусьціць мерапрыемства. Але пасьля нашага звароту ў тэрытарыяльную выбарчую камісію пытаньне было зьнятае, калі з камісіі патэлефанавалі дырэктару».

У выніку Анатоль Лябедзька наведаў рынак, дзе разам зь сябрамі сваёй каманды сабраў некалькі дзясяткаў подпісаў за сваё вылучэньне.

Прадпрымальнікі, як неаднаразова заяўляў Лябедзька, — адна з асноўных ягоных мэтавых групаў. Таму на рынку за берасьцейскім ЦУМам палітыка сустрэлі прыязна, многія яго пазнавалі, гучна выказвалі сваю падтрымку і абяцалі за яго галасаваць. Хаця раз-пораз здараліся й дыскусіі, збольшага пра зьнешнепалітычны курс краіны ў выпадку прыходу Анатоля Лябедзькі да ўлады.

Некаторыя прадпрымальніцы самі падыходзілі да Лябедзькі і выказвалі падтрымку
Некаторыя прадпрымальніцы самі падыходзілі да Лябедзькі і выказвалі падтрымку

Анатоль Лябедзька дыскутуе з прадпрымальнікам
Анатоль Лябедзька дыскутуе з прадпрымальнікам

«Атмасфэра вельмі добрая на рынку, пазытыўная. Яшчэ раз упэўніўся ў тым, што мы з індывідуальнымі прадпрымальнікамі — адной групы крыві. У нас аднолькавае бачаньне ацэнкі сытуацыі, асабліва эканамічнага складніку. І плян дзеяньняў — таксама супольны. Я ўжо агучваў, што мы прапануем індывідуальным прадпрымальнікам у часе нашага ўдзелу ў парлямэнцкай кампаніі аддаць 15-20 працэнтаў месцаў. Мы за такі палітычны хаўрус, бо ён сасьпеў», — апавёў Анатоль Лябедзька пасьля наведваньня рынку.

Толькі на адным рынку сабралі некалькі дзясяткаў подпісаў
Толькі на адным рынку сабралі некалькі дзясяткаў подпісаў

Таксама 31 ліпеня лідэр АГП наведаў «Цэнтральны» рынак у Берасьці ды пікет па зборы подпісаў каля кінатэатра «Беларусь». 1 жніўня Анатоль Лябедзька будзе ўдзельнічаць у цырымоніі з нагоды Дня гораду ў Берасьці.

Супольны пікет за Сяргея Калякіна і Анатоля Лябедзьку на Савецкай вуліцы ў Берасьці
Супольны пікет за Сяргея Калякіна і Анатоля Лябедзьку на Савецкай вуліцы ў Берасьці

Сытуацыя канфлікту зборшчыкаў подпісаў з гаспадарамі рынку на Берасьцейшчыне сёньня была не адзінай. У Мікашэвічах дырэктар рынку прагнаў пікет за Тацьцяну Караткевіч, які ладзіў сябра БСДП(Г) Віталь Каліноўскі. Не дапамагло тлумачэньне спадара Каліноўскага, што тут раней стаяў пікет за Аляксандра Лукашэнку. У гэтым выпадку сытуацыя таксама вырашылася на карысьць зборшчыка подпісаў пасьля тэлефанаваньня ў выбарчую камісію.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG