Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія школьнікі ўзялі ўдзел у зборах баевікоў у Падмаскоўі — неафіцыйна, у складзе груп Расеі, ЛНР і ДНР


Паводле інфармацыі сайту групоўкі расейскіх нэанацыстаў «E.N.O.T. CORP», міжнародныя ваенна-патрыятычныя зборы ў гонар сьвятога Дзьмітрыя Данскога прайшлі 9–11 верасьня. Беларускія дзеці ўзялі ў іх удзел, «не рэгіструючыся», каб ня выклікаць шквал абурэньня на радзіме.

У зборах таксама ўзялі ўдзел падлеткі з розных рэгіёнаў Расеі і з самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР».

У артыкуле гаворыцца, што пасьля мінулых збораў, у якіх бралі ўдзел беларускія дзеці, дома на іх «абрынуліся магутным шквалам лібэралы, бандэраўцы, нацыяналісты», у выніку чаго клюб быў раздушаны. Таму цяпер беларускія ўдзельнікі не рэгістраваліся на зборах, а ўдзельнічалі ў складзе іншых камандаў — з Расеі, «ДНР» і «ЛНР».

«На мінулыя нашы зборы ў траўні гэтага году прыяжджала каманда з брацкай Беларусі. Паказала сябе выдатна, дзеці зьяжджалі радасныя, натхнёныя. Але вярнуліся дадому, і на іх абрынуліся магутным шквалам лібэралы, бандэраўцы, нацыяналісты і іншая падобная „грамадзкасьць“. А яна апошнім часам карыстаецца сакрэтнай, але цалкам адчувальнай падтрымкай беларускіх уладаў. Да ганеньня падключыліся школы, мясцовыя царкоўныя структуры і іншыя органы. Дзяцей і іх кіраўнікоў літаральна задзяўблі. Вылучаліся абвінавачваньні аж да таго, што яны рыхтуюць заваёву Беларусі Расеяй! У выніку клюб, які пабываў у нас, быў задушаны, раздаўлены і зачынены. І ўсё ж такі, нягледзячы на гэта, на цяперашнія зборы прыбыла іншая беларуская дэлегацыя. Але толькі і яна, і мы ўжо былі навучаныя сумным досьведам папярэднікаў. Каманда афіцыйна не рэгістравалася, пра сябе не заяўляла, а дзяцей далучылі да іншых клюбаў — яны выдатна знайшлі агульную мову з аднагодкамі. Чаго б не знайсьці, калі мова ў нас адна, мова сяброўства і патрыятызму, і дзяліць ім зусім няма чаго», — пішуць у справаздачы прадстаўнікі «E.N.O.T. CORP».

Баевікі не хаваюць, што некаторым удзельнікам няпроста прыяжджаць на зборы з прычыны «палітычных цяжкасьцяў»:

«У нас заўсёды цікава і даступна для ўсіх ахвотных. Гэтым разам пасьпела зарэгістравацца 19 камандаў колькасьцю ад 5 да 20 удзельнікаў рознага ўзросту. Ёсьць каманды студэнцкія, а ёсьць дзеткі гадоў 8–10. У нас яны стаяць у адным шыхце, і пра свой удзел не шкадуюць ні самыя старэйшыя, ні самыя малодшыя. Праграмы будуюцца так, каб падыходзілі кожнаму. [...] Менавіта з-за гэтага да нас прыяжджае ўсё больш камандаў здалёку, зь іншых гарадоў, а зь мінулага году — і зь іншых краін. Хоць ня ўсім гэта проста. У кагосьці грашовыя цяжкасьці, а ў кагосьці нават палітычныя», — пішуць на сайце «E.N.O.T. CORP», даючы справаздачы пра зборы 9–11 верасьня.

Некалькі месяцаў таму Віцебскі аблвыканкам пацьвердзіў, што беларускія падлеткі езьдзілі ў Расею на ваенізаваныя зборы, дзе інструктарамі былі баевікі дывэрсійна-штурмавой выведнай брыгады «Русіч».

Нагодай стаў зварот у прэзыдэнцкую адміністрацыю (зварот перанакіравалі да віцебскіх уладаў) ад аднаго зь беларускіх актывістаў, якога расейская ваенізаваная нацыяналістычная групоўка «E.N.O.T. Corp» унесла ў «расстрэльны сьпіс».

І хоць Віцебскі аблвыканкам адкрыта не асудзіў паездкі беларускіх дзяцей у расейскія вайскова-патрыятычныя лягеры, праз кароткі час тэлеканал АНТ у сваім сюжэце «Татуіроўкі за граньню маралі і закону: якая сымболіка падпадзе пад забарону?» закрануў тэму дзейнасьці расейскіх нацыстаў у Беларусі, падкрэсьліўшы яе небясьпеку.

У праваахоўных органах Беларусі заяўлялі, што інфармацыя пра ўдзел беларускіх падлеткаў у ваенна-патрыятычных зборах, арганізаваных нэанацыстамі, правяраецца і вывучаецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG